Соф’я Гальшанская вярнулася на малую радзіму

Пяты фестываль “Гальшанскі замак” на Ашмяншчыне запомніўся гасцям не толькі рыцарскімі турнірамі, аўтэнтычнай музыкай, народнымі сувенірамі, але і першым нацыянальным мюзіклам “Соф’я Гальшанская” на музыку Уладзіміра Кандрусевіча і лібрэта Алены Туравай, які артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра прэзентавалі ля сцен сярэдневяковага замка.

Пяты фестываль “Гальшанскі замак” на Ашмяншчыне запомніўся гасцям не толькі рыцарскімі турнірамі, аўтэнтычнай музыкай, народнымі сувенірамі, але і першым нацыянальным мюзіклам “Соф’я Гальшанская” на музыку Уладзіміра Кандрусевіча і лібрэта Алены Туравай, які артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра прэзентавалі ля сцен сярэдневяковага замка.

Спектакль open-air

На газоне перад галоўнай сцэнай гальшанскага фестывалю не было дзе яблыку ўпасці. Гледачы стаялі, сядзелі на кукішках і нават напаўляжалі на пледах у чаканні пачатку мюзікла.

— Ледзь не штогод прыязджаю ў Гальшаны на фестываль, — расказвае Антон са Смаргоні. — Шмат ужо што бачыў тут — і вершнікаў на конях, і паненак у сярэдневяковых строях, і музыкаў са старадаўнімі інструментамі, а вось сёлета прыехаў спецыяльна мюзікл паглядзець. Чуў, што яго не так даўно паставілі ў сталічным Музычным тэатры, але ў Мінск выбіраюся не так часта і, як правіла, па працоўных справах, на тэатры не хапае часу, а тут выпала такая магчымасць! Дзякуй арганізатарам і артыстам.

Госці фестывалю адчувалі, што мюзікл гэты прывезлі ў Гальшаны невыпадкова. Дзе, як не тут, на радзіме каралевы польскай Соф’і Гальшанскай, ён павінен ісці? Адчуваўся нейкі незвычайны патрыятызм. Як толькі са сцэны даносілася імя Соф’і, гледачы ў імправізаванай зале тут жа дабаўлялі — Гальшанская!

— Мы стараемся кожны год нешта мяняць, абнаўляць праграму фестывалю. Мюзікл з такой назвай абавязкова мусіў быць пастаўленым у Гальшанах. Магчыма, з часам будзе наладжана супрацоўніцтва, якое дазволіць дэманстраваць ля сцен замка і іншыя цікавыя пастаноўкі, — зазначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская.

Каханне — галоўная зброя

Па сюжэце мюзікла вялікі кароль Ягайла задумаў ажаніцца з прыгажуняй Васілісай. Аднак раптам у яго нараджаецца пачуццё да яе малодшай сястры Соф’і, якую кахае малады воін Ганча. Падчас свята Купалля з’яўляецца Чараўніца, якая дорыць Соф’і папараць-кветку і прадказвае ёй сустрэчу з нарачоным. У хуткім часе ў сэрцы Соф’і таксама ўспыхвае каханне да Ягайлы. Але нечакана ў лёсы герояў умешваецца вайна. Ягайла і Ганча ваююць поруч і вяртаюцца з перамогай. Кароль прызнае Ганчу названым братам.

І ўсё б добра, калі б сястра Васіліса, адчуваючы сябе абражанай адмовай караля, не задумала адпомсціць Соф’і, якая нічога не падазрае. Хмары над бязвіннай каралевай згушчаюцца. І вось яна ў вязніцы чакае пакарання. Выратавацца Соф’і дапамагаюць толькі яе сумленнасць і шчырае каханне да мужа.

— “Соф’я Гальшанская” — вельмі ўдалы спектакль у рэпертуары нашага тэатра, — падзяліўся пасля выступлення саліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, лаўрэат міжнароднага конкурсу Яўген Ермакоў, які выконвае ў мюзікле ролю Ганчы. — Ён заўсёды ідзе з аншлагам у тэатры. І тут гледачоў сабралася нямала. Усе ўсё добра разумеюць, цудоўна ўспрымаюць і тэкст, і песні, асабліва на беларускай мове. Прыемна працаваць перад такой аўдыторыяй. Можа, для кагосьці з артыстаў і нязвыкла выступаць пад адкрытым небам, але мне тут вельмі камфортна.

Рыцары ля замка

Вядома, адным мюзіклам фестываль не абмежаваўся. У яго праграме былі таксама рыцарскія турніры, майстар-класы па сярэдневяковых танцах, разнастайныя гульні. Тут можна было набыць унікальныя сувеніры з дрэва, лазы, гліны, навучыцца фехтаванню, пахадзіць на старадаўніх хадулях, адчуць сябе кавалём, паспрабаваць сілы ў кіданні нажоў і сякер або паставіць на тараканавых бягах на таго ці іншага вусатага спартсмена.

Майстар па кераміцы, дрэве і метале Сяргей Бандарэнка, які прыязджаў яшчэ на першы гальшанскі фестываль, сведчыць, што цікавасць да гэтага свята з кожным годам толькі расце.

— Заўважаю, што ля сцен замка збіраецца ўсё больш і больш людзей. Не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з усёй Беларусі і нават замежжа. Частыя госці тут, да прыкладу, літоўцы. Стараюся штораз падрыхтаваць для наведвальнікаў фестывалю нешта цікавае. Сёлетняй разынкай сталі знакі Сапегаў, сувеніры з выявамі Гальшанаў, а таксама куфар з талерамі, — расказаў Сяргей Мікалаевіч. — Фестывалі цікавыя тым, што чалавек, які, магчыма, ніколі не зойдзе ў музей і не трапіць на канцэрт, адкрывае адразу шырокі спектр нацыянальных мастацтваў і, як мне здаецца, пачынае адчуваць гонар за сваё, роднае.

Гукі дуды і акарыны

Асаблівы каларыт святу надала аўтэнтычная сярэдневяковая музыка ў жывым выкананні. Капэла беларускіх народных духавых інструментаў “Гуды” і фальклорны ансамбль “Баламуты” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры прадэманстравалі майстэрства гульні на такіх старадаўніх нацыянальных інструментах, як дуда, акарына, жалейка і іншыя. Сярэдневяковую атмасферу свята дапоўніла выступленне танцавальнага калектыву “Фламея”. Госцем фестывалю стаў вядомы гурт “Стары Ольса”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter