Смак В’етнама

ДЫ НЕ, рысавая папера — гэта зусім не тое, на чым пішуць, — гарэзліва ўсміхаецца Цьям, якую ўсе па-свойску ахрысцілі Таццянай. — У яе, нібы ў капусны ліст, мясны фарш закручваецца, і атрымліваецца, праўда, не галубец, а нэм — страва надзвычай папулярная ў нас на радзіме. Ды і ў Мінску, калі хто завітае ў в’етнамскі рэстаранчык.

Сяльчанкі з аграгарадка Васілішкі Шчучынскага раёна ацэньвалі кухню замежных гаспадынь і частавалі іх беларускімі дранікамі

ДЫ НЕ, рысавая папера — гэта зусім не тое, на чым пішуць, — гарэзліва ўсміхаецца Цьям, якую ўсе па-свойску ахрысцілі Таццянай. — У яе, нібы ў капусны ліст, мясны фарш закручваецца, і атрымліваецца, праўда, не галубец, а нэм — страва надзвычай папулярная ў нас на радзіме. Ды і ў Мінску, калі хто завітае ў в’етнамскі рэстаранчык.

Цьям віртуозна паказвае, як гэта робіцца. А васілішкаўскія жанчыны старанна занатоўваюць нюансы экзатычных рэцэптаў, спрабуюць штосьці дапамагчы спрытнай гаспадыні, між іншым, перакладчыцы па прафесіі. Пра тое, што мясцовымі майстрыхамі ўжо насмажана ладная горка дранікаў і прынесена безліч хатніх разнасолаў, пакуль замоўчваецца. Сюрпрыз будзе!

Трэба было бачыць, як дружна ўвіхаліся на кухні прадстаўніцы розных краін, розных культур! І колькі ж адзінства было ў спрадвечным жаночым жаданні накарміць, абагрэць, парадаваць… Вытанчаны водар зялёнага кітайскага чаю і спакушальны пах пірагоў з радзімай антонаўкай —  тут усё дзівосна дапаўняла адно другое, ствараючы гармонію не столькі гастранамічную, колькі глыбока чалавечую.

А арганізавала гэту незабыўную сустрэчу для  васілішкаўцаў аддзяленне грамадскай арганізацыі «Сяльчанка» Беларускага саюза жанчын сумесна з в’етнамскім зямляцтвам пры падтрымцы Пасольства Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Беларусі. Гасцей і ўсіх прысутных з задавальненнем знаёміла старшыня пярвічкі Ядвіга Шырокая, а затым павітала намеснік старшыні БСЖ, старшыня аддзялення «Сяльчанка» Рэгіна Давідовіч.

— Паміж Беларускім саюзам жанчын і Саюзам жанчын В’етнама ўсталяваліся трывалыя сяброўскія адносіны, — канстатуе Рэгіна Андрэеўна. — Падпісаны Мемарандум, у рамках якога жаночыя арганізацыі абедзвюх краін супрацоўнічаюць ужо на працягу дзевяці год. А гэта дарагога каштуе…

Аказваецца, на в’етнамскім донгу (грашовай купюры) красуецца ні што іншае, як наш трактар «Беларус»! Ды ці толькі пра гэтыя мілыя прыватнасці даведаліся васілішкаўцы? Да прыкладу, у В’етнаме, дзе катастрафічна не хапае сушы, некаторыя людзі жывуць…  на вадзе, проста ў лодках. Ёсць нават цырк і лялечны тэатр на вадзе, а на рацэ Меконг працуе самы вялікі ў свеце водны базар!

Васілішкаўскіх сяльчанак, здавалася, цікавіць усё на свеце: пытанні сыпаліся, як гарох з развязанага мяшка. Распытвалі і пра сямейны ўклад, і пра ўраджаі рысу, якія в’етнамцы ўмудраюцца атрымліваць па тры-чатыры разы на год, і нават пра вырошчванне в’етнамскіх свінак, якія, між іншым, з поспехам «прапісаліся» і на беларускіх падворках.

Зразумела, што чыста жаночая цікаўнасць была праяўлена і да, так бы мовіць, прыватнага жыцця гасцей. А адкрытасць в’етнамскіх сяброў, іх цудоўнае пачуццё гумару, адсутнасць моўнага бар’еру рабілі дыялог гранічна шчырым.

— З мужам пазнаёмілася ў Мінску, хоць вучылася я ў Кіеве, — расказвае абаяльная Цьям. — Я тады працавала перакладчыцай пры заключэнні міжурадавых пагадненняў, а Хоа вучыўся ў БДУ. Мы пасябравалі, а потым і ажаніліся. Ні адзін дзясятак год ужо жывём у  Беларусі, працуем у сферы высокіх тэхналогій. У Мінску ў нас нарадзіліся дзве дачушкі. Малодшая Аня, дарэчы, учора заняла першае месца ў конкурсе па брэйк-дансе, яна лідар у класе. Старэйшая — Ліля — ужо студэнтка, вучыцца ў Лондане.

— Нам падабаецца Беларусь, таму што жывуць тут вельмі добразычлівыя людзі, — дапаўняе жонку Хоа. — І бізнэс тут весці перспектыўна: ваша рэспубліка багатая на інтэлектуальныя актывы, на высокакваліфікаваныя кадры, асабліва ў сферы інфармацыйных тэхналогій…

…Сустрэча «Экзатычны В’етнам на беларускай зямлі» прынесла шмат задавальнення і незабыўных уражанняў. Раскрываліся сэрцы, напаўняліся ўдзячнасцю душы. У кожнага з прысутных з’явілася шмат новых сяброў. І дружбе той — доўжыцца. Дарэчы, менавіта ў дзень вышэйзгаданай сустрэчы ў В’етнам вылецела беларуская дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. У той час, як на ўзроўні ўрадаў умацоўваліся сувязі паміж беларускім і в’етнамскім народамі, у Васілішках на лакальным узроўні была «задзейнічана» народная дыпламатыя.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter