Народный мастер из Березы считает, что в каждом доме должны быть изделия из соломки

Сонца з далоняў

Зорачкі і званочкі, анёлы... Узорная студыя «Цудадзейная саломка» ў дзіцяча-юнацкім спартыўна-эстэтычным цэнтры Бярозы, вядома ж, упрыгожана саламянымі цацкамі. Саломка тут паўсюль — на стале, на столі, на шафе, на паліцах. Яна робіць памяшканне «чырвонай» казармы, дзе некалі кватаравалі ваенныя, па-дамашняму ўтульным. Не дзіва, што дзеці ідуць сюды займацца з задавальненнем. Кіраўнік студыі (яна ж дырэктар ДЮСЭЦ) Наталля Ярмоцык і карэспандэнта «НГ» запрасіла далучыцца да стварэння рытуальных вырабаў з саломкі, якія нашы продкі рабілі пад Новы год і Каляды. З задавальненнем! Бо дома мець такі абярэг варта кожнаму, хто шануе традыцыі.

Даша Міхно і Маргарыта Неміровіч.

 Разнастайныя вырабы з саломы здаўна самым цесным чынам звязваліся з каляндарнымі абрадамі і звычаямі. Напрыклад, на Каляды рабілі фігурку ў выглядзе казы, і яна сімвалізавала сабой культ урадлівасці і пладавітасці.  А ведаеце, што такое «павук»? — Наталля Леанідаўна звяртае маю ўвагу на столь у студыйным кабінеце, да якой прымацаваны тыя самыя «павукі». — Раней у сялянскіх хатах «павукоў» рабілі дзеці, а бацькі вывешвалі напярэдадні Калядаў у самым пачэсным месцы — чырвоным куце. «Павук» аберагаў жыллё, збіраў у «павуціну» сваёй канструкцыі ўсё негатыўнае, што магло перашкодзіць шчасліваму жыццю гаспадароў. Праз год «павука» палілі, замяняючы на новы. Такое ж кароткае жыццё было ва ўсіх рытуальных вырабаў з саломкі: у пачатку абрада яны нараджаліся, у канцы — паміралі. 

Але ж раней у кожнай хаце ўмелі плесці з саломкі, не шкада было кідаць у агонь. 


— Зараз такія вырабы  хутчэй дэкаратыўныя, чым рытуальныя, — разважаю, не разумеючы, як ад такой прыгажосці можна пазбавіцца па добрай волі. 

Наталля Леанідаўна называе лічбу: 500. Працуючы ў дзіцячай студыі з 1996 года, яна асабіста падрыхтавала паўтысячы выпускнікоў! Многія былыя вучні, стаўшы бацькамі, сёння прыводзяць да майстра ўжо сваіх дзяцей. Два сыны Наталлі Леанідаўны таксама ўмеюць працаваць з саломкай. І муж — найлепшы памочнік. 

Наталля Ярмоцык валодае як прыёмамі традыцыйнага пляцення, так і новымі тэхналогіямі. Налаўчылася плесці ўпрыгожванні ў швейцарскай тэхніцы — з саламяных нітак. Станок для сукання нітак зрабілі самі, падглядзеўшы ў інтэрнэце. 

Але галоўны напрамак майстра ў працы з саломкай — капелюшы і спіральнае пляценне з выкарыстаннем лазы. Менавіта за аднаўленне спіральнай тэхнікі пляцення са жгутоў (скручаныя саламяныя жгуты ўкладваюцца па спіралі ў авальную ці цыліндрычную форму і замацоўваюцца лазой) Наталля Леанідаўна атрымала званне народнага майстра Беларусі. Кажа, што такія вырабы заўжды цікавыя людзям, бо былі яны некалі (і нават дагэтуль ёсць ад продкаў) у кожнай вясковай хаце: 

— На «Славянскім базары» посуд у спіральнай тэхніцы людзі прыходзілі і бралі ў рукі, трымалі і казалі: «Я не магу адарвацца ад вашага посуду». Гэта ж наша, роднае. Такія водгукі акрыляюць. Хочацца і хочацца гэтым займацца, каб людзям прыносіць радасць. 

Цікава, што навучылі яе спіральнай тэхніцы беларусы, праўда, з Польшчы. 

Абласны грамадска-культурны цэнтр у Брэсце арганізаваў майстар-клас, давалі яго Зоя і Васіль Майстровічы.

— Цэлы тыдзень нас вучылі, — успамінае Наталля Леанідаўна. 



Потым сама ўжо ўдасканальвала веды і майстэрства, у тым ліку і дзякуючы інтэрнэту. На жаль, носьбітаў рамяства на Бярозаўшчыне няма. Ды і на Брэстчыне Наталля Ярмоцык — адзіная, хто валодае спіральнай тэхнікай. Праца патрабуе фізічнай сілы. Бо каб парэзаць вярбу, патрэбную для замацавання жгутоў, двое мужчын павінны ўзяць струг і скабліць палена. 

— Металічны струг я купіла ў Польшчы. Зараз заказала ў Латвіі іншы, каб працаваць з лазой. Не патрэбна будзе столькі сілы, як з вярбой, — Наталля Ярмоцык вялікую ўвагу надае інструментам для работы, не шкадуе грошай. Нядаўна купіла машынку для таго, каб сшываць стужкі капелюша. Ляцела яна ў Бярозу ажно з Азіі. 
Не змагла і я ўтрымацца, каб не прымерыць капялюш. Капелюшы — яшчэ адна любоў Наталлі Ярмоцык. Жаночы — лёгкі, з пшанічнай саломы, мужчынскі — з жытняй, крыху цяжэйшы.

— Неяк мне прынеслі стары капялюш, я зрабіла падобны. З таго і пачалося маё захапленне гэтым прадметам гардэроба. У маіх капелюшах сёння многія творчыя калектывы выходзяць на сцэну. Але я хачу, каб іх можна было насіць і штодзённа летам, і на адпачынку, напрыклад. Прыдумваю для кожнага капелюша нешта новае. Эксперыментую. Для афарбоўкі саломкі пачала выкарыстоўваць натуральныя матэрыялы: бульбавінне, крапіву, цыбулю. 

Адкуль залацістая саломка? З якога поля? З Людвінова Драгічынскага раёна. Наталля Леанідаўна родам з вёскі, дзе некалі жыла вядомая польская пісьменніца Элаіза Ажэшка:

— Прывялі ў парадак бацькоўскую хату і кожныя выхадныя з мужам Канстанцінам туды ездзім. Вясной абавязкова сеем зерне жыта і пшаніцы. 

Здавалася б, не варта пытацца, адкуль у дзяўчыны здарылася такая любоў да саломкі. Вясковая ж! Але ж ні бацькі, ні радня Наталлі Леанідаўны гэтым рамяством не займаліся. Саломка аказалася ў руках дарослай ужо жанчыны, лічы, выпадкова. Выпускніца філфака БДУ не магла знайсці працу, будучы жонкай ваеннага. Убачыла аб’яву, што Брэсцкая фабрыка сувеніраў набірае людзей для навучання працы з саломкай. Пайшла, адвучылася, і калі Ярмоцыкі аказаліся ў Бярозе, прыйшла па аб’яве працаваць у ДЮСЭЦ, а потом і ўзначаліла навучальную ўстанову. 

Сёння яна кажа: адна частка душы належыць саломцы, другая — ДЮСЭЦ. Атрыманая ў вну адукацыя і хобі сталі часткай жыцця не толькі Наталлі Ярмоцык — яе сям’і, бо і сыны, і муж яе падтрымліваюць. А магчыма, і добрай часткі людзей — з тых, хто далучыўся да дзіўнага сонечнага рамяства ў студыі «Цудадзейная саломка». 

 

ШТО ТРЭБА ВЕДАЦЬ 

«Павук» — забірае дрэнную энергетыку, перад Калядамі канструкцыю палілі.

Козлік ці маска казы — продкі выкарыстоўвалі вырабы падчас калядавання як сімвал пладавітасці, дабрабыту, козлікам ці казой упрыгожвалі вясельны каравай.

Конь — пасланец Сонца, абярэг жылля. 

Лялька без твару — абярэг жылля.

Вянок з каласкоў — упрыгожванне для дзяўчат на дажынкі.

Лялькі дзяўчыны і хлопца — падарунак маладым на вяселле.

Жаўрук — цацка выкарыстоўвалася для абраду гукання вясны. 

ЦІКАВА

З саломкі рабілі не только рытуальныя цацкі ці лялькі, бытавы посуд, але і іншыя прадметы. Напрыклад, вуллі для пчол. Да нашых дзён захаваліся трое Царскіх варот (двое ў Раўбічах, адны ў Гродне). Даследчыкі мяркуюць, што саламянае афармленне мелі нават іканастасы ва ўніяцкіх цэрквах. 

kozlovich@sb.by

Фота аўтара і з архіва Н. Ярмоцык 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter