Ці многія з нас, тых хто працуе ў офісах, глядзяць на лінейныя люмінесцэнтныя лямпы як на крыніцу небяспекі?

Смета на смецце

Ці многія з нас, тых хто працуе ў офісах, глядзяць на лінейныя люмінесцэнтныя лямпы як на крыніцу небяспекі? Але ж у кожнай з іх утрымліваецца ад 20 да 50 мг атрутнай ртуці! З іншага боку, з такім мысленнем і да параноі недалёка, бо ў сённяшніх рэаліях вакол нас сотні прыбораў, якія, асабліва старыя, утрымліваюць у сваіх «нетрах» шкодныя рэчывы. Напрыклад, у кінескопе рарытэтнага тэлевізара — да 2 кілаграмаў аксіду свінца. А старыя халадзільнікі могуць утрымліваць фрэон — рэчыва, якое ні многа ні мала разбурае азонавы слой. Што і казаць, калі нават у звычайных батарэйках ёсць цяжкія металы — свінец, хром і кадмій, здольныя накоплівацца ў чалавечых тканках і выклікаць шэраг захворванняў. Але гэта зусім не азначае, што ўсім нам тэрмінова трэба вярнуцца ў каменны век, дзе галоўная пагроза для чалавека зыходзіла ад якога-небудзь шаблязубага тыгра. І зараз, кажуць спецыялісты, усё гэта не страшна, калі развітвацца са старой тэхнікай правільна — аддаваць у спецыяльныя месцы для яе збору. А ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў № 1124 такія пляцоўкі з пачатку 2015-га з’явяцца ў многіх гандлёвых пунктах краіны.

rr-14p1.jpg
Калаж Мiкалая ГIРГЕЛЯ.

Прычын для такой увагі да адходаў электрычнай і электроннай тэхнікі, ад халадзільнікаў да планшэтаў, дастаткова. І справа не толькі ў той шкодзе, якую яны могуць нанесці навакольнаму асяроддзю, а такім чынам і чалавеку. Колькасць такога смецця з году ў год расце. Чаму? Калі той жа халадзільнік раней куплялі на 40 гадоў, сёння — не больш як на 10. Тэхніка становіцца даступнай па кошце, а таму часцяком прасцей купіць новую рэч, чым рамантаваць старую. У выніку толькі за мінулы год адходы тэхнікі, па падліках эколагаў, склалі каля 48 тысяч тон. Калі вымераць гэтую лічбу ў аўтамабілях, гэта 1700 фур тэхнасмецця. Зрэшты, гэтая сітуацыя тыповая для ўсяго свету. І ў краінах ЕС, дзе яшчэ зусім нядаўна доля гэтых адходаў складала 4—6 працэнтаў ад агульнай колькасці, цяпер лічба павялічылася практычна ўдвая.

Куды падзець увесь гэты тэхналагічны хлам? Звезці на палігоны і схаваць далей ад чалавечых вачэй? Ці ўсё ж, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі, перапрацаваць, здабываючы каштоўныя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў некаторай тэхніцы і якія потым не трэба будзе браць з кладовак прыроды? А гэта тыя ж чорныя і каляровыя металы, палімеры, гума і шкло. І наогул такая праца ў нашай краіне сёння ўжо вядзецца.

Больш за тое, улічваючы, што часта ў чалавека няма магчымасці здаць перапрацоўшчыку буйнагабарытную тэхніку, у ААТ «БелВТІ» працуе спецыяльнае таксі, якое выязджае на месца і бясплатна забірае тое, што адпрацавала свой тэрмін. І аб’ёмы жалезнага і пластыкавага смецця тут штогод павялічваюцца ў разы. Калі яшчэ ў мінулым годзе, па словах генеральнага дырэктара арганізацыі Аляксандра Кірпічніка, было сабрана каля 200 тон, у гэтым лічба павялічылася да 1350 тон. Арганізацыя пашырае супрацоўніцтва з прыёмнымі пунктамі і крамамі, у тым ліку і адасобленымі. Такімі, напрыклад, як у Браслаўскім раёне, дзе каля 600 аддаленых адзін ад аднаго населеных пунктаў.

Але вось калі буйную адпрацаваўшую тэхніку айчынныя прадпрыемствы перапрацоўваюць, то з тымі ж батарэйкамі пытанне больш складанае. І хоць збіраць іх будуць у абавязковым парадку, да слова, у краіне ўжо каля 400 арганізацый, якія гэтым займаюцца, аб уласнай перапрацоўцы гаворка не ідзе. «Гэта нявыгадна, — кажа Аляксандр Кірпічнік. — Мінімальная вытворчасць абыдзецца ў суму каля 200 тысяч еўра. І для яе эфектыўнай працы спатрэбіцца 100 тон батарэек у год. У нас жа пакуль за ўвесь час збору па рэспубліцы накоплена усяго 27 тон батарэек. Іх прасцей вывезці ў Польшчу ці Германію і перапрацаваць».

Такім чынам, з новага года пазбавіцца ад тэхнічнага смецця будзе прасцей. Буйныя гандлёвыя сеткі, якія ў большай ступені закране збор бытавой тэхнікі, ужо прадумваюць для гэтага маркетынгавыя хады. Да прыкладу, бясплатную дастаўку пакупкі ў абмен на «спачыўшае», або скідкі тым, хто прынясе ў гандлёвую кропку электронны хлам. І гэтак далей. Сетка збору батарэек і лямпачак, улічваючы абавязковыя заканадаўчыя патрабаванні, будзе яшчэ шырэй. І тое ж ААТ «БелВТІ» ўжо рыхтуе адмысловыя скрынкі для іх збору.

У той жа час у прадстаўнікоў гандлёвых гігантаў пакуль шмат пытанняў, якія датычацца, у прыватнасці, эканомікі гэтага працэсу, а таксама класіфікацыі некаторых тавараў. «Як арганізаваць збор, мы ведаем, — з упэўненасцю кажа начальнік аддзела прававой і кадравай работы гандлёвай сеткі «Электрасіла» Дзмітрый Кажэўнікаў. — Але вось ці правільна тое, што варачныя паверхні і духавыя шафы фармальна адносяцца да дробнагабарытнай тэхнікi, не з’яўляючыся такой? Магчыма, гэты аспект трэба перагледзець». Зрэшты, суразмоўца запэўніў: кантэйнеры з’явяцца ў крамах электратэхнікі з 1 студзеня 2015 года. Аналагічная сітуацыя і ў іх калег — гандлёвай сеткі «Карона».

І хоць увесь працэс збору тэхнікі, якая выйшла са строю, ў краіне, можна сказаць, ужо адпрацаваны, аптымізму да пачатку агульнай вялікай справы крамы не праяўляюць. Але, іх можна зразумець. Некаторыя скардзяцца на няўдалыя ініцыятывы па зборы старых батарэек, якія праводзіліся два-тры гады таму. Маўляў, сабраць сабралі, а падзець потым было няма куды. Зрэшты, новы дакумент павінен даць адказ на многія з ранейшых пытанняў і зрабіць працу з адходамі справай прыбытковай.

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter