Смех не арэх — зуб не лупiць

Прывiтанне з Аўцюкоў атрымалi жыхары сталiцы ў дзень смеху. Каб на мiнчукоў паглядзець, сябе паказаць i, канешне, удосталь пажартаваць, на рэспублiканскае свята гумару “Беларусы смяюцца” з’ехалiся дыпламанты Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках.

Арганiзавалi мерапрыемства Мiнiстэрства культуры Беларусi, Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт, Мiнскае гарадское аддзяленне Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, а таксама выдавецтва “Мастацкая лiтаратура”. БРСМ.
Каб трапiць на канцэрт у Палац чыгуначнiкаў, патрэбна было прайсцi праз “Вясёлую мытню”. Гаспадары свята Каласок i Калiнка прапускалi ў глядзельную залу тых, хто расказваў свежыя анекдоты, смяшынкi.
— Народ, якi ўмее смяяцца, вялiкi народ, — сказаў, адкрываючы свята гумару, старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, старшыня камiсii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Мiкалай Чаргiнец. — На жаль, у Мiнску такiх мерапрыемстваў праводзiцца мала. “Штаб-кватэрай” свята гумару з’яўляюцца Аўцюкi. У сувязi з гэтым было прынята рашэнне зрабiць такiя фестывалi традыцыйнымi i ў сталiцы нашай краiны. Я i сам люблю жартаваць. На дзень смеху перш-наперш падмануў жонку. Ну, а потым, канешне, атрымаў “здачы”. Хочацца, каб дзень гумару стаў для беларусаў сапраўды народным святам!
Нiкога з прыйшоўшых на канцэрт артысты тэатраў гумару “Спораўскi акалот” з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласцi, “Канкан” з Гродна, “Тары-бары” з Маладзечна не пакiнулi з хмурным выразам на твары. Рагаталi да слёз i ў час выступлення пiсьменнiка, iнiцыятара свята гумару ў Аўцюках Уладзiмiра Лiпскага, майстра пародый i гумару, заслужанага артыста Беларусi Уладзiмiра Радзiвiлава.
— Тое, што свята гумару “Беларусы смяюцца” менавiта так называецца, пацвярджае, што i наш народ мае свой непаўторны гумар, — адзначыў Уладзiмiр Радзiвiлаў. — Я езджу на фестывалi ў розныя краiны i заўважаю, што там людзi смяюцца з беларускiх гумарэсак, анекдотаў гэтак жа залiвiста, як з адэскiх цi габраўскiх. Спадзяюся, што хутка смех стане галоўным лякарствам ад розных хвароб, i ў беларусаў заўсёды будзе добры настрой.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter