П’еса культавага расійскага драматурга Івана Вырыпаева DreamWorks пастаўлена ў Маладзёжным тэатры

Смецце вынеслі, можна і памарыць

Заўсёды цікава назіраць, у які бок пачне развівацца той ці іншы рэжысёр. Так, Дзмітрый Багаслаўскі, вядомы акцёр і драматург, які паспяхова заняўся няўдзячнай рэжысёрскай справай, пасля псіхалагічнай драмы “Саша, вынесі смецце” па п’есе Наталлі Варажбіт, пастаўленай на Малой сцэне тэатра, незнарок пайшоў у бок інтэлектуальнай камедыі. Бо пасля драматызму і прадчування нейкай непазбежнасці трагічнага фатуму, які вісеў у паветры таго спектакля, усім, відаць, захацелася нейкай эмацыянальнай перадышкі. І перш за ўсё Багаслаўскаму.



На вялікай сцэне Дзмітрый Багаслаўскі прадставіў трагікамічную гісторыю вядомага расійскага драматурга Івана Вырыпаева з англамоўнай назвай DreamWorks. Яе можна перакласці як “мары збываюцца” ці “мары працуюць”. Напэўна, многія ўзгадалі, што існуе і вядомая галівудская студыя з такой назвай. Але цікава, што тут зноў ёсць прывід. І калі ў спектаклі “Саша, вынесі смецце” гэта быў прывід мужчынскі ў выкананні Аляксандра Пашкевіча, то тут прывід больш таямнічы, жаночы. Амаль чорная панна, але не Нясвіжа, а амерыканскага мегаполіса.

Галоўны герой гэтай гісторыі — паспяховы прадстаўнік сярэдняга класа Дэвід — засумаваў пасля смерці жонкі, якая зараз з’яўляецца яму паміж кілішкамі віскі, каб данесці да яго розуму ўсім вядомыя ісціны пра тое, што каханне трымае гэты свет на сваіх плячах і ні ў якім разе не трэба адчайвацца. Слухаць гэта ўсё неяк няёмка, нібы прысутнічаеш на пропаведзі не тваёй канфесіі. Але Вырыпаеў-драматург менавіта на гэтай другаснай дыдактыцы стварае ўсю п’есу, у якой на самой справе няма ні добрага гумару, ні інтрыгі, ні парадоксаў. Дзеянне не становіцца цікавейшым, нават калі сыходзіць прывід і з’яўляюцца разнамасныя сябры Дэвіда — вельмі шумныя і нахабныя. Ёсць тут і свой будыйскі лама, праўда, амерыканец па паходжанні.

Як і ў знакамітай п’есе “П’яныя”, у герояў Вырыпаева зноў іншаземныя імёны: Дэвід, Мэрыл, Тэдзі, Джон, Элізабэт. Навошта героям такія імёны, асабіста мне не зразумела.

Можа, аўтар хацеў зрабіць сваю п’есу трохі маднейшай? Адна справа, калі на сцэне спрачаюцца Вася ды Маша, і зусім іншая — калі Джон і Элізабэт. За такой спрэчкай назіраеш ужо з нейкай павагай — маўляў, іншаземцы, што з іх узяць?

Не ведаю, ці атрымоўваюць асалоду ад спектакля самі акцёры. Здавалася, што падчас дзеяння яны выглядалі неяк разгублена, асабліва ў першым акце. Не хапае нейкай пераканаўчай сцэнічнай харызмы акцёру Андрэю Бібікаву, які выконвае галоўную ролю. Яму не верыш ні на ёту, уся яго мітусня і заломванне рук выглядаюць ненатуральна. Мне здаецца, атрымалася б больш цікава, калі б сам рэжысёр паспрабаваў сыграць гэтую ролю.

Пры ўсіх сваіх відавочных хібах DreamWorks — амбіцыйны спектакль амаль на тры гадзіны, і большая частка дзеянняў адбываецца ці на авансцэне, ці зусім у глядзельнай зале. У любым выпадку — пры спушчаным занавесе. І мінімалістычна, і эканамічна. Але, калі ідзеш у тэатр, хацелася б атрымаць паўнавартаснае эстэтычнае ўражанне не толькі ад ігры акцёраў, але і ад сцэнаграфіі.

DreamWorks таксама ідзе ў Маскоўскім мастацкім тэатры ў пастаноўцы Віктара Рыжакова. Іграюць там Філіп Янкоўскі, Ірына Пегава, Васіль Кішчанка і іншыя зоркі. Калі ў гэтых акцёраў ёсць налёт нейкай няўлоўнай буржуазнасці і ў паўсядзённым жыцці, то і тэкст Вырыпаева, напэўна, ім даецца лягчэй. Не ведаю. Трэба паглядзець і параўнаць. Пакуль жа крызіс буржуазнага класа нашы акцёры іграюць так прыблізна, нібыта гаворка ідзе пра марсіян. Не выратоўваюць ні экстравагатныя касцюмы, ні музыка. Усё дыхае нейкай другаснай правінцыяльнасцю.

На жаль, мая мара пра таленавіты непрадказальны спектакль на гэты раз не здзейснілася.

5 фактаў пра Івана Вырыпаева


Скончыў Іркуцкае тэатральнае вучылішча, пасля яго заканчэння адзін сезон працаваў акцёрам Магаданскага тэатра, два сезоны — акцёрам Тэатра драмы і камедыі на Камчатцы.

Як драматург прымаў удзел у стварэнні сцэнарыя да фільма “Бумер-2”.

Рэалізаваўся як кінарэжысёр, зняўшы стужкі “Эйфарыя”, “Выратаванне”, “Танец Дэлі” і іншыя.

Атрымаў болей за 15 узнагарод міжнародных фестываляў.

Вырыпаеў працуе ў Маскве, жыве ў Польшчы, паколькі ягоная жонка — польская актрыса Караліна Грушка.

ДАРЭЧЫ

Спектакль Беларускага маладзёжнага тэатра “Саша, вынесі смецце” па п’есе ўкраінскага драматурга Наталлі Варажбіт у пастаноўцы Дзмітрыя Багаслаўскага прадстаўляе тэатр на IV Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”, які завершыцца ў гэтую нядзелю. А сама п’еса “Саша, вынесі смецце” заяўлена ў намінацыі “Драма / Праца драматурга” расійскай тэатральнай прэміі “Залатая маска — 2017”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter