
Усе стравы распрацаваны з улікам санітарных патрабаванняў і ўключаюць у сябе збалансаваныя карысныя прадукты.
Таццяна Лабушава, галоўны спецыяліст аддзела грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, падзялілася цікавымі падрабязнасцямі:— Мы распрацавалі лёгкае і вельмі пажыўнае меню — новыя стравы зараз укараняем у 20 харчаблоках гімназій і школ Мінска. Пасля дэгустацыі дзеці запаўняюць спецыяльна распрацаваную анкету, дзе адзначаюць найбольш упадабаныя стравы, уносяць свае прапановы. У новым сезоне мы мяняем частку салатаў: адыходзім ад традыцыйных для зімы квашанай капусты і салёнага агурка, дадаём свежую гародніну. Напрыклад, салат «Вясновы» складаецца са свежага агурка, капусты і яек, а ў салаце «Свежасць» капусту замянілі сырам. Абедзве стравы запраўляюцца смятанай.
Читайте также
— Ёсць у меню і рыба. Шніцаль «Карпыч» зроблены з філе карпа з дабаўленнем лімона і часнаку. Можна сказаць, вытанчаная страва, высокая кухня, — адзначае спецыяліст.
Не забыліся і пра ўсімі любімую бульбу. Зараз у меню ёсць аладкі з цёртай бульбяной масы, але вясна патрабуе абнаўлення. Таму сустракайце, дзеці, бабку «Школьную» з начынкай са свініны, цыбулі і морквы.
— Адна з галоўных навінак — каша «Сонечная» з кукурузных шматкоў, — кажа Таццяна. — Гэта багаты бялкамі і харчовымі валокнамі безглютэнавы прадукт з гіпаалергеннымі ўласцівасцямі. Ну і не забыліся пра прысмакі для буфета: пірожнае «Нектарнік», кекс «Зебра» і здоба «Усмешка» (смятаннік з макавай начынкай).
У пачатку сакавіка меню абновіцца ва ўсіх навучальных установах Мінска. Спецыяліст адзначае: стравы распрацаваны з улікам санітарных патрабаванняў і ўключаюць у сябе збалансаваныя карысныя прадукты.
glushko@sb.by