У вёсцы Семежава Капыльскага раёна карэспандэнта «СГ» вучылі ткаць белы ручнікі

Снавалі ўсю ноч. І выснавалі

Многія рамёствы нашых продкаў даўно ўжо адышлі ў нябыт. Розная аўтаматызаваная тэхніка замяніла ўсё, што рабілася мазолістымі рукамі. А як даюцца сучаснаму чалавеку тыя ж ткацтва, ганчарная справа, разьба па дрэве, лепка? Карэспандэнт «СГ» паспрабавала даведацца аб гэтым на асабістым вопыце і расказала ў новай рубрыцы «СГ» «Простыя рэчы».

У вёсцы Семежава Капыльскага раёна карэспандэнта «СГ» вучылі ткаць белы ручнікі.

Карэспандэнт «СГ» паспрабавала сябе ў стара- жытным рамястве— ткацтве.Шмат хто ведае мястэчка Семежава ў Капыльскім раёне па абрадзе «Цары», які стаў вядомы на ўвесь свет і быў занесены ў Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А вось пра тое, што ўзгадавала яно яшчэ пяць народных майстроў Беларусі, якія атрымалі такі ганаровы тытул за ткацтва, чулі нямногія. Некалькі год таму стварылі тут раённы цэнтр ткацтва, каб не забываць рамяство сваіх продкаў. Кіравала спачатку ім Валянціна Кіеня, зараз ёй ужо за 70 гадоў, і па стане здароўя яна не працуе. Свае навыкі народны майстар Беларусі перадала маладому дырэктару Таццяне Волкавай. Безумоўна, засвойваць было складана — спатрэбілася амаль тры гады, але цяпер яна вучыць гэтаму дзяцей з мясцовай школы.

На ткацкіх станках ідзе работа. Дарэчы, вучняў тут хапае, і, на здзіўленне, большасць хлопчыкаў. Хто працуе над ручнікамі, хто — над двухслаёвым палатном. Некалькі чалавек шчыруюць над сюжэтнай посцілкай з рознакаляровымі матрошкамі з нітак. Мяне ж навучаць ткаць белы ручнік, упрыгожаны льняной ніткай, ужо на запраўленым станку.

— Ткаць — гэта самае лёгкае, — кажа Таццяна Волкава. – А для таго каб наладзіць станок, траім чалавекам спатрэбіцца два дні. Аснову з нітак намотваюць на спецыяльныя навоі, па запісаным узоры перабіраюць кожную ў часткі (ніты і бёрду), якія вызначаюць ход ткання. Вельмі крапатлівы працэс...

Вучыць ткацтву мяне вызваўся... шасцігадовы сын Таццяны, які пасля школы ўвесь час праводзіць у цэнтры. Ромка пачаў тлумачыць: вертыкальная аснова нітак як бы пераплятаецца гарызантальна дзвюма ніткамі – белай і льняной. Пры гэтым трэба націскаць на педалькі ўнізе – «хадзіць па панажах». Чаўнок з белай ніткай быў справа ад ручніка, які мы ткалі, пры гэтым былі націснуты дзве сярэднія панажы. Ніткі асновы падзелены на два рады, прасоўваем праз зеў чаўнок. Прыбіваем нітку рухомай прыладай станка набіліцай.

– ЧЫМ больш прыкладваеш сілы, тым больш якаснае палатно, — дзеліцца майстэрствам Таццяна. — У кожнага яна свая, таму трэба ўважліва сачыць, каб палатно не ішло наўскасяк.

Далей ідзе каляровая нітка. Тут чатыры варыянты хады па панажах. Выбіраеш тую камбінацыю, якая патрэбна па ўзоры, ізноў прасоўваеш праз два рады нітак і прыбіваеш. Потым — белая. Калі яна справа, трэба націскаць на дзве крайнія панажы. Усё гэта неабходна паўтарыць шэсць разоў, пакуль не атрымаем каляровыя квадрацікі (лішкі), якія складаюць узор. Затым — каляровая нітка, тут ужо іншая камбінацыя панажоў, а белай «ходзім», як і раней.

Пакуль займаюся адказнай справай, Таццяна расказвае, што прыехала дзеўчынай у Семежава па размеркаванні, сама родам з Цімкавічаў Капыльскага раёна. У горад, кажа, ніколі не цягнула, тут цішыня і спакой. А дзякуючы гэтай працы знаёміцца з цікавымі людзьмі.

— Прыязджалі сюды прадстаўнікі ААН, французы, немцы, кітайцы. Часта ўдзельнічаем у конкурсах як мясцовага маштабу, так і рэгіянальнага, рэспубліканскага. Здымалі пра нас сюжэты на ТБ, пісалі газеты. Гэта вельмі настройвае вясковых дзяцей прыходзіць сюды, — гаворыць Таццяна.

Васьмікласнік Аляксей БІРУК і першакласнік Раман ВОЛКАЎ ткуць рознакаляровую посцілку.


Дарэчы, акрамя прыгожых вырабаў, знаёмства з ткацтвам, тут можна ўбачыць цікавыя прылады, якімі карысталіся нашы продкі для апрацоўкі сыравіны. Выкарыстоўвалі лён, воўну, радзей — каноплі, пяньку. Лён амаль кожная сям’я вырошчвала, кажуць вучні. Яго рвалі, вязалі ў снапы. Каб аддзяліць галоўкі ад сцябла, абівалі прамавугольным пранікам — паказваюць драўляны брусок з ручкай. Ільняную саломку расцілалі на расу, пакідалі на некалькі тыдняў, каб яна зрабілася мяккай. Потым сушылі, мялі на церніцы і трапалі траплом (тонкай дошчачкай даўжынёй каля паўметра) — так ачышчалі валакно ад дробных кавалкаў кастрыцы. Пасля часалі спецыяльным грэбнем, яно станавілася мяккім і шаўкавістым.

— Наконт сыравіны ў семежаўцаў існавалі свае забабоны, — расказвае Таццяна. — Спрыяльнымі днямі для пасеву лёну лічыліся пятніца і субота. Панядзелак называлі цяжкім днём. У аўторак пасееш — вырасце пустазелле, у сераду – чэрві будуць нападаць, у чацвер – ураджай атрымаецца нізкарослым. Неслі насенне ў скрыначцы, абмотанай белым ручніком. Лепш, калі сеяў лён мужчына.

ПОТЫМ з сыравіны пралі ніткі. Паказалі мне прасніцу, верацяно, матавіла.  Другім этапам у падрыхтоўцы да ткацтва было снаванне, зрэдку займацца гэтым даводзіцца і супрацоўнікам цэнтра. Але сноўніцу тут не ўбачыш: яна вялікая, у дыяметры — чатыры метры. Складалася з двух накрыж размешчаных драўляных прамавугольных брускоў, умацаваных вертыкальнымі рэйкамі. На ёй размяркоўвалі пражу, каб у час ткання ўтвараўся зеў (верхні і ніжні рады з нітак), таксама вызначалі даўжыню і шырыню будучай тканіны. З сноўніцы атрымоўвалі ніткі, якія ўпляталі ў касу.

Свае прыкметы і тут былі. Не снавалі ў нядзелю, якую аддавалі Богу, і ў панядзелак, калі «снуюцца» дзень і ноч. Сноўніцу мелі не ўсе, і прыцемкамі пераносілі яе з хаты ў хату. Абавязкова накрывалі тканінай і навешвалі замок, каб не занесці з прыладай нячыстую сілу. Ткацкі станок ставілі, калі на зямлі ўсё было прыбрана і напралі нітак, выносілі да Вялікадня. А калі нападала на вёску бяда, тая ж засуха, то жанчыны збіраліся ў адным доме. Пралі, снавалі, ткалі ручнік — усё гэта павінны былі паспець за адну ноч. На досвітку такі абярэг вывешвалі на вясковы крыж.

Ткала я ткала, але за паўтары гадзіны змагла адолець усяго... некалькі сантыметраў. Толькі за тыдзень можна атрымаць гатовы выраб. Па кошце сёння ткацтва — сапраўдная раскоша. Напрыклад, на ніткі для нашага ручніка трэба каля 250 тысяч рублёў. На тую посцілку з яркім малюнкам спатрэбіцца больш як 1,5 мільёна. І гэта не ўлічваючы таго, што працаваць давядзецца цэлы месяц! Сам станок чатыры гады таму купілі за 3 мільёны рублёў.

Ці ж варта аўчынка вырабу, спытаецеся вы? Варта. І не толькі дзеля таго, каб захаваць спрадвечна нашае. Стварыць турыстычны брэнд раёна, падтрымаць імідж краіны, якая славіцца сваімі льнянымі вырабамі, таксама перспектыўна.

Вікторыя КОРШУК

korshuk@sb.by

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter