“Снежная” фігура на вышыні ў пяць тысяч метраў

Каб “скласці” свой  узор у паветры, спартсмены трэніраваліся некалькі месяцаў, але рэкорд парашутыстаў за ўсю гісторыю беларускай авіяцыі ў выніку адбыўся
У Мінскім аэраклубе ДАСААФ прайшоў фестываль “#Пранеба-2016”. Ён сабраў сотні ўдзельнікаў, якія ляталі на самалётах і верталётах, скакалі з парашутамі, ладзілі паказальныя выступленні па авіяцыйных і ваенна-прыкладных відах спорту.


Фота БелТА

Адметнасцю фестывалю стаў нацыянальны рэкорд, устаноўлены ў небе над сталіцай Беларусі. Трыццаць чалавек скокнулі з вышыні пяць тысяч метраў і склалі ў паветры фігуру ў выглядзе сняжынкі. Афіцыйна гэтае дасягненне праходзіць па класе “Вялікая фармацыя” ў парашутнай групавой акрабатыцы.

У неба будучыя рэкардсмены падняліся на самым вялікім верталёце ў свеце Мі-26. Дарэчы, папярэдняе дасягненне ўдалося абысці адразу ў паўтара раза — дагэтуль нацыянальны рэкорд належаў фігуры з дваццаці парашутыстаў.

— Новы рэкорд з’яўляецца прыкметай развіцця авіяцыйнага спорту ў Беларусі, — гавораць арганізатары фестывалю.

Ну а самай відовішчнай часткай “#Пранеба-2016” сталі спаборніцтвы верталётчыкаў. Экіпажам трэба было прайсці слалам з прычэпленым да вінтакрылай машыны вядром з вадой, выпрабаваць сябе ў “развозцы грузаў” і памерацца сіламі ў камандных эстафетах. У стартах прынялі ўдзел 13 экіпажаў з чатырох краін: акрамя гаспадароў спаборніцтваў, гэта былі верталётчыкі з Расіі, Украіны і Чэхіі.

— Мы спадзяёмся, што для каго-небудзь наш фестываль стане стымулам выпрабаваць сябе, прайсці навучанне і ў наступным годзе з гледача ператварыцца ва ўдзельніка авіяцыйных падзей, — заявіў генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Антон Быстроў.

Аляксей Фядосаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter