«Смерцi баялiся ўсе»

Праз чвэрць стагоддзя пасля Вялікай Айчыннай вайны франтавік Віктар Вятошкін даведаўся, што ён поўны кавалер ордэна Славы
Праз чвэрць стагоддзя пасля Вялікай Айчыннай вайны франтавік Віктар Вятошкін даведаўся, што ён поўны кавалер ордэна Славы


Поўны кавалер ордэна Славы Віктар ВЯТОШКIН

Змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на франтах Вялікай Айчыннай вайны наводчыку мінамёта, камандзіру мінамётнага разліку 601-га стралковага палка 82-й стралковай дывізіі Першага  Беларускага фронту сяржанту Віктару ВЯТОШКIНУ давялося крыху больш за год. Прымаў удзел у вызваленні многіх беларускіх гарадоў і вёсак, фарсіраваў Віслу і Одэр, распісаўся ў дзень Перамогі на рэйхстагу. Акрамя трох ордэнаў Славы, былы франтавік удастоены ордэнаў Айчыннай вайны 1-й ступені і «За службу Радзіме» 3-й ступені, медалямі. Пасля дэмабілізацыі амаль трыццаць гадоў працаваў на гомельскай фабрыцы «Палесдрук», дзе за вытворчыя дасягненні атрымаў званне «Ганаровы работнік прамысловасці Беларускай ССР», а за паспяховае ўкараненне тэхналогіі афсетнага друку ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Ветэран вайны і працы Віктар Дзмітрыевіч Вятошкін удастоены звання Ганаровага грамадзяніна Гомельскай вобласці.

Непадалёку ад Гомеля, у ціхіх мясцінах, дзе шматлікія прытокі поўняць раку Сож, прайшло даваеннае дзяцінства сялянскага хлопчыка Віктара Вятошкіна. Начная пасьба коней на пойменых лугах, чароўныя расповеды дзеда Уладзіміра Гурчанава пра ведзьмакоў, русалак і мужных асілкаў… Вясковыя падлеткі не заўважалі, як у світальным небе загаралася ранішняя зорка Венера. Кожную рыбную затоку, грыбное месца, лясную сцяжынку добра ведаў дзядуля Уладзімір Восіпавіч, які тут нарадзіўся і вырас. І бабуля Сцепаніда Іванаўна таксама з мясцовых сялян. Палову іх роднай вёскі Новая Мільча займалі падворкі старавераў, якія хрысціліся не трыма, а двума пальцамі. Віктараў бацька таксама з мясцовага сялянскага роду Вятошкіных. 


Курсант Віктар ВЯТОШКIН

Школьныя канікулы ўнук праводзіў з бабуляй Сцепанідай і дзедам Уладзімірам. Так было і ў тое лета, калі пачалася вайна. Віктар закончыў сямігодку і рыхтаваўся вучыцца далей. Але вераломнае нападзенне фашысцкай Германіі зблытала не толькі яго задумы. У момант апусцела Новая Мільча. Мужчыны пайшлі на фронт. У вёсцы засталіся старыя, жанчыны і дзеці. З сумам глядзелі вяскоўцы, як па шляху на ўсход адступала Чырвоная Армія. 

Віктар разам з бабуляй Сцепанідай касілі траву і сустрэлі адыходзячых савецкіх артылерыстаў. Бабуля не вытрымала і з горыччу прыгаворвала, на каго ж пакідаюць іх чырвонаармейцы. Байцы супакоілі, што хутка вернуцца і пагоняць ворага назад. Старэнькая тужліва глядзела ўслед, стоячы з унукам на скрыжаванні дарог. Калі калона знікла за паваротам, яна перахрысцілася і зняла з сябе маленькі нацельны крыжык. Перахрысціла ўнука, надзела на яго шнурочак з крыжыкам і сказала, каб заўжды быў смелым і мужным. Гледзячы ў здзіўленыя вочы хлопчыка, ціха, як малітву-абярэг, прашаптала, каб ніякая куля не кранула яго. 

Навокал іх вёскі грымела кананада. Лінія фронту адыходзіла на ўсход. Разам з бацькам, якога па ўзросце не мабілізавалі, Віктар займаўся гаспадарчымі справамі. Трэба было неяк выжываць. Вятошкіны мелі надзел у суседняй вёсцы Заліп’е, дзе даспявала збажына. Усёй сям’ёй працавалі на ніве, а ўвечары вярнуліся дамоў і засталі ў хаце нечаканых гасцей — нямецкіх салдат, якія там размясціліся, а гаспадароў выгналі ў хлеў. 

За Вятошкавым падворкам стаяла маленькая драўляная лазня. Аднойчы позна ўвечары бацька нагрэў вады, і з Віктарам пайшлі памыцца. Ад стомы і цяпла заснулі. Прачнуліся пад раніцу ад крыкаў нямецкіх салдат, якія ўварваліся ў лазню. Віктар паспеў неяк накінуць на сябе сподняе, а бацька разгубіўся, і без вопраткі яго і здранцвелага сына пагналі ў цэнтр вёскі, дзе стаялі ўжо людзі. Паліцаі акружалі іх. Голага Дзмітрыя Кузьміча ўбачыў стараста вёскі, які з дзяцінства з ім сябраваў, і папрасіў немцаў, каб дазволілі Вятошкіну апрануцца, і на вуха шапнуў яму: не вяртайся. Перапужаная маці неяк злаўчылася і паспела прынесці сыну Віктару з лазні вопратку. 

Амаль сотню жыхароў навакольных вёсак пагналі да шашы на Гомель. Спыняліся каля калодзежаў, каб глытнуць вады. На адным з падворкаў прыдарожнай вёскі заначавалі. Як толькі сцямнела, Віктар з сябрам непрыметна разламалі агароджу і выпаўзлі ў бульбяныя разоры, па якіх выбраліся да ваколіцы і ўцяклі. Праз балоты і лясы, каб не трапляць нікому на вочы, вярнуліся ў акупіраваную немцамі Новую Мільчу. Удзень юнакі хаваліся ў былой калгаснай лазні, а ноччу шукалі па вясковых агародах, чым можна падсілкавацца. 

З вялiкай радасцю сустрэлі ў сям’і Вятошкіных вестку, што вызвалены Гомель. Навокал грымелі яшчэ выбухі, а ў горадзе ўжо адкрываліся навучальныя ўстановы. Віктар паступіў у чыгуначы тэхнікум. Вясною 1944 года даведаўся, што яго вясковых сябрукоў прызываюць на службу ў армію. Вырашыў таксама прасіцца на фронт. Дабіўся прыёму ваенкамам, але той, як даведаўся, што ён вучыцца ў чыгуначным тэхнікуме, катэгарычна адмовіў, бо навучэнцы мелі броню. Засмучаны такім адказам, Віктар выйшаў з кабінета, а навабранцам ужо выдалі сухія пайкі. Разам з імі падсілкаваўся і раптам пачуў, што яго клічуць да ваенкама. Зайшоў у кабінет і на здзіўленне атрымаў прызыўную павестку. 

— У бліскучых хромавых ботах, што пашылі мне бацькі на вучобу, адправіўся служыць, — узгадвае Віктар Вятошкін. — Цягніком нас адправілі ў горад Старадуб, што на Браншчыне, дзе адразу прыступілі да заняткаў на кароткатэрміновых курсах. Ваенныя камандзіры вучылі армейскай справе. Закончыў вучобу мінамётчыкам. Спецыяльным эшалонам нас накіравалі на фронт. Шлях ляжаў праз Гомель, дзе цягнік на нейкі час спыніўся. Зусім побач — мая вёска. Не вытрымаў, каб не заскочыць дамоў. Хуценька прыйшоў у Новую Мільчу, але ў хаце нікога з родных не застаў. Даведаўся ад вяскоўцаў, што маці ў шпіталі ў прыгараднай вёсцы Лішчанец даглядае хворых на тыф сястру і бацьку. Пешшу кінуўся да іх і калі вярнуўся на чыгунку, цягніка ўжо не было. Начальнік станцыі прыняў мяне за дэзерціра і ў пакаранне прымусіў пілаваць дровы. Нічога не заставалася, як узяцца за пілу. У час работы да мяне падышоў старшына, і я патлумачыў, як апынуўся тут. Ён правёў мяне да ваеннага каменданта, які выслухаў расповед, што еду на фронт, а дома ў бацькоў ні дроў, ні на зуб чаго ўзяць. Камендант загадаў выдзеліць у маё распараджэнне машыну і некалькі салдат, каб з імі нагрузіць бярвенняў з разбомбленых драўляных дамоў. Мы хутка загрузіліся, і мяне зноў паклікалі да каменданта. Па яго загаду на харчовым складзе выдалі прадукты для бацькоў. У дзяжурнага старшыны пацікавіўся, чаго камендант так уважліва аднёсся да мяне.

I пачуў, што яго родных фашысты знішчылі, і калі я расказаў яму пра сваіх бацькоў, то ён, калі я выйшаў з кабінета, не ўтрымаўся і стаў плакаць. Адвезлі дровы ў вёску і вярнуліся ў Гомель. Мяне пасадзілі на аўтамашыну, што везла боепрыпасы на фронт. А каб ніхто па дарозе не затрымліваў, камендант выдаў спецыяльную суправаджальную даведку. 

— Свой першы бой памятаеце?

— Запомніўся першы выстрал на вайне. Страляў з вінтоўкі, але прамазаў. Змяніў яе на карабін, а потым і на мінамёт. Летам 1944 года нас пад Магілёвам размеркавалі па ротах. Акапаліся і ў ста метрах ад траншэй усталявалі мінамёт. Ад нямецкіх акопаў нас аддзяляла не больш як пяцьдзясят метраў. Гранаты пераляталі варожыя ўмацаванні. На ноч было запланавана наступленне з падтрымкай авіяцыі. Лётчыкі баяліся прамахнуцца, так шчыльна размяшчаліся пазіцыі. Паступіла каманда выставіць побач з намі скрынкі з прыборамі, і ў дзве гадзіны ночы прагучала па сувязі: «Сокалы, сокалы, спускайцеся ніжэй, ніжэй. Ванька, агонь!» Бомбы ляцелі са свістам, і здавалася, што ўпадуць на нас. Настолькі побач усё было. Некалькі бомб разарвалася зусім блізка, і нас накрыла выбуховым пылам. Мы ірванулі ўперад з мінамётнай ротай.

— Вы пачыналі стральбу з вінтоўкі, стралялі з карабіна і мінамёта. Чаму так мянялі зброю?

— На перадавой гінула шмат байцоў, і трэба было замяняць іх, таму і даводзілася асвойваць розныя віды зброі. Быў і кулямётчыкам. У маім прадпісанні ўказвалася, што засвоіў кулямёт і мінамёт. Пры вызваленні Слуцка даволі эфектыўна прымянялі бутэлькі з запальваючай сумессю. Варожыя салдаты скакалі на хаду з падбітых танкаў, і мы закідвалі іх самаробнымі гранатамі. Стваралі праход для нашых байцоў. У мяне на брустверы ляжаў дзясятак такіх бутэлек. Бывала, што ў варожых салдат мы не стралялі, калі яны кідалі зброю і адразу здаваліся ў палон. Выскачыць фашыст з палаючага танка, і ты можаш яго адразу знішчыць. Але думаеш: ну кінь жа ты аўтамат — і жывым застанешся. Мой баявы сябар Артамонаў шпурляў гранаты і прыгаворваў, што гэта за забітага бацьку, а гэта — за брата. Калі варожы салдат скакаў з танка, Артамонаў крычаў яму, каб кідаў аўтамат. Калі той бег, знішчаў і прыгаворваў: «...прасіў жа цябе жывым застацца».

За кулямётам добра праглядалася, як варожыя салдаты выскоквалі з траншэй, а пры стральбе з мінамёта мы атрымлівалі разлік, і міны ляцелі па зададзеным курсе. Даводзілася мне хадзіць і ў разведку. Сябры мяне так і называлі разведчыкам мінамётнай роты. Вывучаў участак, каб больш дакладна накіроўваць агонь.

— Віктар Дзмітрыевіч, а як перапраўлялі зброю праз рэкі?

— За Рагачовам пайшлі лясамі, балотамі да Дняпра і фарсіравалі шырокую паўнаводную раку. Вяроўкамі звязвалі невялікія плыцікі для разведчыкаў, а потым лазой змацоўвалі большыя плыты з бярвенняў. З сябрамі мы ўпяцярых пераплывалі на такім плыце. 

— Рака глыбокая, да берага далёка. Страх не ахопліваў?

— Усяго хапала. Лаза не заўжды вытрымлівала націск рачной плыні. Мы нават мінамёты адразу з сабой не перапраўлялі, а потым асобна дастаўлялі іх на другі бераг. Фашысты пільна сачылі за нашай пераправай. Часта ўстройвалі бойню. Крывёю залівалася магутная рака. Столькі часу мінула, а кожнае імгненне помніцца. Перад атакамі па сто грамаў нам налівалі.

— Для падняцця духу?

— Не ўсе вярталіся з бою. Асабліва цяжка было напачатку. На маіх вачах загінуў самы шчыры сябар Мікалай Вятошкін. Мы аднафамільцы і землякі. З нашай вёскі многіх забрала вайна. Шмат баявых сяброў палегла ў час правядзення аперацыі «Бабруйскі кацёл». Нашы войскі акружылі вялікую варожую групоўку і драбілі яе на часткі. Жорсткім выдалася змаганне за вызваленне Бабруйска. На вачах гінулі баявыя сябры. Кулі касілі байцоў справа і злева. Танкі ляцелі на высокай хуткасці, мы з іх саскаквалі і ішлі ў бой. Некаторыя мае баявыя сябры прама на аўтамат падалі і гінулі. У час бою танк зусім побач са мною праехаў і толькі абдаў граззю. Усхапіўся, а навокал страляніна, і я прыпаў да зямлі. Не спадзяваўся ўжо, што застануся ў жывых. Выратаваў абярэг бабулі Сцепаніды. Яе вобраз часта паўставаў перада мною. Смерці баяліся ўсе. Не было сярод баявых сяброў такіх, якія спрачаліся б пра веру — усе да Бога звярталіся. Не аднойчы за вайну са мною здараліся такія выпадкі, калі цудам выжываў.

— Вы папоўнілі дзеючую армію, калі нашы войскі ўжо гналі на захад акупантаў. Палявая пошта паспявала за вамі?

— Прымаў удзел у вызваленні Доўска, Рагачова, Быхава, Магілёва. Пасля Бабруйска праз лясы і балоты выйшлі на Слуцк, потым накіраваліся праз Пухавічы на Мінск і далей на захад праз Ваўкавыск, Гродна. Ноччу перасяклі мяжу з Польшчай. На невялікіх прывалах грэлі душу пісьмы з дому. Родныя цікавіліся маімі баявымі справамі. У сваіх трохкутніках расказваў ім пра вызваленыя мясціны, пра землякоў, што са мной разам гналі ворага на захад. Прытулімся з аднавяскоўцам Пронькам Галаном у акопе і па некалькі разоў перачытваем пісьмы з дому. 

 — Пра што вы цікавіліся ў сваіх лістах?

 — Турбаваўся, ці нарыхтаваў бацька карове Мурцы сена, ці дровамі запасліся. Пытаў пра суседскіх дзяўчат і перадаваў ім прывітанні.

— А пра свае баявыя ўзнагароды паведамлялі?

— Да зімы 1945 года іх у мяне не было. Першы ордэн атрымаў у сярэдзіне лютага. Пры прарыве варожай абароны на левым беразе Віслы каля горада Варка якраз на стары Новы год падавіў дзве варожыя кулямётныя кропкі і знішчыў каля дзесяці нямецкіх салдат. Праз месяц выклікалі ў штаб, і камандзір дывізіі ўручыў мне ордэн Славы трэцяй ступені. Паведаміў пра гэта родным. Раней пісаў ім, як у польскім мястэчку позна вечарам зайшлі мы з сябрам у хату, дзверы якой былі адчынены. Гаспадары спалі. Мой сябар ледзьве не крыкнуў мне: «Віцька, глядзі, на стале хлеб і глечык малака». Відаць, бацькі пакінулі дзецям вячэру. Нас здзівіла, што дзверы палякі не зачынялі і панавала цішыня. Назаўтра далей адпраўляліся ў паход, але не ўсе воіны сабраліся. Старшына загадаў мне высветліць, дзе байцы. Аказалася, што некаторыя не маглі выйсці з малінніку пасля ўчарашняга празмернага частавання свежай смятанай, што знайшлі ў склепе.

Асабліва запомнілася вызваленне Варшавы. Камандаваннем загадана было не руйнаваць горад, каб менш парушыць помнікі архітэктуры. 

— Віктар Дзмітрыевіч, а за якія заслугі вы атрымалі другі ордэн Славы?

— Гэта асобная гісторыя. У баі пад заходнепольскім горадам Старым Кастышэкам фарсіравалі раку Одэр. Там ніяк мы не маглі ўзяць лесапілку, з якой ва ўсе бакі страчылі з кулямётаў фашысты і не падпускалі нас да ракі. Удалося прасунуцца толькі на метраў сто ўперад, а праціўнік згрупіраваўся і пачаў наступаць. Быў жорсткі бой. Пры ліквідацыі варожага плацдарма на правым беразе Одэра мне ўдалося не толькі выжыць, але і знішчыць дзве агнявыя кропкі і адзінаццаць варожых салдат. Праз пятнаццаць кіламетраў, калі мы пераадолелі ўжо раку, камандаванне паведаміла аб узнагароджванні мяне ордэнам Славы другой ступені, які ўручалі ў штабе дывізіі. Прыемна было і гэтай навіной падзяліцца ў пісьме дамоў. Як і пра тое, што мне даверылі быць намеснікам камандзіра ўзвода. З кожным боем набываў вопыт, і распрацаваў сваю тактыку вядзення атакі. Звычайна ў наступленне ідуць у лоб, а я трох байцоў накіроўваў прама і пяцярых збоку. Пачыналі атаку выстраламі збоку. Варожыя салдаты ад нечаканасці губляліся і адступалі. Камандаванне падтрымала маю прапанову, і нават пагаворвалі, што пасля заканчэння вайны адправяць мяне вучыцца далей баявой справе. Але ў той момант галоўнае было выжыць. Вайна бязлітасна забірала ахвяры. Нашы войскі ўшчыльную падышлі да Берліна.

— Напэўна, у горадзе складаней было весці наступленне?

— У прыгарадзе Берліна стаялі дзень, другі. Сонечныя вясновыя дні. Усё навокал ажывала, а ў нас вялікія страты байцоў. Ні кроку далей не маглі прасунуцца. Фашысты заселі ў жылых кварталах і абстрэльвалі ўсё навокал. Наша камандаванне запатрабавала на дапамогу танкі, артылерыю. У дамах узрывалі сцены і ставілі ў такія ўкрыцці танкі, каб праціўнік фаўст-патронамі не змог іх абстраляць. Пад прыкрыццём танкаў і авіяцыі праскочылі асевую дарогу і перадыслацыраваліся. Пад кулямётныя чэргі кінуліся ўрассыпную ў двор праз пад’езды. Ледзьве не наскочыў я на забітага нямецкага салдата, які ляжаў перад уваходам і нагой трымаў адчыненыя дзверы. Імгненна па лесвіцы ўскочыў наверх і ўбачыў, што немцы з вокнаў стракочуць кулямётнымі чэргамі па вуліцы. Адступаць не было куды, бо тут жа заўважаць. На стале ляжалі нямецкія аўтаматы і амуніцыя. Умомант націснуў на курок аўтамата, каб нікога не падпусціць да стала. Некаторыя параненыя імкнуліся падпаўзці і ўхапіць зброю, але мой аўтамат не сціхаў, пакуль не знішчыў усіх.

Запомніўся бой на адной з вуліц Берліна, дзе пасля бамбёжкі ўсё было параскідана. Стаяла аўтамашына, і каля яе хадзілі нямецкія салдаты. З супрацьлеглага дома я выстраліў па машыне фаўст-патронам. Мой баявы сябар прыцягнуў боепрыпасы, каб працягваў стральбу. Чарговым залпам падпалілі аўтамашыну і ўваход у пад’езд. Стварылі магчымасць падыходу нашым салдатам да гэтага дома, за які спачатку мы ўдваіх зачапіліся, і паўзком падцягнуліся астатнія байцы. 

Ваеннае камандаванне ўсё гэта высока ацаніла і прадставіла сяржанта Віктара Вятошкіна да чарговай баявой узнагароды. 

Ішлі апошнія дні вайны. Пасля абвяшчэння Перамогі над фашысцкай Германіяй сяржанту Вятошкіну паведамілі аб прадстаўленні яго да баявой узнагароды, але ён так і не атрымаў яе.

З павержанага Берліна яго адправілі на вучобу ў Ульянаўскае вышэйшае ваеннае танкавае вучылішча. Вучыцца не змог па стане здароўя. Нагадала пра сябе баявая кантузія, і вымушаны быў напісаць рапарт аб адлічэнні з ліку курсантаў. Прапанавалі застацца працаваць. Пазнаёміўся з дзяўчынай Еўдакіяй Аўдзеевай, і хацелі зарэгістраваць шлюб, але з-за таго, што ў франтавіка не было пашпарта, а толькі салдацкая кніжка, адмовілі. Па афіцэрскім пасведчанні рэгістравалі, а Вятошкін закончыў вайну сяржантам. Угаварыў выбранніцу пераехаць на Гомельшчыну і там зарэгістраваць шлюб. 

Спачатку адзін адправіўся дамоў праз Маскву, адкуль адбіў тэлеграму, каб сустракалі. На Гомельскім чыгуначным вакзале, адкуль пайшоў на фронт, чакалі родныя. Краіна толькі падымалася на ногі пасля працяглай жорсткай вайны. Вёз сціплыя падарункі: хустачкі для маці і сястры, а бацьку — кнігі, якія ён любіў чытаць. Вяртаўся з абярэгам бабулі Сцепаніды, якой не стала за вайну. А дзядуля Уладзімір Восіпавіч амаль сто гадоў пражыў і праўнукаў Алу і Валодзю дапамагаў яшчэ выхоўваць. Разам з жонкай Еўдакіяй Рыгораўнай да выхаду на пенсію Вятошкіны працавалі на гомельскай фабрыцы «Палесдрук». Дачакаліся ўнукаў Вольгу і Сяргея, у якіх цяпер падрастаюць свае дзеткі — Каця, Насця, Кірыл і Максімка.

Толькі праз чвэрць стагоддзя пасля Вялікай Перамогі, дзякуючы маскоўскаму пісьменніку Яўгену Вяртлібу, які ў ваенных архівах знайшоў звесткі пра тое, што мінамётчык з Беларусі за баі на тэрыторыі фашысцкай Германіі быў прадстаўлены да высокай узнагароды і не атрымаў яе, франтавік Віктар Вятошкін даведаўся: ён поўны кавалер ордэна Славы. 

Не забывае Віктар Дзмітрыевіч і пра абярэг бабулі Сцепаніды, з якім ён набліжаецца да свайго дзевяностагадовага юбілею.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота з архіва і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter