Спадчына вёскі Сабалі

Анатоль Жалудка купіў у роднай весцы хату і сам стварыў у ёй этнаграфічны музей...

Анатоль Жалудка купіў у роднай весцы хату і сам стварыў у ёй этнаграфічны музей

«Не ведаю спакою»

Сабалі — вёска  несамавітая, надта прыветлівая і гасцінная. У яе «постаці» — наш беларускі характар, інакш і не можа быць. На першы погляд здаецца: што тут цікавага — паселішча, як і многія тысячы падобных у нашай краіне.

— Але ж гэта наша Палессе, падобных мясцін у Еўропе больш няма, — кажа Анатоль Жалудка. — Унікальны край, які ў многім яшчэ захаваў сваю і прыродную непаўторнасць, і самабытнасць, і багатую духоўную спадчыну і ў наваколлі, і ў іншых суседніх вёсках. Вось я і не ведаю спакою, падарожнічаю, шукаю і збіраю тое, што праз стагоддзі расказвае нам пра падзеі і лёсы людзей, якія тут калісьці жылі.

Анатоль Іванавіч — ураджэнец Сабалей. Ён — член Саюза мастакоў Беларусі, апантаны і няўрымслівы краязнавец і, канешне, вялікі патрыёт сваёй малой радзімы. Слухаю яго аповед і ў каторы раз пераконваюся: вельмі пашанцавала тым беларускім паселішчам, якія маюць сваіх летапісцаў.

«Сваіх» у нашай сітуацыі — значыць, такіх, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы і ніколі не парываў з ёй жывой сувязі. Быццам лёсам ім наканаваны пастаянная цяга і неўтаймаванасць у рабоце, такой важнай і патрэбнай як даследаванне гісторыі роднага краю. Бо кожная мясцінка — часцінка нашай Беларусі. І тое, што даследчык адкрывае тут, арганічна дапаўняе і ўзбагачае гісторыю роднай Бацькаўшчыны, дае яе больш поўны і прывабны вобраз.

Пра што сказана ў Метрыцы

— Ёсць такая народная прыказка, што кожны кулік сваё балота хваліць, — працягвае Анатоль Іванавіч. — Так і мае родныя Сабалі мне кроўна дарагія. І далей скажу, чаму. Але ж любы куток нашай Беларусі тоіць у сабе шмат цікавага і яшчэ амаль нязведанага, і як важна, каб яно хутчэй стала нашым агульным набыткам. Тады мы гожа можам сказаць: глядзіце, людзі, на якой зямлі мы жывём, якая ў нас багатая і цікавая гісторыя. Не страціць гэтае, захаваць яго для на­шчадкаў — наш маральны і грамадзянскі абавязак. Асабіста я шчаслівы тым, што, нягле­дзячы на ўсе складанасці, адкрыў шмат адметных старонак біяграфіі родных Сабалей, іншых суседніх вёсак.

Сабалі маюць доўгае жыццё і цікавую біяграфію. Вось толькі некаторыя яе штрыхі. Першае ўпамінанне пра вёску сустракаецца ў Метрыцы Вя­лікага княства Літоўскага ў 1512 годзе. Назва такая: Сабалевічы, яна ад імя ці прозвішча нейкага чалавека. У гэтым сэнсе цікавыя звесткі дае нам «Рэвізія Кобрынскай эканоміі», складзеная каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегам у 1563 годзе. Назва пайшла ад усходнеславянскага імя Собаль. Менавіта нехта Собаль Цераховіч упамінаецца ў згаданай «рэвізіі».

Эліза Ажэшка і палкоўнік Траугут

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай гэтае паселішча — ў складзе Расійcкай імперыі. Вясною 1863 года за Сабалямі ў глухіх лясах была база атрада паўстанцаў, якімі камандаваў Рамуальд Траугут. У раёне вёсак Сабалі, Борткі, Горск адбыліся тры баі з царскімі салдатамі. 5-га і 9 мая яны закончыліся перамогай паўстанцаў, паколькі яны прымянілі ўмелую тактыку. Але ж 13 мая іх атрад быў разбіты.

Пра гэтыя падзеі падрабязна распавядае вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка ў  сваёй кнізе «Слава побежденным». Цікавы факт. Юная Эліза Ажэшка была сувязной атрада Траугута. Яна хавала яго на сваёй сядзібе. Далейшы лёс Траугута трагічы: калі ён прыбыў у Варшаву, дык яго  выдаў здраднік. Яго, як і кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага, пакаралі.

Эліза Ажэшка праз некалькі гадоў прыязджала ў  гэтыя мясціны і шукала магілу паўстанцаў. Анатоль Жалудка аддаў павагу памяці Ажэшка і Траугуту па-свойму хвалююча: з фотаздымкаў напісаў іх партрэты, і цяпер яны заўсёды разам.

— Сёння некаторыя з тых падзей успрымаюцца па-рознаму, але што было, тое было, — разважае Анатоль Іванавіч. — Гэта ж наша гісторыя, да якой мы павінны ставіцца з найлепшай павагай. Тутэйшыя мясціны тояць у сабе шмат загадак, іх калісьці аднолькава шанавалі як палешукі-беларусы, так і палякі. Пэўна, тут былі пахаваны і салдаты царскай арміі, бо калі ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў нізіне насыпалі дарогу, дык у зямлі знаходзілі шмат чалавечых астанкаў. Пэўна, дзе-небудзь у архівах ёсць звесткі пра гэты край. Па хрысціянскім звычаі варта было б абазначыць і гэтае пахаванне.

Незвычайны помнік

Беларусь — на вялікім раздарожжы, таму яе і не мінула ні адна ваенная навала ў Еўропе. Кожнае наша паселішча захоўвае цяжкія раны ад перажытага. Сабалі таксама. Яны, як і многія тысячы беларускіх вёсак, у гады Вялікай Айчыннай сваіх жыхароў, загінуўшых ад рук фашысцкіх забойцаў, хавалі тут, у родным куце. Але ж яшчэ 12 самых моцных мужыкоў і хлапцоў палегла на тэрыторыі Польшчы і Германіі.

— Мы не ведаем, дзе яны пахаваны, — цяжка уздыхае Анатоль Іванавіч. — Надта важна хаця б крыху зменшыць боль іх бацькоў і родзічаў, вярнуць і захаваць памяць тут, у роднай вёсцы. Я доўга думаў пра гэта, і прыйшла ідэя стварыць у Сабалях помнік сваім землякам, якія загінулі ў чужых землях. Удалося, і цяпер гэта святое месца для вяскоўцаў. Аднойчы прыехалі ў Сабалі некалькі чалавек з Растова, унукі аднаго з тых салдат, чыё імя на гранітнай пліце, — Юшчыка. Пра гэты помнік яны даведаліся з Інтэрнэту, пакланіліся светлай памяці родзіча.

Этнаграфічны музей

«Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся», —  заўважыў Анатоль Іванавіч у гутарцы са мной. Лепш і не скажаш пра яго глыбокую адданасць роднай вёсцы. Проста здзіўляешся,  наколькі мнагапланавыя яго даследаванні, які нястомны ён у сваім пошуку. І вось вынік: сабраў тысячы каштоўнейшых экспанатаў, яны даюць нам цяпер цікавае і хвалюючае ўяўленне пра побыт палешукоў. Як адмысловы і таленавіты краязнавец і мастак, ён усё гэта гістарычна класіфікаваў на высокім прафесійным узроўні.

— Я пабываў у сотнях сялянскіх хат і такое ўбачыў, што, скажу шчыра, занепа­коіўся, — расказвае. — З якой нагоды? Ды ў гэтых хатах жыве яшчэ даўніна, надзвычай цікавая і багатая, у якой душа нашых продкаў. Мы не павінны яе страціць. Вось і збіраў розныя прадметы: плугі, бароны, сячкарню, жарнавы, конную грабілку, нават млын-вятрак знайшоў... Усё гэта прывёз у свае Сабалі.

Што, прывозіў і звальваў у кучу? Ні ў якім разе.  Анатоль Іванавіч купіў у Сабалях хату — вось вам і дзівак! — і стварыў тут этнаграфічны музей сялянскага побыту. Яго бацька Іван Анатольевіч, вясковы стараста, ўсяляк дапамагае сыну, бо і сам захапляецца даўніной.

У гэтых мясцінах ствараецца культурна-этнаграфічны комплекс «Наш родны кут Сабалі». Гэта надзвычай каштоўная задума шырокавядомага ў Беларусі прадпрымальніка, ураджэнца Сабалей Юрыя Чыжа. Ён аказвае значную матэрыяльную дапамогу роднаму краю. Захаванне багатай гісторыі нашай  Бацькаўшчыны ён разумее як свой высокі грамадзянскі абавязак. Скажам добрыя словы ў адрас журналістаў раённай газеты «Маяк», якія пастаянна распавядаюць пра Анатоля Жалудка, для якога даследчая работа, вывучэнне нашай мінуў­шчыны стала сэнсам жыцця. Я і думаю: больш бы такіх дзівакоў, як ён, у нашым жыцці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter