Як наш карэспандэнт ратаваў ад лютага марозу бяздомных

Сняданак на снезе

Моцныя маразы даставілі праблем шмат каму. Для большасці дыскамфорт абмяжоўваецца падарожжам на працу і дадому. Але ў тых, хто фактычна жыве на вуліцы, справы значна горш. У Гомелі перажыць халады бяздомным дапамагае мясцовае аддзяленне Чырвонага Крыжа. За тым, як гэта адбываецца, назіраў карэспандэнт «Р».

Валанцёр заклікае зрабіць паўзу — з’есці «Ролтан» з тушонкай.

Каля офіса арганізацыі ідзе пагрузка. Растваральныя канцэнтраты, кансервы, тэрмасы з гарбатай, скрынка з цёплымі рэчамі займаюць месца ў багажным адсеку мікрааўтобуса. Атрад хуткага рэагавання (так завецца група добраахвотнікаў, якія збіраюцца ў экстранных сітуацыях) гатовы дзейнiчаць.

— Алгарытм у нас адладжаны — працуем па ім не ўпершыню, — расказвае па дарозе  намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алеся Касцюк. — Стацыянарныя пункты абагрэву працуюць на базе нашых раённых пярвічак кожны год падчас моцных маразоў. Сёння будзем паведамляць пра гэта, пакідаць адрасы, куды можна прыходзіць.

Асабісты кантакт — адзіны спосаб інфармаваць бяздомных. Газет яны не чытаюць і ў сацсетках навінамі не абменьваюцца. Таму адразу ж едзем на гарадскую звалку — месца, куды дзясяткі бамжоў прыходзяць, як на працу. Па сутнасці, так і ёсць. Іх промысел — збор другаснай сыравіны. У асноўным шклатары. Яе прымаюць у нарыхтоўчым пункце, якi працуе тут жа. Зараз на звалцы гарачая пара. Сярод хламу, які вязуць з усяго Гомеля, прызыўна звiняць сотні бутэлек з-пад шампанскага і гарэлкі, спустошаных на навагодніх застоллях. У тым, што рэжым працы ў збіральнікаў вельмi напружаны, пераконваемся асабіста.

Хiжына «дзеда Валеры» — нi акон, нi дзвярэй.

— Спадарыні і спадары, хвілінку ўвагі! — валанцёр Сяргей Якутовіч заклікае зрабіць паўзу — з’есці «Ролтан» з тушонкай.

Аднак большасць нават не рэагуе. Звыклыя да рэзкага паху  «спадарыні і спадары» бойка рыюцца ў кучы смецця, толькі што выгружанага самазвалам. Канкурэнцыя тут жорсткая, прышлых да «хлебных» мясцiн проста так не дапусцяць. Кажуць, часам здараюцца сур’ёзныя разборкі.

Крыху пазней некаторыя ўсё ж згаджаюцца перакусіць. Падчас трапезы дзеляцца падрабязнасцямі з асабістага жыцця. Да прыкладу, распавядаюць, што ў добрыя дні на шклатары можна зарабляць ад 30 да 50 рублёў. Праўда, прыйдзецца «ўкалваць, як тата Карла».

— Мароз ударыў — яно, вядома, несалодка, — дзеліцца адчуваннямі 54-гадовая Надзея, сёрбаючы гарбату з шакаладнай пліткай. — А наогул мяхі пацягаць, дык хутчэй запарышся, чым змерзнеш.

Салодкая гарбата сагрэе i надасць сіл
.

Бомж Мікалай, паглынаючы пюрэ, распавядае, што паўгода таму вызваліўся. Сядзеў за падпал, якога, ну, вядома ж, не здзяйсняў. Проста ўзяў віну на сябе. Мікалай скардзіцца не столькі на надвор’е, колькі на адсутнасць працы:

— Я і зваршчыкам магу, і тынкоўшчыкам, і бетоншчыкам. Усё жыццё на будоўлі працаваў — да маразоў звыклы. А ем два разы на дзень — мне хапае.

Пра самага каларытнага персанажа распавялі працаўніцы нарыхтоўчага пункта. Адна з іх падахвоцілася правесці да яго:

— Нашага дзеда Валеру трэба пакарміць абавязкова. Ён у нас тутэйшы.

Аказваецца, за кіламетр ад звалкі дзед Валера збудаваў хаціну. Пратоптваючы сцежку ў заснежаным лесе, ідзём у госці. Правадыр распавядае, што мужчыну каля 60 гадоў. Быццам бы ў мінулым ён быў ваенным і ведае некалькі моў.

Хвілін праз дзесяць бачым груба збітую пабудову. Нагадвае «хатку», якія любіла майстраваць дзятва савецкіх часоў. Вокны і дзверы адсутнічаюць. Вузкія праходы зацягнуты коўдрамі. Унутры на цвіках развешаны мужчынскі гардэроб: заільснёныя ад бруду курткі, джынсавая кашуля і нават пара касцюмаў з пінжакамі і штанамі.

Самога гаспадара застаць не ўдалося. Пакінуўшы сухпаёк на бачным месцы, сыходзім. Верагодна, Валерый таксама пайшоў на промысел. Хоць лепш бы знайшоў якое-небудзь цёплае месцейка. Да вясны яшчэ далёка.

proleskovskiy77@mail.ru

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter