Старшыня КСУП “Відзіборскі” Сяргей Лахадынаў

Сорак старшынёўскiх год

Сто рублёў не заменяць сто сяброў, перакананы палескі гаспадар Сяргей Лахадынаў
ПАЎВЕКА таму па размеркаванні прыехаў працаваць у палескую глыбінку выпускнік факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Сяргей ЛАХАДЫНАЎ. Маладому спецыялісту даверылі кіраваць інжынернай службай калгаса “Чырвоны сцяг” Столінскага раёна, а праз дзесяць гадоў ён узначаліў калгас “ХIХ партз’езд”, які па эканамічных паказчыках замыкаў раённыя зводкі. Амаль чатыры дзесяцігоддзі нязменна кіруе Сяргей Фядосавіч гэтай гаспадаркай, якая рэарганізавана ў КСУП “Відзіборскі” і стабільна трымаецца ў ліку лепшых на Століншчыне. Дзясяты год пасля выхаду на пенсію не пакідае свой пост палескі аксакал.

Старанне і вытворчыя поспехі руплівага гаспадара адзначаны медалём “За працоўную доблесць”. Неаднаразова Сяргей Лахадынаў узнагароджваўся Ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Брэсцкага аблвыканкама. Выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета.



ЦІХАЯ рэчка Друць, што рассякае шырокую лугавіну на ўскрайку Быхаўскага раёна, у летнюю спякоту вабіць да сябе прахалодай. У далёкія пасляваенныя гады на мурожнай траве рачной поймы пасвіліся табуны коней. Разам з сябрамі-падлеткамі сын калгаснага старшыні Сяргей Лахадынаў з заміраннем сэрца слухаў бясконцыя байкі конюха Петрука. А раніцай пастухі вярталі коней да стайні, дзе іх чакалі ездавыя. У вялікім табуне быў маленькі канёк, якога звалі Памполік. Прызвычаіўся да яго Сяргейка.

На бульбяным палетку маленькаму каньку не было роўных. Сошка за ім ішла як па масле, агортваючы роўныя радкі лапушыстай бульбы. Па рублю за дзень працы зараблялі падлеткі. Нялішнімі былі гэтыя грошы і ў сям’і калгаснага старшыні Фядоса Лахадынава, які пасля вяртання з фронту ўзначаліў адноўлены калгас. Дзве вайны — Фінскую і Вялікую Айчынную — з першага да апошняга дня прайшоў ён і не атрымаў ні адзінага ранення. Служыў у войсках пантанёраў. Наводзілі пераправы праз рэкі. Іх падраздзяленне аператыўна перамяшчалася па фронце. Фашысцкае камандаванне пры адступленні пакінула свайго кулямётчыка, які вогненнымі чэргамі не даваў наладзіць пераправу савецкіх войскаў. Давялося арганізаваць масіраваную атаку і захапіць яго ў палон. Цана той аперацыі выйшла высокай. І такіх момантаў нямала давялося перажыць байцу Фядосу Лахадынаву.

Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй яшчэ год ён служыў у далёкай Маньчжурыі. У быхаўскай вёсачцы Пузан чакалі жонка Матрона Сафронаўна з дачушкамі Галяй і Марыяй. 

У ацалелай іх хаце, пабудаванай да вайны, размясцілася калгасная кантора. У свіранах захоўвалі збажыну. Улік працадзён вёў аднаногі франтавы інвалід, які не толькі сам смаліў самакруткі, але і дзяліўся тытунём з падлеткамі, што забягалі ў кантору паслухаць адзіную на ўсю вёску радыёлу. У другой палове хаты месцілася сям’я калгаснага старшыні. Акрамя сваіх,  Матрона Сафронаўна і Фядос Лазаравіч падтрымлівалі чым маглі і асірацелых дзяцей Аўдоцці Лахадынавай. Дзве родныя сястры Матрона і Аўдоцця выйшлі замуж за братоў Фядоса і Фёдара. У ваеннае ліхалецце Фёдар захварэў і памёр, і яго маленькія дочкі Ганна і Соф’я сталі як родныя ў старшынёўскай сям’і. Дом Лахадынавых ніколі не зачыняўся. Жыхары невялічкай, у дваццаць пяць двароў, вёсачкі Пузан з раніцы збіраліся на іх падворку. 

Першы калгасны аўтамабіль “ГАЗ-51” з фанернай кабінай ледзьве праязджаў праз масіўныя вароты Лахадынавых. Свайго шафёра ў калгасе не было, і працаваць на грузавіку  прыехаў  шафёр   з   Магілёва. Мянушку яму далі Кастыль. Важна ён выязджаў з падворка і нетаропка вёў аўтамабіль па вясковай вуліцы, а ватага дзяцей неслася ўслед.

— Пасля дажджоў на раскіслай дарозе машына буксавала, і мы з ірвеннем кідаліся на дапамогу Кастылю, — грэюць душу Сяргею Лахадынаву далёкія моманты дзяцінства. — Машына выбіралася з каляіны, і ўдзячны вадзіцель дазваляў нам заскокваць у кузаў, каб крыху праехацца. 

— Сяргей Фядосавіч, калі першы трактар з’явіўся ў вашым калгасе?

— Бацьку, які меў толькі сем класаў, на старшынёўскім пасту замяніў адукаваны кіраўнік. І бухгалтар памяняўся. Калгас умацоўваўся. З раёна прыслалі першы трактар маркі “Наці”, які выйшла сустракаць уся вёска. Дарэчы, на сёлетняй выставе “Белагра-2016” менавіта такой мадыфікацыі трактар стаяў на пастаменце. Колы ў яго жалезныя з шыпамі, і пасля праезду вясковая вуліца заставалася перарытай. Першым трактарыстам стаў мясцовы механізатар па мянушцы Дзімак. Большасць вяскоўцаў звалі па мянушках, таму што многія насілі адно і тое ж прозвішча. На трактарыста вывучыўся ў Буйнічах, што каля Магілёва, наш зяць Андрэй Кухараў, які пазней працаваў на трактары “МТЗ-2”.

— А калі вам давялося ўпершыню сесці за руль трактара?

— Школьнікам старэйшых класаў ужо ўмеў кіраваць сельскагаспадарчай тэхнікай. А першыя ўрокі браў на полі ў Андрэя Кухарава. Кожнае лета працавалі на малацьбе збожжавых. Ад рухавіка трактара заводзілася малацілка балгарскай вытворчасці “Дунав”, і туды падавалі снапы. Абмалочанае зерне пералапачвалі і сушылі. Начамі працавалі на зернятоку. А днём звозілі снапы з поля да малацілкі коннымі мазамі. Так у нас называюць спецыяльна зладжаную на перыяд жніва павозку. Працы летам у вёсцы хоць адбаўляй. Нам даручалі коньмі агортваць бульбу ў полі.

— Надыходзіла восень, і пачыналася вучоба. У вашай маленькай вёсачцы была свая школа?

— За два кіламетры хадзілі ў вёску Першы Балонаў Сялец. Заняткі там праводзіліся ў сялянскай хаце, а потым калгас пабудаваў драўляную пачатковую школу. Працягвалі вучобу ў сямігодцы, да якой трэба было яшчэ далей хадзіць у Другі Балонаў Сялец. Старэйшыя сёстры Галя, Марыя, Ганна і Соф’я пасля сямігодкі пайшлі працаваць. А мы з братам Уладзімірам закончылі Цвёрдаўскую сярэднюю школу, у якой вучыліся дзеці з Быхаўскага, Магілёўскага і Клічаўскага раёнаў. Было два выпускныя класы. Мне дакладныя прадметы лепш даваліся. Захапляўся фізікай, якую выкладаў дырэктар школы, цёзка па прозвішчу Дзмітрый Мікалаевіч Лахадынаў. Ён цікава тлумачыў законы фізікі і ўмеў патрабаваць. Мы зачароўваліся яго ўрокамі. Пасля заканчэння сярэдняй школы, з аднакласнікам Пятром Рыбалкам паступілі ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Гарэў жаданнем стаць інжынерам. Заняткі чаргаваліся з вытворчай практыкай у вучэбнай гаспадарцы акадэміі. А пасля трэцяга курса паехалі ў Казахстан на ўборку збожжавых.

— Студэнцкім будаўнічым атрадам?

— Усім курсам адправіліся на вытворчую практыку. Некалькі сутак цягніком дабіраліся ў Кустанайскую вобласць, дзе нас размеркавалі па гаспадарках. Два месяцы рыхтавалі збожжаўборачныя камбайны СК-3 да жніва. Яны настолькі зношаныя былі, што кожны вузел патрабаваў рамонту. Поўнасцю разбіралі ўсё і паступова складвалі. Мне дастаўся камбайн без кабіны. Аднакурснік Юра Гіркін, які родам са Смаленшчыны, дапамог давесці яго да ладу. Запчастак розных хапала. 

Здзівілі бязмежныя казахскія стэпы. Загонка такая доўгая, што можна паўдня ісці ў адзін бок.

— Памочнік на камбайне быў?

— Ледзьве забяспечылі па аднаму механізатару на камбайн. У поле выходзілі а чацвёртай гадзіне раніцы і да апоўначы не спынялі працу. Там расы няма, таму можна ўбіраць круглыя суткі. Вернемся з поля і стомленыя падаем спаць, а раніцай нас будзіў Міша Грос, волжскі немец, сям’ю якога перасялілі ў Казахстан. Святам былі непагодлівыя дні, калі можна было адаспацца. 

Да восені працавалі і добра зарабілі. Збожжа з Казахстана прыслалі па адрасах бацькоў. Мае родныя абрадаваліся, што дзве тоны зерня чыгункай прыбыло. Уся вёска зімою пірагамі ласавалася з белай пшанічнай мукі.

— Кожны вучэбны год у сельгасакадэміі завяршаўся вытворчай практыкай? 

— Пасля чацвёртага курса практыкаваліся на Магілёўскім аўтамабільным заводзе, што выпускае скрэперы. На канвееры збіралі тэхніку. Давялося практыкавацца і на Магілёўскім рамонтным заводзе. А пераддыпломную практыку праходзіў у  Баранавіцкім раёне.

— Звычайна там, дзе праходзіць пераддыпломная практыка, і застаюцца выпускнікі. А ў вас як атрымалася?

— Інтэрнат нашага факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі стаяў побач з інтэрнатам эканамічнага факультэта, дзе ў асноўным вучыліся дзяўчаты. Столькі прыгажунь побач, і як было ўтрымацца, каб не закахацца? Высокая, статная і з такім незвычайным імем Нона. Яна раней за мяне атрымала дыплом і паехала на радзіму працаваць галоўным эканамістам у вялікую палескую вёску Сямігосцічы, што на беразе Прыпяці. Перад маім заканчэннем вучобы пажаніліся, і я адправіўся да яе на Палессе. У Столінскім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання атрымаў прызначэнне галоўным інжынерам калгаса “Чырвоны сцяг”. Праз год і жонку перавялі галоўным спецыялістам у гэтую гаспадарку. 

— Чым уразіла Палессе?

— Густанаселенымі вёскамі і тлустай, як масла, глебай. Слынныя тураўскія чарназёмы, дзе паўвека таму ўжо намалочвалі па пяцьдзясят цэнтнераў збожжавых з гектара.

Палешукі ўмеюць працаваць і шчодра гасцей прымаць, не чуў ад іх непрыстойных слоў. Культура адносін  высокая. І падворкі інакш забудаваны, чым на маёй Магілёўшчыне, дзе кожны двор — крэпасць. На Палессі толькі межы паміж сядзібамі, двары адкрытыя, шмат садоў. 

Але разам з гэтым здзівіла палеская глыбінка бездарожжам. Гусенічнымі трактарамі дабіраліся па гаспадарцы. Пасля вясновых дажджоў немагчыма перайсці вуліцу. Рашэннем праўлення калгаса ўзяліся за брукаванне дарог. З суседніх украінскіх раёнаў вазілі камень і масцілі. 

Калгас спецыялізаваўся на адкорме буйной рагатай жывёлы, і была вялікая праблема даставіць кормнікаў за сотню кіламетраў бездарожжа на Пінскі мясакамбінат. А чацвёртай гадзіне раніцы загрузілі пяць бартавых аўтамашын бычкамі па 400—500 кілаграмаў. Вярнуўся дамоў, каб прывесці сябе ў парадак перад працоўным днём. Толькі зачыніў за сабою дзверы, як зазваніў тэлефон. Паведамілі, што на грузкай грэблі аўтамашына перакулілася, і бычкі паразбягаліся. Да абеду збіралі жывёлу па лузе і зноў грузілі на аўтамашыну. Ніхто не скардзіўся на цяжкасці. 

Дзесяць гадоў адпрацавалі з жонкаю ў Вялікім Маляшаве. Дачка там нарадзілася. У 1970 годзе мяне забралі на службу ў войскі супрацьпаветранай абароны. Атрымаў паведамленне, што і сын нарадзіўся. Пасля завяршэння вучэбных збораў на казахстанскім палігоне камандзір часці адпусціў мяне павіншаваць жонку з нованароджаным. Пабываў і ў бацькоў на Магілёўшчыне. Часта наведваўся да іх з сям’ёю. Дарог з палескай глыбінкі не было. Свае “Жыгулі” грузіў на бартавую аўтамашыну і дастаўляў да тураўскай пераправы праз Прыпяць. А далей да Быхаўскага раёна ехаў на легкавіку. Калі старшынёю калгаса стаў, клопатаў прыбавілася, і не так часта ўжо мог дазволіць сабе вандроўку ў родныя мясціны. А душою імкнуўся да вытокаў. 

Гаспадарка мне дасталася слабенькая. З-за  нізкіх  заробкаў  не  хапала  механізатараў  і  жывёлаводаў. Вёскі пусцелі, не было добрых дарог. На старшынёўскім “уазіку” ледзьве дабіраўся да мехдвара. Па наладжаных раней  сувязях адправіліся да суседзяў-украінцаў і дамовіліся на пастаўку бруку. Добраўпарадкавалі вуліцы, пад’езды да ферм, машынны двор.

— Для гэтага патрэбны былі сродкі. Дзе іх выкройвалі?

— У асноўным імкнуліся максімум работы выконваць сваімі сіламі. На рахунак гаспадаркі паступалі мізэрныя сродкі ад рэалізацыі прадукцыі палёў і ферм. Гадавы надой малака ад каровы не перавышаў дзвюх тысяч кілаграмаў. Жывёла падала з ног ад бяскорміцы. Вясною аслабелы статак ледзьве перабіраўся праз канаву на пашу. Беспарадак панаваў на машынным двары. На першым праўленні калгаса вынес рашэнне звольніць галоўнага інжынера. Праз гады ён вярнуўся ў гаспадарку і цяпер працуе. 

Наш мехдвор стаў лепшым  у раёне. У нас вучацца, як захоўваць тэхніку. Усе палявыя работы выконваем своечасова і якасна, таму і паказчыкі ў раслінаводстве выраслі. Стабільна па 50 цэнтнераў на круг намалочваем пшаніцы. Добра родзяць і іншыя збожжавыя, а таксама буракі, бульба. 

За свае сродкі абнавілі вёску. Пабудавалі цэнтральны Дом культуры, дзіцячы садок, больш як сто кватэр для працаўнікоў, магазін. Дапамаглі вернікам збудаваць касцёл і праваслаўную царкву. Значную дапамогу ў аднаўленні храмаў аказалі выхадцы з нашых вёсак, якія эмігрыравалі за мяжу. Паміж храмамі заклалі парк з возерам. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Асаўцы — пакуль не мае статусу аграгарадка, але створаны цудоўныя ўмовы для жыцця і адпачынку вяскоўцаў. Новыя катэджы заселены маладымі сем’ямі. 

Эканамічныя паказчыкі пастаянна мацуем. Сёлета плануем пераўзысці шасцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. І ў раслінаводстве імкнемся не адставаць ад лепшых гаспадарак раёна. Набылі сучасны  буракаўборачны камбайн, якім дапамагаем суседзям з уборкай салодкіх карэнняў. 

Частку зямель даем у арэнду фермерам. За кожны гектар атрымліваем па 8 мільёнаў  рублёў. Столькі прыбытку не дае ніводная сельгаскультура. 

— Як кіраўніка гаспадаркі што вас сёння больш турбуе?

— Пэўна, не толькі мяне ў Беларусі  хвалюе неадпаведнасць цэн на сельгаспрадукцыю і тую, што мы вымушаны набываць у прамысловасці. Ува многім ад гэтага ўзнікаюць фінансавыя цяжкасці.

— А што радуе?

— Тое, што мае дзеці жывуць побач. Двое сыноў і дзве дачкі знайшлі сябе ў нашым раёне. Старэйшы сын Аляксандр закончыў інжынерны факультэт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і дзявяты год узначальвае суседнюю гаспадарку — КСУП “Дубайскі”. Дапамагаю яму кіраваць, вучу, як да людзей ставіцца, падтрымліваю, калі неабходна. 

Па Дзяржаўнай праграме развіцця вёскі ў іх пабудаваны жывёлагадоўчы комплекс. Пакуль з кармамі там праблема, таму падтрымліваем іх. Яны купілі корманарыхтоўчы камбайн “Холланд”, і мы разам назапашваем кармы. Нашы дзве аднатыпныя гаспадаркі практычна працуюць як адна. Вось і ў гэтыя дні разам косім травы ў пойме Прыпяці і нарыхтоўваем сена. А ўвечары за сямейным сталом абмяркоўваем з Аляксандрам задачы на наступны дзень. 

Ёсць аб чым паразважаць і з дачкою Таццянай, якая пасля Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта настаўнічае ў Відзіборскай сярэдняй школе. Сын Віктар працуе спецыялістам МНС у нашай вёсцы. Дачка Алена загадвае аддзелам у райвыканкаме. 

Побач з маёй сядзібай пабудавалі дамы сем’і сыноў і дочак. Аляксандр і яго жонка Антаніна трымаюць дзве каровы. Калі ў іх не складваецца дагледзець жывёлу, то ёсць каму падаіць і накарміць. Малака ўсім хапае. Шасцёра ўнукаў маем з Нонай Уладзіміраўнай. Хлопчыкі Ілля і Сяргей далей па жыцці нясуць прозвішча Лахадынавых. Хочацца спадзявацца, што будуць працягваць і нашу хлебаробскую справу. 

Унук Сяргей вучыцца ў Палескім дзяржаўным універсітэце, а Ілля першы клас закончыў і зараз на канікулах, любіць са мною па гаспадарцы ездзіць. 

— Не шкадуеце, што засталіся на Палессі?

— Задаволены, што сустрэў у студэнцтве цудоўнага чалавека Нону Уладзіміраўну. Важна мець надзейны тыл. За сорак гадоў старшынёўства шмат здзейснена. Створаны належныя ўмовы для жыцця і працы людзей, што дало магчымасць затрымаць моладзь. Акрамя працы, у гаспадарцы яшчэ выкройваю час на казацтва. Некалькі гадоў таму стаў атаманам столінскіх казакоў, якія ўваходзяць у грамадскае аб’яднанне “Беларускае казацтва”.

Жыццё падарыла мне шмат сяброў. Бацькі адзначалі, што сто рублёў не заменяць сто сяброў. Ад іх вучыўся з людзьмі абыходзіцца, шчыра сябраваць. Амаль дзевяноста гадоў пражыў бацька і сто два гады лёс адмераў маці. Па іх запаветах выхоўвалі з Нонай Уладзіміраўнай дзяцей і робім усё, каб такімі выраслі і ўнукі.

Уладзiмiр СУБАТ

Столінскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter