“Спадзяюся,мы вернемся да вытокаў”

Размова з мастацкiм кiраўнiком Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа Вiталем Баркоўскiм пачалася ў нас не за кубачкам гарбаты, а з таго, што рэжысёр па-гаспадарску пачаставаў мяне белымi грыбамi ўласнага салення. Такiх, як у Вiталя Мiхайлавiча, я яшчэ нiдзе не спрабавала: цэлыя, з апетытнымi капялюшыкамi, самi просяцца ў рот, смачныя — проста цуд. А завiтала я да вядомага беларускага рэжысёра, якi ўжо на працягу дзевяцi год жыве i працуе ў Вiцебску, напярэдаднi яго 60-гадовага юбiлею. З нагоды такой важнай у жыццi кожнага чалавека падзеi рэжысёр Баркоўскi апантана працаваў з акцёрамi над спектаклем “I смех, i слёзы, i Любоў” па матывах п’есы Уладзiмiра Набокава, паказ якога прымеркаваны да юбiлейнай вечарыны.

— Салiць белыя грыбы мяне навучыў мой настаўнiк, Мiкалай Феафанавiч Вайцянкоў. Не варыць, а залiваць кiпенем, на лiтр грыбоў лыжка солi. I ўсё. У такiм грыбе цэлая аптэка!
— Вiталь Мiхайлавiч, удакладнiце пра настаўнiка...
— Родам я з Мiханавiчаў, гэта ў прыгарадзе Мiнска, за Чыжоўкай. Мiкалай Феафанавiч выкладаў нямецкую i беларускую мовы ў Мiханавiцкай школе, а яшчэ рэдагаваў мае вершы.
— У Мiханавiчах часта даводзiцца бываць?
— Так. Там яшчэ мама жыве, ёй 83 гады. Яна добра спявае, запрашалi яе спяваць у царкву. У вайну яна служыла ў Маздоку на аэрадроме, там i пазнаёмiлася з бацькам. Каранi мацi у Краснадарскiм краi, потым яе сям’я пераехала ў Ялту, на Чорнае мора, дзядзька стаў вiнаробам, галоўным тэхнолагам Масандраўскага завода.
— З пачатку творчага шляху вы заваявалi амплуа рэжысёра-эксперыментатара. Але наватарства ў тэатральным жыццi не заўсёды задавальняе гледача. Прыгадайце, на якiя вашы пастаноўкi былi аншлагi?
— Iснуе агульная думка, што ў тэатры можна адпачыць. Таму з задавальненнем многiя iдуць на камедыю. Глядач звычайна з асалодай смяецца над недарэчнасцямi iншага чалавека. А грунтоўны твор, якi дае духоўны падмурак, усведамленне адносiн чалавека са Светам, гэта — для элiты, для дасведчаных. Я не прыгадваю аншлагаў на такiя спектаклi. Хiба што “Чорная панна Нясвiжа” Аляксея Дударава, наша назва — “Чорная нявеста”. Мы сыгралi больш за 100 спектакляў. Добры драматургiчны матэрыял з глыбокай распрацоўкай гiстарычнай фабулы адпавядае вечнай цiкаўнасцi чалавека да таямнiцы. У 1999 годзе спектакль быў названы лепшым у рэспублiцы. З цягам часу я прыйшоў да думкi, што трэба ўступаць традыцыйнасцi, класiчным падыходам. Як таго патрабуе глядач, якi выхаваны на гэтым.
— Пяць гадоў таму “коласаўцам” прысвоiлi высокi статус нацыянальнага тэатра. Гэта i абавязвае ўвесь калектыў, i дазваляе адкрыць для яго новыя магчымасцi. Як нацыянальны тэатр апраўдвае свой статус калектыўнага носьбiта нацыянальнай iдэi ў грамадстве?
— Я адчуў, як мае маладыя калегi, артысты i рэжысёры пачалi абуджацца. З павагай стаўлюся да гэтага, бо наша моладзь па-чалавечы глыбока перажывае ўсведамленне свайго “Я” — беларуса, асобы. Быць мастаком, якога прызначыў народ, твая дзяржава, — вялiкi гонар.
Калi Мiхась Краснабаеў паставiў “Ладдзю роспачы” Уладзiмiра Караткевiча, я пераканаўся, што гэты малады чалавек — асоба на нацыянальнай нiве. Твары акцёраў у гэтай пастаноўцы быццам дораць сваё святло глядзельнай зале. Беларусам нельга знiшчаць сябе, а браць лепшае ад вялiкiх нацый i не залежаць ад iх. Мы маем свой погляд на сусвет i павiнны ганарыцца сваёй гiсторыяй.
Канешне, нацыянальны тэатр не можа iснаваць без нацыянальнай драматургii. Але важна ставiць так пытаннi, каб нацыянальнае было не горш за сусветнае. Як гэта рабiлi Гусоўскi, Караткевiч, Быкаў, Стральцоў, Брыль, Колас, Купала, Адамовiч. Гэта волаты для мяне. Свет Коласа — гэта космас, такая глыбiня, якую Бог укладвае ў сапраўдных правадыроў сваёй нацыi.
— У лiстападзе тэатр адзначыў сваё 80-годдзе. Як такому сталаму калектыву пачуваецца ў сучасным жыццi?
— Мы застаёмся такiмi, якiмi i былi. Удасканальваецца толькi наш погляд на мастацтва i свет. Мы становiмся больш цярпiмымi.
Iдэальных адносiн з жыццём у мастацтве не было i не будзе. Жыццё ў мастацтве толькi звонку падаецца блiскучым, незвычайным. Фанатыкi ад тэатра абавязкова пярэчаць разумнаму жыццю ў мастацтве. Шлях тэатра — шлях да невядомага, да таго, што аказалася забытым цi далёка схаваным.
— Якiя прынцыпы вы як рэжысёр узялi за правiла ў адносiнах да акцёраў?
— Трупа выхоўваецца на прынцыпах годнага чалавека. Нават не дасягаючы нейкiх вяршынь, мы калектыўна ўплываем на грамадскую свядомасць. Ёсць артысты, якiя не атрымалi высокiх узнагарод, але яны лепшыя за тых, хто на вяршынi афiцыйнага прызнання. Гэта хiбы сённяшняга часу. Акцёр — гэта частка iдэалогii нацыi.
— Цi застаецца сёння акцёр сумленнем нацыi?
— У лепшых узорах — безумоўна. Як наш Рыгор Шацько, Валянцiн Салаўёў. Я магу назваць дзесятак прыкладаў...
— Тэатр многа ўдзельнiчае ў фестывалях за мяжой. Як успрымаецца беларускi тэатр там?
— У снежнi мы паказалi на мiжнародным фестывалi ў Яраслаўлi (Расiя) адноўленага “Несцерку”, там вельмi ўхвалiлi наш спектакль. Калi мы прыехалi ў Лондан, на фестываль “Усход iдзе на Захад”, нас успрымалi быццам мы з акраiны Расii, нас нiхто не ведаў. Але газета “Гардыен” назвала наш тэатр дыяментам. На Эдынбургскiм фестывалi за спектакль “Шагал... Шагал...” мы атрымалi галоўны прыз. Беларускi тэатр здзiўляе замежжа. У ЗША спектакль iшоў гадзiну 15 хвiлiн, а апладысменты доўжылiся больш. Узрушаны глядач цягнуўся размаўляць з акцёрамi. Там мы яшчэ паказалi “От цо да!” па Яновiчу. На Захадзе наш тэатр успрымаецца як тэатр новай эстэтыкi.
Для мастацтва не iснуе палiтычных межаў. Ёсць нешта большае за жыццё. Мастацтва — гэта прыклад для жыцця, а не само жыццё. Мастацтва вызначае погляд на складанасцi чалавечых адносiн, эпох, часу. Тое, што падсвядома гаворыць чалавеку быць чалавекам. Калi мы будзем гэта разумець, не ўзнiкне неабходнасцi iсцi пад танкi цi зносiць адзiн аднаму галаву. Людзi збяруцца i скажуць, што каштоўнасць, а што не, дзе анёлы, а дзе д’яблы.
Трэба шукаць выйсце з кожнай сiтуацыi праз высокую размову не ў падваротнi цi на пляцы, а ў Палацы.
— Што зараз на вашым рабочым стале?
— П’еса Вiктара Сафронава “Гала” пра свет мастака Сальвадора Далi. Гродзенскi драматург перадаў мне свой твор гады 3—4 назад, я ўвесь час пра яго думаю, мабыць, я яго баюся... Але прыйдзе час.
“Позняе каханне” Астроўскага рыхтуем спецыяльна для нашага Шмакава. Народны артыст Фёдар Шмакаў — вельмi паважаны i вельмi моцны чалавек. Бог даў яму столькi гадоў жыцця: 1 сакавiка споўнiцца 90 год. Гэта вялiкi талент. Разам з iм я магу павiншаваць i маю аднакурснiцу Святлану Акружную, якая змагла выстаяць у складанай барацьбе за жыццё.
— Вы адчуваеце сябе вольным творцам?
— Так. Але дадам — асобай трагiчнай. У мяне трое ўнукаў i восем дзяцей. Я не магу без сям’i.
Мне хочацца, каб адраджалася наша мова, каб было больш годнасцi ў беларусаў, каб мы ведалi сваю гiсторыю.
— Акрамя захаплення збiраць i салiць грыбы, чым яшчэ любiце займацца ў вольны час?
— Калiсьцi любiў шыць скураныя шапкi. I дарыў iх артыстам, таму што ў iх не было грошай. Я марыў вынайсцi сiстэму лекаў ад раку, эксперыментаваў на сабе. Белыя грыбы, чага, дзядоўнiк, мухамор, канюшына, вясёлка, глiна. Трэба падабраць правiльныя прапорцыi. Мая бабуля была знахаркай! Я бачыў, якiя шчаслiвыя людзi былi, калi хвароба адступала.
— А якi вы бацька?
— Я не ведаю, якi я муж, але бацька — сумленны, няжорсткi, нясквапны, добры. Сам магу збудаваць дом, пакласцi столь, падлогу, выкапаць калодзеж. Гэта цяжкая праца.
— Дзякуй за iнтэрв’ю. I няхай збываюцца ўсе вашы жаданнi.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter