Спадчына вялікага дойліда. Сярэдневяковы архітэктар Пётр Міланег стварыў жамчужыну Гродна — Каложскую царкву, якую зараз прапануюць уключыць у Спіс сусветнай культурнай спадчыны.

Са старажытных пісьмовых крыніц да нас амаль не дайшлі імёны архітэктараў храмаў. Звычайна, апавядаючы пра іх будаўніцтва, аўтары называлі імя фундатара ці святара, які храм асвяціў, а той, хто непасрэдна кіраваў будаўніцтвам, сціпла заставаўся ўбаку. На працягу Х—ХIII стагоддзяў у старажытнарускіх летапісах найбольш упамінаецца пра трох архітэктараў, якія сваім майстэрствам здолелі пакарыць сярэдневяковых летапісцаў і прымусілі такім чынам скіраваць на сябе іх позірк. Гэта Іаан з Полацка, Пётр з Ноўгарада і Пётр Міланег з Валыні. Імя апошняга і звязана з гісторыяй Гродна.

Са старажытных пісьмовых крыніц да нас амаль не дайшлі імёны архітэктараў храмаў. Звычайна, апавядаючы пра іх будаўніцтва, аўтары называлі імя фундатара ці святара, які храм асвяціў, а той, хто непасрэдна кіраваў будаўніцтвам, сціпла заставаўся ўбаку. На працягу Х—ХIII стагоддзяў у старажытнарускіх летапісах найбольш упамінаецца пра трох архітэктараў, якія сваім майстэрствам здолелі пакарыць сярэдневяковых летапісцаў і прымусілі такім чынам скіраваць на сябе іх позірк. Гэта Іаан з Полацка, Пётр з Ноўгарада і Пётр Міланег з Валыні. Імя апошняга і звязана з гісторыяй Гродна.

Аб чым маўчаць царкоўныя галаснікі?

Рэдка які горад эпохі ранняга сярэднявечча мог дазволіць сабе мураванае будаўніцтва, гэта было прывілеяй толькі найбольш багатых з іх. Таму прыезд у 1180 годзе ў Гродна архітэктурных спраў майстра Пятра Міланега стаў сапраўднай падзеяй цэлага стагоддзя.
Архітэктар ужо паспеў праславіць сябе шэсць гадоў таму ў Луцку і Тураве. Разам з дойлідам у горад над Нёманам прыбылі iншыя майстры з Валыні і Полацка. Пад кіраўніцтвам таленавітага і самабытнага майстра (старажытны летапісец нават параўноўвае Міланега з біблейскім дойлідам Веселіілам) у Гародні была створана свая архітэктурная школа. У склад арцелі ўвайшлі і гродзенскія майстры, у першую чаргу ганчары і цесляры.
З першых дзён Пётр Міланег з незвычайным імкненнем і ўздымам прыняўся за работу. За кароткі час у Гродне былі пабудаваны цудоўныя храмы: Ніжняя княжацкая царква на тэрыторыі Старога замка, Уваскрэсенская царква для багатых прыхаджан у Новым замку, Прачысценская царква для жыхароў гродзенскага пасада і навакольных вёсак. (Дарэчы, на яе месцы ўзведзены зараз Гродзенскі Свята Ражства-Багародзічны жаночы манастыр.) На вялікі жаль, гэтыя пабудовы загінулі падчас страшэннага пажару 1183 года. Уражаны такой падзеяй, летапісец адзначае: “В то лето Городно погорел весь и церкви каменные от блистания молнии и шибения грома”. Адзіным помнікам, які захаваўся да нашага часу, хаця і не ў першапачатковым выглядзе, з’яўляецца царква ў імя святых Барыса і Глеба — Каложа, якую па праву называюць жамчужынай Гродна. Да яе будаўніцтва Пётр Міланег прыступіў у 1184 годзе і вырашыў стварыць сапраўдны шэдэўр архітэктурнага мастацтва. І гэта яму ўдалося. Сёння разглядаецца пытанне аб вынясенні яе кандыдатуры на ўключэнне ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, і ўжо ў хуткім часе храм можа стаць прызнанай перлінай беларускай архітэктуры. Поўнае падабенства Каложы з пабудаванай раней царквою на гарадзішчы ў Тураве дае падставы меркаваць, што і ў яе ўзвядзенні прыняў удзел Міланег з Валыні. Вядома, што пад яго кіраўніцтвам будаваліся мураваная сцяна вакол княжацкага замка ў Гародні, храмы ў Навагрудку і Ваўкавыску. Работы па ўзвя-дзенню апошняга па незразумелых прычынах былі спынены, ды так і не прадоўжыліся.

Архітэктурных спраў майстар

На непаўторны стыль майстра звярнуў увагу кіеўскі князь Рурык. Справа ў тым, што паслабленне велікакняжацкай улады і распад напрыканцы XII стагоддзя Кіеўскай Русі на дробныя княствы прывёў да з’яўлення ў буйных гарадах вялікай колькасці цэркваў невялікіх памераў, для будаўніцтва якіх не патрабавалася вялікіх сродкаў. Пётр Міланег з’яўляўся прызнаным майстрам па ўзвя-дзенні храмаў такога тыпу. Кіеўскі князь запрашае яго ў 1194 годзе да сябе асабістым архітэктарам. Прапанова здавалася настолькі прывабнай, што Пётр не змог адмовіцца. У Кіеве вядомы дойлід пасяліўся пры княжацкім двары і прыняўся за мураванне сцяны на беразе Дняпра пад Выдубецкім кляштарам. Вопыт па стварэнню падобнай канструкцыі Міланег ужо меў — аналагічную сцяну яму даводзілася ўзводзіць у Гродне (была выяўлена ў час раскопак у пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя).
У Кіеў Пётр Міланег хутчэй за ўсё прыехаў разам з усёй гродзенскай будаўнічай арцеллю, бо мураванае будаўніцтва ў горадзе над Нёманам перапынілася менавіта ў той самы час, калі на кіеўскай зямлі распачалася дзейнасць Міланега.
Дзе б ні ствараў Пётр Міланег свае архітэктурныя шэдэўры, яны выклікалі ў сучаснікаў захапленне і сімпатыю. І сёння, калі глядзіш на тыя нешматлікія храмы, над якімі злітаваўся час: Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, Пятніцкая царква ў Чарнігаве, не перастаеш здзіўляцца таленту архітэктурнага майстэрства Пятра Міланега.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter