Спадар Капытоўскі

Былінка

Я жыву тут не вельмі даўно пасля таго, як пераехалі сюды з чарнобыльскай зоны. Патроху знаёмлюся, гэтак мовіць, з абарыгенамі. Не ўсіх яшчэ ведаю ў вёсцы. Наогул народ тут добры, спагадлівы...

Стаім неяк з мужыкамі, курым.

— Вунь Капытоўскі пашыбаваў.

Усе заўсміхаліся. Міма прайшоў мужычок невялікага росту. Адметны — на лбе вялікі месяцападобны шрам.

Капытоўскі дык Капытоўскі... Буду ведаць.

Праз некаторы час сустрэліся на вуліцы.

— Добры дзень, спадар Капытоўскі, — прывітаўся я.

Ён паглядзеў на мяне неяк дзікавата, нічога не адказаў... Другі раз у магазіне ў чарзе па хлеб я запытаўся:

— Вы будзеце апошнім, Капытоўскі?

Тут уся чарга азірнулася на мяне. Што такое, думаю.

Аднаго разу на машынным двары я выпраўляў малатком борт грузавіка. Лупіў на ўсю моц... Падыходзіць Капытоўскі. Здаецца, нападпітку. Толькі я хацеў прывітацца, здароў, маўляў, спадар Капытоўскі... А ён схапіў мяне за грудкі:

— Ты, навалач... Калі будзеш яшчэ абражаць! — потым глянуў на малаток у маёй руцэ, адпусціў.

Усе смяюцца... Нічога не разумею: калі я яго абразіў? Тут Косцік Цябус, самы талковы, сур’ёзны з трактарыстаў, тлумачыць:

— Гэта ж мянушка ў яго такая — Капытоўскі. Ён вельмі крыўдзіцца на яе. Сапраўднае прозвішча яго Сідаровіч... Неяк ён п’яны ўзяўся бароцца з калгасным бычком. Малады яшчэ бычок, два гады, але ўраз паваліў Сідаровіча і нагой наступіў на лоб. Бачыў адмеціну?.. З тае пары — Капытоўскі ды Капытоўскі...

Васіль ФЕРАНЦ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter