Спакойна, Маша! Я — Дуброўскі

Студэнты БДУК спяюць у Музычным тэатры мюзікл «Дуброўскі»

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у чаканні прэм’еры. Яго студэнты 30 мая іграюць у Музычным тэатры мюзікл «Дуброўскі». Такога, мабыць, яшчэ не бывала: недыпламаваныя артысты са спектаклем на прафесійнай сцэне.

Музыку да яго напісаў вядомы расійскі кампазітар Кім Брэйтбург, лібрэта па аднайменнай аповесці Аляксандра Пушкіна — знакаміты паэт-песеннік Карэн Каваляран. Рэжысёрска-пастановачную групу ўзначальвае заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Мікалай Андросаў. Рэжысёрам з беларускага боку выступае Аляксандр Вавілаў, прадзюсарам — Юрый Саваш. Курыруе працэс стварэння спектакля рэктар універсітэта Юрый Бондар. Мастацкі кіраўнік сумеснага праекта — заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, якая два гады таму стала загадчыцай універсітэцкай кафедры мастацтва эстрады.

Для будучых артыстаў адной тэорыі мала, прафесію трэба спасцігаць знутры, упэўнена гаворыць вядомая спявачка і прызнаецца, што, заняўшы адказны пост, захацела ўзбадзёрыць творчую атмасферу, уліць у дзейнасць кафедры новую кроў. Так з’явілася ідэя стварэння студэнцкага спектакля, якую падтрымалі і кіраўніцтва ВНУ, і маэстра Кім Брэйтбург.

З кампазітарам Ірына Дарафеева знаёмая ўжо каля васьмі гадоў. У яе рэпертуары ёсць яго песні, разам яны запісалі альбом «Дзяўчына на беразе», яна іграе ў яго мюзікле «Блакітная камея», які з поспехам ідзе ў Музычным тэатры.

Па словах спявачкі, першапачаткова менавіта гэты мюзікл разглядаўся для студэнцкай пастаноўкі. Але тады ўніверсітэт усё ж не рызыкнуў за яе ўзяцца, і спектакль паставілі ў Музычным тэатры. Ну а пасля таго як дзякуючы сродкам, вылучаным летась урадам, ВНУ значна падмацавала матэрыяльна-тэхнічную базу кафедры мастацтва эстрады, да размовы аб мюзікле вярнуліся зноў. На гэты раз гаворка ішла пра «Дуброўскага», прычым не пра аблегчаны варыянт вучэбнага спектакля, як планавалася раней, а пра пастаноўку, дзе ўсё «па-даросламу» — з улікам яе выхаду на прафесійную сцэну, з прыцэлам на гастрольныя выезды.

Далей былі строгія кастынгі, адбор двух складаў выканаўцаў і год рэпетыцый пад кіраўніцтвам маскоўскіх прафесіяналаў каманды Кіма Брэйтбурга. Работу па падрыхтоўцы праекта ўнеслі ў вучэбную праграму. Падключылі да рэпетыцыйнага працэсу і ўніверсітэцкіх педагогаў. У спектаклі задзейнічаны студэнты практычна ўсіх творчых спецыяльнасцей. Заспявалі не толькі будучыя эстрадныя вакалісты, але і харавікі-дырыжоры, рэжысёры, харэографы. Аркестр таксама свой, эстрадна-сімфанічны. Пабудавалі дэкарацыі, пашылі больш за сотню касцюмаў. На выхадзе — паўнацэнны мюзікл, з усімі складаль¬нікамі, не без гонару гаворыць Ірына Дарафеева.

Цікаўлюся: маўляў, яго ўдзельнікам за сесію можна не хвалявацца — усім «аўтамат»? Аказалася, не. Заліковую сесію зрабілі датэрміновай, а экзаменацыйная пачнецца пасля прэм’еры. Хаця шанц крануць сэрцы строгіх выкладчыкаў сваім выканальніцкім майстэрствам і вакалам у маладых артыстаў, напэўна, ёсць.

Пасля прэм’ернага паказу ў Мінску ўжо ў ліпені «Дуброўскага» чакаюць у Бабруйску і на «Славянскім базары ў Віцебску». Далей у новаспечанай трупы — канікулы. У чарговы раз да мюзікла вернуцца ў верасні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter