У чым сакрэт шчасця сям’i Грыбоўскіх ?

Спадчынная мнагадзетнасць

У ВЁСЦЫ Бароўка, што ў Верхнядзвінскім раёне, жыве сям’я Эдуарда і Дзіны Грыбоўскіх. У ёй ажно дзевяць дзяцей. У доме дастатак, хаця да крамы ходзяць толькі па хлеб і малако. Дзеці абутыя, апранутыя, накормленыя, дысцыплінаваныя, добра вучацца, а самі гаспадары лічаць сябе самымі шчаслівымі людзьмі на свеце.


ПЕРШАЕ, што ўразіла, калі прыехаў на вуліцу Дзвінскую, дзе жывуць Грыбоўскія, — іх сядзіба. Прыгожы двухпавярховы дом прыцягваў увагу прадуманымі архітэктурнымі формамі, аздабленнем. У парканіку плялі рознакаляровыя ўзоры кветкі, па сцяне віўся вінаград з наліўнымі цяжкімі гронкамі ягад, а побач, у агародзе, вабілі чырванабокія яблыкі маладога саду. Сустрэў чамусьці толькі гаспадар, Эдуард Вітальевіч Грыбоўскі, статны маладжавы мужчына, з твару якога, здаецца, ніколі не сыходзіла прыязная шчырая ўсмешка. Ён павітаўся і прапанаваў напачатку агледзець гаспадарку, бо, як аказалася, не ўсе дзеці вярнуліся са школы, а жонка, Дзіна Серафімаўна, корміць двухгадовага Іллю. 

Мы прайшлі ля гаспадарчых пабудоў на выган, дзе скублі траву авечкі. Яны, мне падалося, былі дужа вялікія. 

— Курдзючна-эдзільбаеўская парода, — патлумачыў Эдуард. — Я прывёз іх з Расіі. Добра прыжыліся, не хварэюць і па вазе ў два разы цяжэйшыя. Баран на 80 кілаграмаў цягне. І мяса нашмат смачнейшае. Нарасхват. Наперад людзі заказваюць. У мяне пяць аўцаматак. Адна праблема, што яны прыводзяць па аднаму ягняці, але затое тыя нараджаюцца па 5—5,5 кілаграма і хутка набіраюць вагу. Трымаюць гаспадары авечак у загонах: менш клопатаў з выпасам і не наробяць шкоды суседзям. Але, як выявілася потым, авечкі — не адны на падвор’і Грыбоўскіх. У клетках утрымлівалася больш як паўтары сотні трусоў, а ў спецыяльнай агароджы з плеценага дроту паважна праходжваліся індыкі. Былі яшчэ і гусі... 

Каб пракарміць столькі жыўнасці, гаспадары маюць каля гектара зямлі. Ёсць свой трактар і прычапны рыштунак. Сёлета вырошчвалі бульбу на 35 сотках і накапалі амаль дзесяць тон клубняў. У трох цяпліцах выспявалі памідоры, агуркі, кабачкі. Носяць у вуллі нектар пчолы... 

— Мы нічога ў краме не купляем, акрамя хлеба і малака, — прызнаецца Эдуард. — Аднойчы чуў, як адна жанчына жалілася другой, што вельмі стамілася ад дзясятка гасцей, тыдзень адысці ніяк не можа. А мы ж кожны дзень кормім па столькі. Ды па тры разы на дзень за стол сядаем і ніякай напругі не адчуваем. 

...Паступова двор напаўняецца дзіцячымі галасамі. Вярнуліся са школы Віталіна, Караліна, Віталь, Іна, Аляксандра і Ліда, выкаціла на веласіпедзіку чатырохгадовая Марыяна. З маленькім Ілюшкам на руках з’явілася і маці — Дзіна Серафімаўна. Не было толькі старэйшага, сямнаццацігадовага Цімура, які паступіў сёлета ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Менавіта Цімур да таго, як паехаў на вучобу, быў правай рукой у гаспадарчай справе. Цяпер эстафета перайшла да Віталя. У цяпліцах і па доме першыя памочнікі ў маці дочкі, нават сямігадовая Ліда. Паміж дзецьмі абавязкі размеркаваны, і кожны ведае, чым займацца. 

А як жа з вучобай? Добра. Дзеці Грыбоўскіх, можна сказаць, выдатнікі. Напрыклад, у той жа Караліны сярэдні бал 9,1. Яна прызёр абласных прадметных алімпіяд. Іна наогул атрымлівае на ўроках адны дзясяткі. Усе актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці навучальнай установы. Знаходзяць час наведваць і школу мастацтваў. 

— Паболей бы ў нас было такіх сямей, як Грыбоўскія, — скажа потым пры размове дырэктар Боркаўскай сярэдняй школы Сяргей Пятровіч Драздоў. У прынцыпе, дзеці Грыбоўскіх бяруць прыклад са сваіх бацькоў. 

— Калі шмат дзяцей — здараецца ўсялякае, — даводзіць Дзіна Серафімаўна. — То шпалеры размалююць або парвуць, то дзверы ў шафе адарвуць. У нас двухгадовы Ілюшка такі жыўчык, за ім трэба вока ды вока. Можна, канечне, крыкнуць на яго, прыструніць, але як па мне — лепш паклеіць новыя шпалеры. Мы іх у дзіцячай пераклейваем па некалькі разоў на год. Гэта дзеці! Гэта жыццё! 

З малых гадоў Грыбоўскія гадуюць дзяцей не прымусам, а пяшчотай, ласкавым словам. Адпраўляючы Цімура на вучобу ў Віцебск, Эдуард Вітальевіч даваў бацькоўскі наказ: 

— Сынок, што хочаш, як хочаш, але вяртайся туды, адкуль прыязджаеш. Не глядзі на далёкія гарады. Няхай яны цябе не прыцягваюць. Гавары: «Вось гэта наша вёска, вось гэта наша, роднае!» 

Самі Эдуард і Дзіна мясцовыя. Таксама са шматдзетных сем’яў. У бацькоў Эдуарда было іх 6, а ў Дзіны — 11. Пабраліся шлюбам 19 гадоў таму. Калі сыходзіліся, іх сямейнага дома яшчэ не было. Толькі зруб у чыстым полі. Цяпер вось вырасла цэлая вуліца катэджаў, якую назвалі Дзвінскай, бо знаходзіцца ўсяго за пяць кіламетраў ад Заходняй Дзвіны.

Эдуард працаваў вадзіцелем-дальнабойшчыкам і зарабляў тым самым на будоўлю. Так «выгналі» першы паверх. А тым часам сям’я прыбаўлялася, і стала цеснавата. Неабходна было будаваць другі паверх, але сродкаў на гэта не ставала. Звярнуліся за дапамогай у дзяржаўныя органы:  

— У нас было сямёра дзяцей і чакалі восьмага, — узгадвае Эдуард. — Атрымалі дзяржаўную субсідыю, ільготны крэдыт на 40 год. За яго і пабудавалі другі паверх, падвялі газ, ваду, правялі каналізацыю. Плошчы цяпер хапае, і крэдыт нам як шматдзетнай сям’і пагасілі. 

Гэта далёка не першая дапамога дзяржавы шматдзетнай сям’і Грыбоўскіх. Асаблівая ўвага — іх дзецям. 

— За падручнікі мы плацім толькі палову іх кошту, — расказвае Дзіна Серафімаўна. — У школе абеды бясплатныя, у садку — напалову. Не надта вялікая сума і сабраць «першачка» ў школу. У нас сёлета ішла Лідзія, і абышлося дзесьці ўсё ў паўтара мільёна. 

— Мы не плацім падаткі на зямлю, — працягвае Эдуард. — Я жыву ў вёсцы, і на зямлі трэба працаваць. Трэба яна — пайшоў у сельскі Савет, і мне яе выдзелілі. 

Дзякуй дзяржаве за гэта ад усёй шматдзетнай сям’і Грыбоўскіх. Эдуард кідае позірк на гадзіннік і пераводзіць на сына Віталя: 

— Віталік, не збягай! Зараз паедзем па траву для авечак і трусоў. А то  пойдзе дождж і будзе мокра...

Гаспадар з сынам рушылі да тэхнікі, дзяўчаткі — хто ў агарод, хто з мамай у пакоі. Жыццё сям’і Грыбоўскіх ішло сваім упэўненым ходам. 

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота аўтара

P.S. Побач з Эдуардам жыве шмат- дзетная сям’я і яго роднага брата Алега. У ёй таксама 9 дзяцей. Сёлета там нарадзіліся двайняты — два сыны. «СГ» абавязкова раскажа і пра гэтую сям’ю.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter