Смак мужчыны

Пытанне рубам: скварка з гарэлкай ці гарбата з цукеркай?“Сапраўдная мужыцкая ежа — гэта пельмені, сасіскі і каўбаса. Я вось, напрыклад, гэтым і харчуюся. Ну апрача чыпсаў, вядома”, — сказаў мне знаёмы з пачуццём гонару, якое выключала нават найменшую магчымасць аспрэчыць сцвярджэнне. Аднак усё з пералічанага — прадукты, вырабленыя чалавекам. І калі гаварыць пра “сапраўднасць”, то давядзецца прызнаць, што мужчына мусіць есці сырое мяса (паводле Дарвіна), закусваць яблыкам, які яму паднясе Ева (паводле Бібліі), ну а запіваць — крынічнай вадой (або хаця б са студні).

Натуральна, можна прыдумаць самому сабе і для грамадства нейкія нормы, стэрэатыпы паводзін, у тым ліку і правілы харчавання, але пасля акажацца, што нішто з гэтага не працуе.
Мой бацька, каб наесціся, з’ядаў каструлю баршчу. Я ў маленстве не тое што з дзівам, з жахам глядзеў, як ён жарэ літрамі поліўку і паглынае вялікія кусы мяса. Маці, падладжваючыся пад апетыты мужа, і нам з братам гатавала паводле таго ж рэцэпту: цэлы рондаль. Толькі я той рондаль мог з’есці за тыдзень, дый яшчэ заставалася. Зрэшты, і цяпер асабліва не налягаю на вялікія порцыі.
Мой прынцып харчавання — усяго патроху: і супу, і “другой стравы”. А як абавязковы дадатак — нешта мучное і салодкае. Не ведаю, што ўнутры мяне дзеецца, але без булачкі або цукеркі ніводзін абед не выходзіць сытным і закончаным. З салодкага мушу пачынаць і працоўны дзень. Увогуле грунтоўна паесці люблю вечарам, а ўдзень ежа толькі замінае. Добра паабедаўшы, хілюся на сон — працаздольнасць сыходзіць на нуль. Таму часам змушаю сябе галадаць, ахвяруючы патрэбамі страўніка на карысць мозгу. А каб зусім не памерці, з’ядаю шакаладку: слодыч дазваляе пратрымацца да таго часу, пакуль дабяруся да хаты і павячэраю.
Між тым нехта іншы, добра паеўшы ў абед, зусім не засынае, а наадварот — як і мае быць, мацнее і целам, і духам. А сёй-той яшчэ і сто грамаў вып’е, дык увогуле горы гатовы зрушыць. Я ж ад гарэлкі таксама засынаю. У мяне, на сто працэнтаў згодна з народнай мудрасцю, ад гарэлкі — розум мелкі. Мазгі запавольваюцца, наступае спачатку вялікая задаволенасць ад жыцця, а пасля — “адрубон”. У нейкім сэнсе гэта і добра: больш за сто грамаў не лезе і не пагражае сумнымі наступствамі. Дый шчыра скажу: не п’ю яшчэ па адной прычыне — нясмачна гэта. Толькі чамусьці лічыцца, што сапраўдны мужчына мусіць не толькі есці пельмені і каструлю баршчу на абед, але абавязкова “выдзімаць” пляшку гарэлкі як міленькі. Іначай паўстае пытанне: “Ты цвярознік ці язвенік?”
Калі б я жыў стэрэатыпамі, мо і паверыў бы ў слушнасць такога раскладу харчавання ды нават спрабаваў бы яму адпавядаць. Але мяне больш узрушваюць і стымулююць цукеркі. Тым часам адзін мой калега можа цэлы дзень харчавацца цукеркамі, як і я, але калі прапануеш яму вечарам у гонар выхадных выпіць віна, адмовіцца і налье сабе... сто грамаў “горкай”.
Як ні стараўся, але так і не знайшоў асаблівых праяў маскуліннасці або жаноцкасці ў тых людзях, якія ядуць многа мяса або салодкага. У кожнага — свой густ. Прынамсі, нас жа даўно не шакіруе, што жанчыны ідуць служыць у міліцыю ці войска. А некаторыя з іх, скажу вам страшную рэч, ядуць ананасы з часнаком! Чаму тады мужчына не можа смакаваць цукеркі?

v.korbut@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter