Спачатку – баян, потым клавішныя, а зараз – кларнет

Фалькларыстка, паэтка, спявачка, музыкант, лідар фальклорнага калектыву «Бярозаўскія пералівы» Паліна ЛАПАЦІК зараджае сваёй энергіяй не толькі кожнага, хто чуе яе на канцэртах, — любога, хто проста размаўляе з ёю. Аднойчы яна так сваёй заўзятасцю захапіла будучага мужа Пятра Уладзіміравіча, што дагэтуль яны разам заўсёды — і дома, і на працы: Пётр ЛАПАЦІК — дырэктар цэнтра, у якім працуе яго жонка.

Мастацкі кіраўнік Бярозаўскага цэнтра фальклору Паліна Лапацік – культурны здабытак Калінкавіцкага раёна

Фалькларыстка, паэтка, спявачка, музыкант, лідар фальклорнага калектыву «Бярозаўскія пералівы» Паліна ЛАПАЦІК зараджае сваёй энергіяй не толькі кожнага, хто чуе яе на канцэртах, — любога, хто проста размаўляе з ёю. Аднойчы яна так сваёй заўзятасцю захапіла будучага мужа Пятра Уладзіміравіча, што дагэтуль яны разам заўсёды — і дома, і на працы: Пётр ЛАПАЦІК — дырэктар цэнтра, у якім працуе яго жонка.

— Калі маленькая была, мяне ў прыродзе ўсё цікавіла. Як верабей свішча, салавей спявае. Чаму таполя так шуміць, а бяроза інакш. Дык я брала берду і спрабавала пераймаць іх гукі. Вельмі любіла музыку. Ушчамлюся ў машыну, у якой бабулькі на працу ў калгас едуць, і слухаю, як яны спяваюць. А ў восьмым класе мы з маці паехалі на базар вішні прадаваць, і ўпрасіла я маці купіць мне гармонік, — расказвае Паліна Паўлаўна.

Пасля, ужо ў Магілёўскім культасветвучылішчы, яна засвоіла баян, у сталым узросце — клавішныя. Зараз падумвае над тым, каб навучыцца граць на дзедавым кларнеце, які захоўвае дома, — вельмі прывабна ён гучыць.

Яе непадробная любоў да творчасці, захапленне культурнымі здабыткамі Беларусі не могуць не ўражваць! Мабыць, таму ў «Бярозаўскіх пералівах» удзельнічаюць не толькі сталыя людзі, але і моладзь.

— Імкнуся прывіваць любоў да народнай музыкі моладзі, асабліва дзеткам. Яны любяць і «Рэчаньку» танцаваць, і «Падыспань». А самае галоўнае для мяне, ведаеце што? Не прапусціць дзетак, калі яны маленькія да мяне прыходзяць, каб таленты іх вызначыць. Я ім даю берду — шумавы інструмент, які робіцца з часткі ткацкага станка — праз яго звычайна ніці прапускаюцца. Калі дзіця прадудзіць пэўную мелодыю, рытм — значыць, ёсць здольнасці.

— А што больш любіце: граць або песні спяваць?

— І песня, і гармонік — душа народа. Кажуць так: «Я гармонікам зайграю — птушка ў садзе запяе. А як песню заспяваю — жаль вам душу ўскалыхне». Так што яны адно без аднаго існаваць не могуць…

Ёсць у Паліны Паўлаўны яшчэ адна мара: нарэшце сістэматызаваць увесь назапашаны ёю фальклорны матэрыял. Усе цікавыя абрады, песні, казкі, прымаўкі, загадкі, прыпеўкі яна запісвае на магнітафон, відэа, а то і ў звычайны сшытак. За гады назбіралася шмат, але не ўсё ўваходзіць у канцэртную праграму калектыву. «Але ж гэта такі скарб! Нельга, каб ён проста так ляжаў. Яго людзі павінны чуць, бачыць і радавацца», — кажа Паліна Паўлаўна.

На здымку: Вячаслаў ШАДРЫН, Паліна і Пётр ЛАПАЦІКІ.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота  Мікалая  БАРЫСЕНКА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter