
Мы сустракаемся з кіраўніцтвам чат-бота на вуліцы Максіма Танка, 36, корп. 1 у КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва». Для пачатку знаёмімся з кіраўніком праекта Арцёмам Самкіным і PR-менеджарам Антанінай Брадовіч. Яны ўспамінаюць, як ствараўся чат-бот.
— Усё пачалося ў лютым гэтага года. Бот прадставіў на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend адзін з яго стваральнікаў — Павел Гардон. Праект выйшаў у фінал, і праца закіпела ў стартап-акселератары Insight TDI. Юрысты, рэдактары, капірайтары і іншыя спецыялісты пачалі напаўняць бот карыснай інфармацыяй, — Антаніна Брадовіч дастае смартфон, заходзіць у месенджар Telegram і паказвае, як карыстацца асабістым памочнікам у афармленні дакументаў — ботам. Яна уводзіць у Telegram адрас @belgosbot. Пасля з’яўляецца прывітанне ад «Док-менеджара», які прапануе ўвесь даступны спіс дзяржпрацэдур. Пакуль іх 16. У будучыні будзе яшчэ больш.
Дзяржарганізацыі зацікавіліся ботам, які можа грамадзянам лёгка і даступна растлумачыць, як збіраць, запаўняць дакументы. Зразумела, што такі памочнік эканоміць час як простых людзей, так і супрацоўнікаў службы «Адно акно».

У Мінску працуюць каля 106 спецыялістаў службы «Адно акно», якія дапамагаюць разабрацца з адміністрацыйнымі працэдурамі. Да таго ж працуе кантакт-цэнтр па нумары 142 для атрымання неабходнай інфармацыі.
— У боце ўжо былі некаторыя працэдуры, напрыклад, адкрыццё і закрыццё ІП, запіс дзіцяці ў садзік. Цяпер жа дадаліся такія працэдуры, як кансультацыі ў пытаннях па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, пастаноўка на чаргу на жыллё, атрыманне дапамогі пры нараджэнні дзіцяці, — уключаецца ў размову Арцём Самкін. — Праца арганізоўвалася такім чынам: служба «Адно акно» расказвала, якія працэдуры ў насельніцтва карыстаюцца найбольшай папулярнасцю, а нашы супрацоўнікі збіралі ўсю неабходную інфармацыю пра іх, заканадаўчую базу, апрацоўвалі гэта і рабілі яе зразумелай, пасля адпраўлялі ў КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва», дзе ўсе недахопы выпраўлялі, а затым укаранялі ў бот.
Цяпер бот можа з лёгкасцю коратка і ясна растлумачыць, як стаць у чаргу на жыллё, атрымаць шэнгенскую і працоўную візы праз тры пасольствы — літоўскае, польскае, іспанскае, адкрыць ІП, замяніць пашпарт, зарэгістраваць аўто, даведацца, як здымаць і здаваць жыллё, як падаць іск у суд, змяніць імя і іншае.
— Аднойчы чат-бот і мне дапамог. Я сама грамадзянка Расіі, і мне неабходна было зарэгістравацца ў Беларусі. Месяц не магла зайсці на патрэбны сайт і пачытаць, як збіраць дакументы... Здавалася, гэта будзе так доўга! Скарысталася чат-ботам, і праз тыдзень у мяне ўсе дакументы былі гатовыя, — успамінае Антаніна Брадовіч.

Аляксандр ЯФІМАЎ і Арцём САМКІН: «Неўзабаве чат-бот укаранім і ў такія месенджары і сацсеткі, як Viber і Facebook».
Чат-ботам скарысталіся ўжо больш за дзве тысячы чалавек. І лічба з кожным днём павялічваецца. Паводле апытанняў, 96% карыстальнікаў сказалі, што бот ім дапамог. Сярэдні ўзрост карыстальнікаў, дарэчы, 20—30 гадоў. Гэта тыя, хто карыстаецца месенджарамі ў смартфонах.
— Бот зручны яшчэ і тым, што тут ёсць інфаграфіка, ёсць шаблоны бланкаў для заяў, якія можна спампаваць, самастойна запоўніць і аднесці туды, куды трэба. «Док-менеджар» падкажа адрасы, час працы службаў, у якія вам неабходна звярнуцца, — паказвае ў смартфоне Арцём Самкін. — Так, у свеце ёсць боты, якія самі за заяўніка запаўняюць дакументы, але тут ёсць праблема — не кожны гатовы дзяліцца сваімі персанальнымі данымі, таму не дадалi гэтую функцыю.
Адправіць адразу дакументы ў службу «Адно акно» праз яго пакуль нельга, але распрацоўшчыкі кажуць, што ўсё, магчыма, наперадзе.
— Пакуль мы засяродзіліся на працы ў Мінску. Але жыхары іншых гарадоў таксама могуць карыстацца чат-ботам, бо дзяржпрацэдуры адны і тыя ж у краіне, — дадае Арцём Самкін.
А што скажа другі бок? Заходзім у кабінет да дырэктара КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва» Аляксандра Яфімава:
— Чат-бот выдатны памочнік для ўсіх. У пачатку нашай працы мы вызначылі асноўныя працэдуры, на якія ёсць попыт у насельніцтва, і пачалі перакладаць іх у электронны выгляд, укараняць у чат-бот. Я сам устанавiў яго сабе. Ён проста і зразумела тлумачыць аб працэдурах, дакументах, якія неабходна сабраць і падаць у «Адно акно». Першыя працэдуры, якія ўкаранілі, былі звязаны з сацабаронай і жыллёвай палітыкай. Хутка ў робата з’явяцца працэдуры, звязаныя з атрыманнем дапамогі пры нараджэнні дзіцяці, па доглядзе за дзіцем і іншыя. Усё ў адным пакеце, каб мамы маглі за адзін раз вырашыць усе пытанні.
Дарэчы, чат-бот працуе 24/7. Хоць уначы можна, не выходзячы з дома, даведацца, якія дакументы для пэўнай працэдуры патрэбныя, і ўжо раніцай па самым бліжэйшым адрасе «Адно акно» іх аднесці.
alinakasel@gmail.com