Да трэці будучага ўраджаю: лебедзі і зубры знішчаюць пасевы сельгаспрадпрыемтсваў у Брэсцкай вобласці

Сняданак для волата

Некалькі сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны падлічваюць страты ад няпрошаных гасцей — дзікіх жывёл і птушак. Лебедзі знішчаюць пасевы рапсу селекцыйна-гібрыднага цэнтра «Заходні», што пад Брэстам. А гаспадаркі пушчанскага краю пакутуюць ад набегаў зуброў. Калі па полі пройдзе статак у некалькі дзясяткаў галоў, на добры ўраджай ужо можна не разлічваць.

Фота БЕЛТА

Госцi  прыляцелi

Лебедзяў на палях Брэсцкага раёна навукоўцы бачаць другі год запар. У чарадзе прыкладна 13 асобін. Птушкі аблюбавалі поле з рапсам. Вырашылі, што корм пасадзілі спецыяльна для іх. 

— Рапсам у нас засеяна тысяча гектараў — прыкладна трэцяя частка ўсіх пасеваў. На культуру робім вялікую стаўку, — тлумачыць начальнік цэха раслінаводства селекцыйна-гібрыднага цэнтра «Заходні» Андрэй Кашырэц. — Лебедзі на нашых палях сталі сапраўднай праблемай. Адна птушка за дзень можа з’есці 10 «квадратаў» пасеваў. Страляць па іх нельга. Вырашылі палохаць петардамі. Узрывалі іх некалькі дзён, і зараз лебедзяў не відаць — яны шукаюць ежу на рацэ Лясной, якая вызвалілася ад лёду. 

Але чаму менавіта пасевы рапсу так вабяць птушак? Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Віктар Дзямянчык тлумачыць:

— З-за цёплай зімы ўсё больш птушак застаюцца зімаваць у паўднёвых рэгіёнах нашай краіны. Рапс для іх амаль што ідэальны корм. Высокая колькасць бялку дазваляе лёгка перажыць зіму. Для еўрапейскіх фермераў гэтая праблема не новая і нават унесена ў спіс  страхавых выпадкаў.

Лебедзяў на палях Брэсцкага раёна навукоўцы бачаць другі год запар.
Фота pxhere.com

У  пошуках  корму

У сельгаспрадпрыемстваў, якія знаходзяцца па суседстве з Белавежскай пушчай, іншы галаўны боль — зубры. Тут добра ведаюць: чым больш пушчанскіх волатаў выйдзе на палі, тым менш рапсу і азімых застанецца. Зубры могуць лёгка знішчыць да 30 працэнтаў пасеваў! За суткі волат з’ядае да 60 кілаграмаў травы і галінкавага корму. Няцяжка падлічыць, колькі азімых можа з'есці статак у некалькі дзясяткаў галоў.

— Зубры — нашы традыцыйныя госці. Ацаніць шкоду, нанесеную гэтымі жывёламі, складана, ды і наўрад ці магчыма. У любым выпадку гэта будзе вялізная сума. Кажуць, з гэтай сітуацыі адзінае выйсце — пабудаваць плот уздоўж палёў. Але даўжыня «сцяны» толькі па тэрыторыі нашай гаспадаркі павінна скласці каля 25 кіламетраў! На гэта таксама патрэбны велізарныя грошы, — разводзіць рукамі галоўны аграном ААТ «Мурава» Пружанскага раёна Міхаіл Гаўра.

Калі дадаць працягласць угоддзяў іншых гаспадарак, атрымаецца, што ўздоўж пушчы трэба пабудаваць агароджу даўжынёй амаль 150 кіламетраў. І не факт, што гэтая агароджа спыніць зубра. Змагацца з волатамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу, іншымі спосабамі забаронена. Міхаіл Гаўра тлумачыць:

— Па законе нават турбаваць гэтых жывёл нельга. Калі пасігналіць, зубры ўцякуць у лес, але неўзабаве вернуцца назад. Самы складаны для нас перыяд — са снежня да пачатку красавіка. Потым зубры знаходзяць корм у пушчы. Але на іх месца прыходзяць алені, казулі, дзікі. І так практычна круглы год.

Два гады таму зуброў бачылі на вуліцах польскага пасёлка Белавежа.
Фота Ірэка СМЯРЧЫНЬСКАГА

Усё часцей зуброў каля сваіх падворкаў бачаць жыхары навакольных вёсак: Сухапаля, Чапялёў, Муравы, Роўбіцка, Клятнога. Пенсіянерка Любоў Клімцэвіч апошнюю зіму правяла ў бацькоўскай хаце, даглядала хворую маці. Распавядае, што зараз убачыць зубра за сельскімі агародамі — звычайная справа:

— У нашым дзяцінстве такога не было. Здаецца, зубры больш асцерагаліся людзей. Цяпер яны нікога не баяцца. Могуць падысці, паскубці сена, пабадзяцца па агародзе. Цікава за імі назіраць. У сярэдзіне сакавіка бачыла ў сотні метраў шэсць або сем асобін. Хацела сфатаграфаваць, але пакуль схадзіла за тэлефонам — жывёлы сышлі.

Кіруючая справамі Сухапольскага сельвыканкама Святлана Кабылкевіч распавяла, што ў апошнія тыдні зубры з'яўляюцца рэдка — з набліжэннем вясны яны сыходзяць у лес:

— Мы да такога суседства даўно прызвычаіліся. Людзям гэтыя жывёлы не перашкаджаюць, а вось палям сельгаспрадпрыемстваў, вядома, дастаецца. І кіроўцам на навакольных дарогах трэба быць удвая пільнымі. Асабліва ў туман і ў цёмны час сутак. Наступствы ад сутыкнення з 800-кілаграмовым волатам могуць быць трагічнымі.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter