Сонечны анёл.

Вырабамі з саломкі можна засцерагчыся ад хвароб, упрыгожыць дом і... навагоднюю ёлку.

Ці не праўда, шкляныя шары, якімі штогод “апранаем” зялёных прыгажунь, ужо парадкам надакучылі? Хочацца чагосьці цікавага, арыгінальнага і, шчыра кажучы, больш-менш таннага (не аддаваць жа за адну цацку 20—30 тысяч рублёў!). Прапануем упрыгожыць ёлку ў традыцыйным стылі, а менавіта — саламянымі анёлкамі, якія з лёгкасцю змогуць зрабіць, кіруючыся майстар-класам, і дарослыя і дзеці.

Саломапляценне — адно ці не з самых старажытных і даступных майстэрстваў. Усё, што неабходна, каб ім займацца, — салома, нажніцы і ніткі. Ды і навучыцца рамяству нескладана: з саломкай нават у дзіцячых садках працуюць. Памятаю і свой вопыт. У класе трэцім запісалася з сяброўкай у гурток саломапляцення. Пляла кветачкі, пялёсткі... Праўда, не вельмі доўга. Прызнаюся, пасля таго як некалькі разоў “пастрыгла” палец вострымі нажніцамі, збегла. Аднак і цяпер добра памятаю, як, перакладаючы ў руках залацістыя саломінкі, адчувала цеплыню летняга сонца, пад якім яны раслі, і нейкую дзіўную сілу, што зыходзіла ад сцяблінак.

Спрадвеку нашы продкі надзялялі салому магічнымі сіламі, верылі, што ў сцяблінах раслін заключаны дух хлебнага боства, поля, сіла яго ўрадлівасці, а значыць, і дабрабыт селяніна. Таму з саломы часта рабілі розныя абрадавыя атрыбуты для каляндарных і сямейных свят. Напрыклад, падвясныя дэкаратыўныя канструкцыі, якія называюць “павукамі”, падвешвалі над галовамі маладых у час вяселля, над калыскай дзіцяці. Вывешвалі іх таксама напярэдадні Каляд у “чырвоным куце”, каб засцерагалі дом і гаспадароў ад усялякіх бед, забіраючы ў сваю “павуціну” ўсё адмоўнае.

Вядома, майстравалі з саломкі і практычныя рэчы — капелюшы, хлебніцы, кошыкі, бочкі для захоўвання прадуктаў... Асабліва папулярнымі былі яны ў пасляваенны час. Рабілі і ўпрыгажэнні — фіранкі, абажуры, аправы для люстэрка і проста цікавыя фігуркі людзей, жывёл, казачных персанажаў, якімі ўпрыгожвалі шафы, паліцы і навагоднія ёлкі.

Для пляцення выкарыстоўвалі пераважна жытнюю салому з тонкім роўным сцяблом. Нарыхтоўваць матэрыял пачыналі ў пачатку лета — як толькі наліваўся колас. Галоўнае было не прагадаць з часам. Бо сёння салома магла быць яшчэ добрага адцення, а заўтра ўжо нікуды непрыгодная. Цяпер многія майстры адбельваюць салому, але традыцыйна выкарыстоўвалі “жывы” матэрыял — зеленавата-жоўтыя саломіны з залацістым адлівам.

Існуе шмат тэхнік і напрамкаў працы з саломкай: інкрустацыя, пляценне, аплікацыя і нават вышыўка... Знаёмства з імі ў нас яшчэ наперадзе, а сёння раскажам, як з саломкі можна зрабіць анёла, які выдатна ўпрыгожыць навагоднюю ёлку ці стане добрым падарункам на Каляды.

Робім анёла на навагоднюю ёлку

Майстар-клас ад Веранікі Занько, майстра Астравецкага дома рамёстваў.

1. Для нашага анёлачка спатрэбяцца каляровыя ніткі і стужка, невялікі кавалачак тканіны і дроту, нажніцы і папярэдне нарыхтаваная саломка. Нагадаю, пасля таго як мы сабралі яе на полі (пасля камбайна саломка не падыдзе, серп у рукі -- і ў поле), саломку варта пачысціць, разрэзаць па каленцах і высушыць. А перад самым пачаткам працы -- зноў намачыць, каб сцяблінкі сталі эластычнымі і не ламаліся пры згігананні. Для анёлка можна ўзяць колькі заўгодна саломкі, але абавязкова трох розных памераў -- для тулава (я бяру 6 саломінак па 20 сантыметраў), крылаў (4 па 8 сантыметраў) і рук (3 саломкі па 7 сантыметраў).

 

 

 

 

 

 

2. Падрыхтаваныя саломінкі для тулава і крыл звязваем пасярэдзіне ніткай.

3. У адну з саломінак, якія спатрэбяцца для ручак, усоўваецца дрот (для таго, каб мы маглі прыдаць рукам любую форму).

 

4. Ручкі звязваем па краях -- гэта будучыя далоні анёла.

5. Робім галаву анёлку. Для гэтага згінаем саломінкі для тулава і завязваем ніткай.

6. Аб’ядноўваем усе часткі будучага анёла. Дзелім саломінкі тулава напалам і паміж імі ўстаўляем асновы крылаў і ручак.

7. Знізу тулава звязваем.

8. Надаем форму рукам.

9. Выраўноўваем ніз тулава і надаём форму крылам. Анёлачка можна пакінуць і ў такім выглядзе. Але можна і ўпрыгожыць.

10. Пачынаем з крылаў. Пераплятаем кожную саломінку каляровымі ніткамі. Як доўга -- кожны вырашае сам.

11. Затым робім анёлку спаднічку. У тканіне квадратнай формы (мешкавіне ці любой іншай) выразаем дзірачку пасярэдзіне і ўсоўваем туды анёлка.

12. Прывязваем спадніцу да тулава. Канцы тканіны прышываем ці прыклейваем.

13.Нажніцамі надаём форму спадніцы, упрыгожваем яе банцікам, зробленым з каляровай стужкі

14. Робім пяцельку (прасоўваем нітку праз галаву). Анёлак гатовы, каб яго вешаць на ёлку, дарыць сябрам і знаёмым.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter