Кузнец из Жабинки: лучшие изделия приснились, а заказы расписаны до сентября

Сон — у рукі

У свае 32 гады Ігар Сідорчык з Жабінкі — вядомы не толькі ў нашай краіне каваль. Яго вырабы можна ўбачыць і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу, і нават у Швейцарыі. Залатыя рукі. На пытанне, ці не зменшыў колькасць заказаў каронавірус, Ігар адмоўна матае галавой: «Мой працоўны графік распісаны да 18 верасня». Сапраўды, металічныя вырабы з кузні — прадметы не першай неабходнасці. На іх выдаткоўваюць грошы тыя, хто грошы мае.

Магія агню 

І хоць ніхто з радні Ігара да жалеза дачынення не меў (маці — кадравік, бацька — будаўнік, сястра — прадпрымальнік), пошук справы па сэрцу шмат часу ў хлопца не заняў. Скончыўшы на выдатна каледж прыладабудавання па спецыяльнасці «Токар-фрэзероўшчык», пайшоў у войска. Добра адслужыў, нават у спаборніцтвах удзельнічаў на меткасць стальбы з аўтамата Калашнікава. Вярнуўся — уладкаваўся слесарам на завод. Але не хапала яму, кажа, рамантыкі. Не хапала драйва…

Знайшоў рух у гістарычным клубе «Жалезны жолуд». Разам з такімі ж захопленымі гісторыяй хлопцамі пачаў займацца рэканструкцыяй. Эпоха Сярэдневякоўя, зборы, баі — сустрэчы з аднадумцамі давалі і даюць хлопцу неабходную порцыю эмоцый і энергію ўжо гадоў дзесяць.

Касцюмы рэканструктары, як правіла, шыюць самі. Ігар успамінае, як аднойчы злавіў сябе на смелай думцы: ці не выкаваць сабе рыцарскія даспехі? Хто б яму тады сказаў, што праз некалькі год тая думка стане явай. А сваё прафесійнае свята ён будзе адзначаць 14 лістапада — так, у Беларусі святкуюць Дзень каваля, які бярэ пачатак ад народнага свята Кузьмы — апекуна кавалёў, прадстаўнікоў аднаго з самых старажытных і паважаных рамёстваў.

А тады, шэсць гадоў таму, сябры падказалі, куды трэба звяртацца па дапамогу, калі мара — даспехі ва ўласным выкананні. Так ён апынуўся ў брэсцкай кузні, якая ўжо мела вядомае імя і мноства заказчыкаў. 

Першае ўражанне ад убачанага там памятае дагэтуль:

— Агонь, распалены горан — адкрытая печ. У горне гарыць агонь. І каб ён гарэў як мага мацней, у яго падаецца паветра скураным мехам. Пасярэ­дзі­не кузні стаіць тоўстая калода з жалезнай падстаўкай — кавадла. На ёй каваль працуе з гарачым металам. Хлопцы далі паспрабаваць сагнуць распалены прут — нарыхтоўку для пялёстка ружы. Паказалі, як на кавадле надаць яму патрэбную форму. Я з радасцю ўзяўся. Гэта — маё! Увечары вар’яцкі балелі рукі, стагнала спіна. Але адчуванне, што ты можаш валодаць металам, кіраваць ім, дало мне мару і справу жыцця.


З таго самага моманту Ігар нярэдка бавіў час у кузні. Пачаў браць урокі малявання. І праз паўгода сам выкаваў рыцарскія даспехі!

А першым заказам, за які заплацілі грошы, стала альтанка, абвітая вінаграднай лазой...

Калі нарадзіўся сын Назар, Ігар узяў зямлю пад будаўніцтва дома, знайшоў падпрацоўку грузчыкам у краме. На ­хобі — кавальскую справу — не заставалася часу. Падштурхнуў сябра Максім Талатыннік, запэўніў, што ўсё атрымаец­ца. Так Ігар аформіўся рамеснікам і адкрыў пункт прыёму заказаў на жабінкаўскім базары: 

— Пачынаў з нуля ў прамым сэнсе. Стартавым капіталам сталі грошы за продаж дзедаўскага гаража. Стаў пакрыху набываць неабходнае абсталяванне, метал, шукаць кліентаў. Тады, шэсць гадоў таму, пра мяне ніхто не ведаў. Гэта зараз заказаў хоць адбаўляй. Даводзіцца штодзённа да 8—9 гадзін вечара працаваць, каб выканаць замоўлены выраб у тэрмін.

Начныя прывіды

Пытаюся, ці заўжды заказчык ведае, што ён хоча? Альбо прыходзіць з грашымі і кажа: зрабі мне тое, не ведаю што.

— Бывае і так. 

Ігар кажа, што за падказкамі ў інтэрнэт не лазіць, бо яны знаходзяць яго самі — падчас сну.


— Калі нешта прысніцца, справа, як правіла, рухаецца хутка. «Прыляцеў» неяк у мой сон пугач. Прачнуўся я — і ў кузню. Выкаваў у поўны памер, кожная пярынка дакладная, дзюба, кіпцюры. Падарыў сваякам. Неяк дракоша прысніўся — зараз гэты каваны звер ахоўвае бокс, дзе ў мяне кузня, а сімпатычная кошка ўпрыгожвае ўваходныя дзверы. 

Да кожнай сваёй працы аўтар падыходзіць творча, з глыбокім сэнсам і высокім майстэрствам выканання. 

Самае цікавае, празнаецца, што сняцца не толькі ідэі, але і... памылкі:

— Пачынаю каваць і, успамінаючы сон, не дапускаю тэхнічных агрэхаў. Часам здаецца, што мяне што-не­будзь ці хтосьці накіроўвае, ­вя­дзе па жыцці, падтрымлівае, надае моцы. Прыходжу ў кузню і набіраюся тут фізічных сіл і жыццёвай энергіі, таму да кожнага заказа прыступаю з велізарным натхненнем і настроем. Нядаўна, напрыклад, зай­маўся рэстаўрацыяй агромністых — 200 кіло вагой! — варот да аднаго з пінскіх будынкаў. 

— Які самы складаны быў заказ? 

— Вінтавая лесвіца, у поручнях якой — кветкі. Чарцёж вельмі складаны ў выкананні. Заказчык у некага ўбачыў такую, сабе захацеў. Чатары кавалі адмовіліся, я ноч думаў, галаву ламаў, як зрабіць, а раніцай зразумеў, што ў мяне атрымаецца. Вынік уражвае!

— Над чым больш любіце працаваць?

— Мастацкая коўка — любімы занятак. Калі працуеш над скульптурай чалавека ці звера, патрэбна не только фантазію ўключаць, але і над тэкстурай працаваць. Наогул кожная сур’ёзная праца мне, як аўтару-выканаўцу, дарагая, але расстаюся лёгка, калі бачу, як загараюцца захапленнем вочы будучага ўладальніка.


Філасофія шчасця

Успамінае каваль, што калі толькі пачынаў сваю справу, вырашыў: шчасце не можа быць паўнавартасным, калі не дзяліцца ім з іншымі. Таму выкаваў сабе посах (8 з паловай кіло!), купіў касцюм Дзеда Мароза і ў навагоднюю ноч з мяшком цукерак адправіўся да гарадской ёлкі. 

— Раздаваў цукеркі і сам радаваўся як дзіця. Мяне потым клікалі ў кватэры, абяцалі заплаціць — адмаўляўся. На наступны год зноў быў пад ёлкай, толькі ўжо вывучыў вершыкі і песні, каб было цікавей і сабе, і людзям. Так захапіўся, што незаўважна для сябе стаў галоўным героем дзіцячых ранішнікаў і нават адкрываў раённую ёлку — таму я цяпер не толькі каваль, але і артыст. 

Самае цікавае, што пяцігадовы Назар да гэтага часу не здагадваецца, кім становіцца яго тата ў навагоднюю ноч… 

kozlovich@sb.by

Фота Святланы Кіслай
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter