У Мінску экспануецца ўнікальная калекцыя, якая мае непасрэднае дачыненне да роду Радзівілаў.

Спадчына магнатаў

Жывапісныя і графічныя партрэты, дэкаратыўныя тканіны, мініяцюры, медалі, прысвечаныя самаму магутнаму магнацкаму роду краіны, можна ўбачыць да 16 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Фота: artmuseum.by
Аснову экспазіцыі “Радзівілы: лёсы краіны і роду” склалі прадметы з калекцыі нашчадка знакамітых магнатаў у сямнаццатым калене Мацея Мікалая Радзівіла. Паспяховы польскі фінансіст, прадпрымальнік, мецэнат і грамадскі дзеяч, ён пачаў збіраць калекцыю сямейных рэліквій на еўрапейскіх аўкцыёнах яшчэ ў 1990-х, дапамагаў з экспазіцыяй Нясвіжскага і Мірскага замкаў, а цяпер па прапанове Нацыянальнага мастацкага музея прыняў удзел у арганізацыі маштабнай выставы памяці Радзівілаў.

Мацей Мікалай прадставіў каля ста каштоўных прадметаў з уласнай калекцыі. Cярод найбольш унікальных — партрэт кардынала Ежы Радзівіла XVI стагоддзя, дэкаратыўная тканіна “Макат” XVIII стагоддзя, адзін з ранніх слуцкіх паясоў і жанравая карціна Юльяна Фалата, якая паказвае паляванне імператара Вільгельма II з сям’ёй Радзівілаў. Безумоўнай каштоўнасцю калекцыі з’яўляецца тое, што некаторыя партрэтныя выявы, магчыма, захаваліся ў адзіным экзэмпляры: Цэцылія з Радзівілаў Сяняўская, Антаніна Мянчыньская, Тэафілія з Радзівілаў Бжастоўская. Многія экспанаты — творы вядомых еўрапейскіх майстроў, да прыкладу, італьянца Марчэла Бачарэлі, які працаваў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага ці аўстрыйца Францішка Ксаверыя Лампі, сына знакамітага Іагана Баптыста Лампі Старэйшага.

Арганічна ўпісаліся ў выставу і прадметы з беларускіх фондаў — дваццаць партрэтаў дынастыі Радзівілаў са збору Нацыянальнага мастацкага музея, кнігі з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, прадстаўленыя Нацыянальнай бібліятэкай, і дакументы з Нацыянальнага архіва, якія расказваюць пра лёс калекцыі Радзівілаў пасля 1939 года.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter