Сонца ў небе i аркестр на плошчы

Пра вайну напiсана многа, я дадам яшчэ крышку...

Пра вайну напiсана многа, я дадам яшчэ крышку. Калектыўная памяць гаворыць пра гераiчную эпапею, там абавязкова баi, танкi, гарматы, самалёты... Нашы ўяўленнi пра вайну — дарослыя. Дзецi адчувалi i пераносiлi яе iнакш. Iх перажываннi i пакуты для мяне блiзкiя i зразумелыя.

Да вайны мы жылi ў Гомелi. Тату на вайну не ўзялi: ён быў хворы на страўнiк i лёгкiя. Для мяне яна пачалася бамбёжкамi: велiзарныя самалёты, якiя равуць над горадам, а пад iмi на зямлi слупы жоўтага агню. Мы з мамай начавалi ў полi, бо там было больш бяспечна.

Праз некаторы час бацькi вырашылi паехаць у Слуцк на татаву радзiму. Памятаю, як мы рухалiся туды на фурманках. Калi з аглушальным трэскам каля нас прамчалiся нямецкiя матацыклiсты, наш конь рвануў так, што ледзь не выкiнуў нас з драбiн. Тата спрабаваў злавiць лейцы, але не мог дацягнуцца. Я ўвесь час плакала, бо было вельмi страшна. Выратаваў нас святар, якi сядзеў ля самай дарогi i ўсё бачыў. Не раздумваючы, ён кiнуўся, здавалася, амаль пад каня, схапiў за аброць i не адпускаў яе, пакуль конь не прыцiх. Бацькi прапанавалi святару, якога звалi Аляксей, далучыцца да нас, i ён згадзiўся.

Нарэшце мы ў бабулi. Нейкi час святар жыў разам з намi, але ў хуткiм часе атрымаў прыход непадалёк ад Слуцка, у вёсцы Баслаўцы. Але не знiк. У самыя цяжкiя хвiлiны, калi не было чаго есцi, айцец Аляксей з’яўляўся з саматканым мехам у руках. У iм быў незвычайнага смаку баслаўскi хлеб: чорны, пасыпаны кменам.

Шмат чаго адбывалася ў той час. Памятаю, як маму ледзь не забралi ў Германiю. Яна пайшла на базар абмяняць нешта з рэчаў, i яе доўга не было. Пра аблаву мы даведалiся ад суседкi i адразу разам з бабуляй пабеглi ў цэнтр горада. Пляцоўка ля двухпавярховага дома была акружана нямецкiмi салдатамi: у центры — моладзь, у большасцi дзяўчаты, побач — iх заплаканыя родныя. Тады ад Нямеччыны маму выратавала знаёмая, якая была вымушана працаваць перакладчыцай у нямецкай камендатуры.

Але самы яскравы ўспамiн — цэнтральная плошча, сонца ў небе, духавы аркестр, людскi натоўп i чырвонаармейцы на танках, машынах... Такiм застаўся ў маёй памяцi Дзень Перамогi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter