Дапамажыце ссекчы таполю: што рабіць, калі доўгія галіны дрэва не даюць святлу трапляць у кватэру

Сонца ў наша аконца

Дрэвы часта называюць зялёным шчытом гарадоў. Яны сапраўдныя лекары і здабытчыкі чыстага паветра. Але часам складваецца так, што зялёных веліканаў высаджваюць каля жылых дамоў. Здаецца, усё добра: прырода вакол. Але магутны камель дарослага дрэва можа засланіць добрую частку кватэры ад сонечнага святла. І вось тады жыхары пачынаюць біць трывогу. Што рабіць у такой сітуацыі, разбіралася карэспандэнт «Р».

Дрэва можа засланіць добрую частку кватэры ад сонечнага святла.

Святло ў канцы кватэры

Валянціна Фёдараўна — старажыл у сваім доме, што месціцца ў Партызанскім раёне Мінска за кінатэатрам «Мір». Ужо амаль 44 гады жанчына гаспадарыць у асабістай кватэры-сталінцы і дзесьці 30 з іх «змагаецца» з дрэвамі, што стаяць за вокнамі. Яны, упэўнена гаспадыня, растуць там не па правілах.

— У канцы дома стаяла таполя. Яе ссеклі. Мне цяпер хоць трохі святлей стала, — расказвае мне пра даўнюю перамогу жанчына і тут жа дадае: — А пад вокнамі як стаялі дрэвы ў два рады, так і стаяць. Галінкі ледзь падрэзалі бензапілой — і ўсё на гэтым.

Валянціна Фёдараўна запэўнівае: адрозніць ноч ад дня, знаходзячыся ва ўласнай кватэры, ёй цяжка. А каб паказаць, наколькі цёмныя ў яе куткі, запрашае ў кватэру.

— Святло я запальваю нават днём. Як без электрычнасці? Вы паглядзіце, усюды цёмна. Ва ўсіх пакоях: у спальні, зале, на кухні. Гэта ж немагчыма! — вельмі эмацыянальна распавядае пра сваю праблему пенсіянерка.

Праўда, цёмна. Жыць пры такім асвятленні многім некамфортна. Але ці дрэвы ў тым вінаватыя? Выглядваю з акна кватэры. Расліннасць хоць і размешчана блізка да дома, але аконны праём цалкам яна не закрывае. Наўрад ці менавіта таполі пазбаўляюць пенсіянерку магчымасці глядзець у неба. А вось дом насупраць, які аддзяляе ад двара Валянціны Фёдараўны вузкая вуліца, і тры не вельмі густыя рады расліннасці могуць і быць той самай прычынай, якая псуе жыццё пенсіянерцы.

Як змагацца з прыродай, якая стукае разлапістымі галінамі ў акно, высвятляем у аддзеле добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання Партызанскага раёна.

Па месцы патрабавання

Для абрэзкі дрэў патрэбна важкая падстава. Напрыклад, заключэнне УП «Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», што ўзровень асветленасці ў кватэры ніжэй за норму. Калі на руках ёсць дакумент, верагоднасць, што з дрэвам што-небудзь зробяць, значна ўзрастае. Пастанаўленне неабходна аднесці да патрэбнага адрасата. Для гэтага высвятляем, якая арганізацыя адказвае за пэўныя метры зямлі. Часцей за ўсё гэта УП «Зелянбуд» альбо аддзел добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання КУП «ЖКГ» раёна.

Насамрэч рэдка знаходзяцца «шчасліўцы», па скаргах якіх спецыялісты адразу ж выязджаюць на месца і робяць там патрэбныя маніпуляцыі.

— У асноўным разбор справы займае месяц-паўтара, — тлумачыць мне Кацярына Корнева, інжынер аддзела па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні КУП «ЖКГ» Партызанскага раёна. — Усё залежыць ад неабходнасці правядзення абрэзкі і ад наяўнасці замацаванага за ўчасткам падрадчыка. Калі няма, даводзіцца шукаць. А гэта займае час.

Спіс двароў, якія трэба дагледзець, рыхтуецца загадзя па зваротах грамадзян у ЖКГ і ЖЭК. Заявы можна дасылаць у адзіную дыспетчарскую службу альбо на сайт 115.бел. Калі абрэзка дрэў праводзілася на працягу бліжэйшых 3—5 гадоў, жыхару могуць параіць звярнуцца ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Рэкамендацыі абрэзаць дрэвы дапамогуць унесці двор у неабходны спіс. Але сама працэдура ў любым выпадку будзе праводзіцца ў дазволены перыяд — у восеньскі і ранневеснавы час.

У парадку агульнай чаргі

А нецярплівым жыхарам, рукі якіх цягнуцца да сякеры, паведамляем: за незаконнае знішчэнне расліннасці прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з трэцяй часткай артыкула 15.22 КоАП. Аб гэтым папярэджвае Таццяна Шамянкова, начальнік аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Каб просьбу ссекчы дрэва выканалі, патрэбна адпаведнае заключэнне. Работнікі цэнтра вышлюць у арганізацыю дакумент з рэкамендацыяй правесці пэўныя работы, а далей з раслінай будуць мець справу ўжо супрацоўнікі прадпрыемства, якое адказвае за праблемны ўчастак.

Калі ж вашу просьбу было вырашана выканаць, то ў пачатку сезона па выдаленні галінак машыну са спецыялістамі чакаць не трэба. У аддзеле па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні існуе план, згодна з якім дзейнічаюць супрацоўнікі. Таму чакайце сваёй «зорнай гадзіны» спакойна.

Спалучэнне слоў «захаваць дрэва» ў размове з інжынерам Кацярынай я чую досыць часта. Мабыць, гэтае пытанне спецыялістаў сапраўды вельмі хвалюе. І гэта зразумела. Прагуляцца па зялёных вулачках шмат прыемней, чым «маршыраваць» па асфальце. З іншага ж пункта гледжання, жыць ва ўласнай кватэры, дзе з-за цемры некамфортна знаходзіцца, таксама не справа. Вось і даводзіцца выбіраць з бед меншую.

Наталля ТЫЧКО

ntsh97@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter