Смак В’етнама
23.12.2011 18:31:21
Сяльчанкі з аграгарадка Васілішкі Шчучынскага раёна ацэньвалі кухню замежных гаспадынь і частавалі іх беларускімі дранікамі
ДЫ НЕ, рысавая папера — гэта зусім не тое, на чым пішуць, — гарэзліва ўсміхаецца Цьям, якую ўсе па-свойску ахрысцілі Таццянай. — У яе, нібы ў капусны ліст, мясны фарш закручваецца, і атрымліваецца, праўда, не галубец, а нэм — страва надзвычай папулярная ў нас на радзіме. Ды і ў Мінску, калі хто завітае ў в’етнамскі рэстаранчык.
Трэба было бачыць, як дружна ўвіхаліся на кухні прадстаўніцы розных краін, розных культур! І колькі ж адзінства было ў спрадвечным жаночым жаданні накарміць, абагрэць, парадаваць… Вытанчаны водар зялёнага кітайскага чаю і спакушальны пах пірагоў з радзімай антонаўкай — тут усё дзівосна дапаўняла адно другое, ствараючы гармонію не столькі гастранамічную, колькі глыбока чалавечую.
А арганізавала гэту незабыўную сустрэчу для васілішкаўцаў аддзяленне грамадскай арганізацыі «Сяльчанка» Беларускага саюза жанчын сумесна з в’етнамскім зямляцтвам пры падтрымцы Пасольства Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Беларусі. Гасцей і ўсіх прысутных з задавальненнем знаёміла старшыня пярвічкі Ядвіга Шырокая, а затым павітала намеснік старшыні БСЖ, старшыня аддзялення «Сяльчанка» Рэгіна Давідовіч.
Аказваецца, на в’етнамскім донгу (грашовай купюры) красуецца ні што іншае, як наш трактар «Беларус»! Ды ці толькі пра гэтыя мілыя прыватнасці даведаліся васілішкаўцы? Да прыкладу, у В’етнаме, дзе катастрафічна не хапае сушы, некаторыя людзі жывуць… на вадзе, проста ў лодках. Ёсць нават цырк і лялечны тэатр на вадзе, а на рацэ Меконг працуе самы вялікі ў свеце водны базар!
Васілішкаўскіх сяльчанак, здавалася, цікавіць усё на свеце: пытанні сыпаліся, як гарох з развязанага мяшка. Распытвалі і пра сямейны ўклад, і пра ўраджаі рысу, якія в’етнамцы ўмудраюцца атрымліваць па тры-чатыры разы на год, і нават пра вырошчванне в’етнамскіх свінак, якія, між іншым, з поспехам «прапісаліся» і на беларускіх падворках.
Зразумела, што чыста жаночая цікаўнасць была праяўлена і да, так бы мовіць, прыватнага жыцця гасцей. А адкрытасць в’етнамскіх сяброў, іх цудоўнае пачуццё гумару, адсутнасць моўнага бар’еру рабілі дыялог гранічна шчырым.
— З мужам пазнаёмілася ў Мінску, хоць вучылася я ў Кіеве, — расказвае абаяльная Цьям. — Я тады працавала перакладчыцай пры заключэнні міжурадавых пагадненняў, а Хоа вучыўся ў БДУ. Мы пасябравалі, а потым і ажаніліся. Ні адзін дзясятак год ужо жывём у Беларусі, працуем у сферы высокіх тэхналогій. У Мінску ў нас нарадзіліся дзве дачушкі. Малодшая Аня, дарэчы, учора заняла першае месца ў конкурсе па брэйк-дансе, яна лідар у класе. Старэйшая — Ліля — ужо студэнтка, вучыцца ў Лондане.
— Нам падабаецца Беларусь, таму што жывуць тут вельмі добразычлівыя людзі, — дапаўняе жонку Хоа. — І бізнэс тут весці перспектыўна: ваша рэспубліка багатая на інтэлектуальныя актывы, на высокакваліфікаваныя кадры, асабліва ў сферы інфармацыйных тэхналогій…
…Сустрэча «Экзатычны В’етнам на беларускай зямлі» прынесла шмат задавальнення і незабыўных уражанняў. Раскрываліся сэрцы, напаўняліся ўдзячнасцю душы. У кожнага з прысутных з’явілася шмат новых сяброў. І дружбе той — доўжыцца. Дарэчы, менавіта ў дзень вышэйзгаданай сустрэчы ў В’етнам вылецела беларуская дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. У той час, як на ўзроўні ўрадаў умацоўваліся сувязі паміж беларускім і в’етнамскім народамі, у Васілішках на лакальным узроўні была «задзейнічана» народная дыпламатыя.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ
Фота аўтара