Спачатку была iдэя

У «Мінаблаўтатрансе» знайшлі, як вырашыць кадравую праблему

У кампаніі «Мінаблаўтатранс» знайшлі дзейсны метад для вырашэння кадравай праблемы

Літаральна любы чалавек можа навучыцца кіраваць транспартным сродкам, але стаць добрым вадзіцелем можа далёка не кожны. Асабліва вадзіцелем аўтобуса, дзе прад’яўляюцца надзвычай высокія патрабаванні да прафесійнага майстэрства і адказнасці. Некалькі гадоў таму, прааналізаваўшы свае кадравыя праблемы, у кампаніі вырашылі не проста камплектаваць штат вадзіцеляў, а падбіраць сапраўдных прафесіяналаў. На пытанне: «Дзе іх узяць?» — адказалі проста і лаканічна: «Падрыхтаваць самім».

Быць першапраходцам у гэтай справе даверылі філіялу «Аўтобусны парк № 2» горада Слуцка. Менавіта там і з’явілася першая аўташкола, дзе пачалі падрыхтоўку вадзіцеляў катэгорыі «Д». І зараз яна застаецца самай буйной. Да прыкладу, толькі сёлета там падрыхтавалі 490 вадзіцеляў і атрымалі 806 млн. рублёў выручкі. Менш чым праз год падобны вучэбны цэнтр пачаў працаваць і ў аўтамабільным парку № 15 у Дзяржынску. Натуральна, што ў гэтых школах навучаюцца і вадзіцелі катэгорыі «В», якія атрымліваюць правы на кіраванне легкавым аўтамабілем, — калі ўжо створана база, то яна павінна працаваць па поўнай. Аўташколы не толькі пачалі рыхтаваць уласныя кадры, але і прыносіць даход. Гэты вопыт практычна адразу перанялі ў Салігорску, дзе хутка таксама з’явілася школа, але толькі з падрыхтоўкай на катэгорыю «В».

Генеральны дырэктар ААТ «Мінаблаўтатранс» Віктар Русак расказвае аб рэалізацыі гэтай ідэі не без гонару:

— Аўташколы дапамаглі нам вырашыць кадравую праблему. На сёння пры штатнай колькасці 2 тысячы 600 вадзіцеляў не хапае ўсяго 34. Гэта тая «рабочая» лічба, якая дапускаецца пры натуральным руху кадраў. Навучанне праводзіцца бясплатна, а ў кантрактах прадугледжаны тэрмін, які вадзіцель затым павінен адпрацаваць на нашых прадпрыемствах. Трэба сказаць, што зараз гэта ўжо ўспрымаецца не як абавязак, а, хутчэй, як гарантыя рабочага месца, бо людзі атрымліваюць работу ў сваіх раёнах, у годных умовах і з добрай аплатай. Таму цякучасці кадраў пасля нашых аўташкол практычна няма.

Работа гэтых структурных падраздзяленняў знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніцтва «Мінаблаўтатранса». Для якаснага навучання курсантаў абсталяваны спецыяльныя класы, уласныя аўтадромы, у дастатку вучэбных аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў. Заняткі праводзяць кваліфікаваныя выкладчыкі, якія маюць вышэйшую тэхнічную адукацыю. Як вынік — экзамен у ДАІ на катэгорыю «Д» з першага разу здаюць 100 % курсантаў і 65—75 % на катэгорыю «В».

Якасць работы аўташкол здабыла ім добрую рэпутацыю ў сваіх рэгіёнах, там традыцыйна яны маюць самы высокі рэйтынг. А аўташкола ў Дзяржынску нават была ўзнагароджана дыпломам рэспубліканскага конкурсу «Лепшая арганізацыя, якая ажыццяўляе падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі вадзіцеляў аўтамабіляў».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter