Народная газета

Смачныя вандроўкі

Гастранамічныя фестывалі набываюць усё большую папулярнасць

Многія падарожнічаюць па свеце толькі дзеля таго, каб адчуць смак сапраўднай італьянскай піцы, літоўскіх цэпелінаў, французскіх круасанаў... Кожная краіна можа пахваліцца ўнікальнымі кулінарнымі рэцэптамі. А ў Беларусі на гэта здольны кожны рэгіён. Тут вас не толькі дранікамі накормяць, але і прапануюць бліны, спечаныя на калодзе, бульбянікі з варанай бульбы і крупнік на гарэлцы. Дзякуючы апантаным і неабыякавым беларусам у нашай краіне можна ўжо гаварыць пра цэлую плынь гастранамічных фестываляў з кірмашамі, кулінарнымі майстар-класамі, канцэртамі.

Фота Максіма Вечара

“Пробуйтэ на здороўе”

Што: “Мотальскія прысмакі”

Дзе: аг. Моталь, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Калі: жнівень

Італьянскі кулінарны крытык Рэната Кучынота пасля наведвання мотальскага фестывалю зрабіў выснову: “Маталяне — шчасліўчыкі, бо яны ядуць лепш, чым у сталіцы”. Яшчэ б! Ці пададуць вам у Мінску рульку, вытрыманую ў печы некалькі гадзін, кашу ў гарбузе, бульбяную таркаванку з сушанымі яблыкамі або мяса, запечанае ў хлебе? Яшчэ ў часы атрымання Магдэбургскага права ў 1555 годзе Моталь славіўся самабытнай кухняй і шчырымі гасціннымі людзьмі, майстрамі на ўсе рукі. Яны і жнуць, і ткуць, і печы кладуць, і лепшыя ў акрузе кажушкі вырабляюць. І ўсе — ад старога да малога — захоўваюць мясцовы дыялект. Нават турысты з іншых краін заўважаюць, што па прыгажосці мотальскую гаворку можна параўнаць з французскай ці італьянскай.

Усё больш гасцей збірае фестываль “Мотальскія прысмакі”, які ладзіцца з 2008 года. Аграгарадок на 4 тысячы жыхароў здольны здзівіць не горш за еўрапейскія сталіцы — і апетытнымі стравамі, і забавамі. Падчас фестывалю на вуліцах з’яўляюцца паўліны з мясной нарэзкі, каралі з каўбасак, макеты храмаў з сала. Аднойчы мотальскія майстры-самавучкі нават умудрыліся выкласці з каўбасных кавалачкаў партрэт Моны Лізы! “Пробуйтэ на здороўе!” — кажуць тут. Але ж за прысмакамі трэба не забыцца наведаць мотальскую хатку, дзе нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, музей народнай медыцыны “Бабуліны вышкі” ў вёсцы Стрэльна, а таксама Дастоева, адкуль паходзіць род пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага.


Залатыя галовы

Што: “Гаспадарчы сыр”

Дзе: г. Слаўгарад, Магілёўская вобласць

Калі: 30 красавіка

Беларускія вытворцы спрабуюць паўтарыць замежныя пармезан, рыкоту, маскарпоне... Але наўрад ці гэтыя сырныя “рэпрадукцыі” змогуць параўнацца з традыцыйнымі сырамі, якя прапануюць на кулінарным форуме “Гаспадарчы сыр” у Слаўгарадскім раёне. На сёлетнім фестывалі, які адбудзецца ўжо ў гэтую нядзелю, мясцовыя сыравары збіраюцца прадставіць на суд гасцям больш за 50 відаў натуральных сыроў на любы густ: цвёрдыя і мяккія, плаўленыя і тварожныя, сырніцу і сырныя аладкі, салодкія і салёныя, з рознымі заправамі і напаўняльнікамі. Не кожны гіпермаркет можа пахваліцца такім багаццем. На фестывалі можна не толькі пачаставацца, але і самому навучыцца варыць сыр.

Нягледзячы на назву, слаўгарадскі фестываль прысвечаны не толькі сырам. У праграме свята — канцэрты мясцовых творчых калектываў, тэматычныя экскурсіі, гульні і конкурсы, кірмаш сувенірнай прадукцыі, паходная лазня, пешаходныя і конныя прагулкі і нават начлег у намётавым мястэчку. Той, хто жадае атрымаць ад паездкі на Слаўгарадчыну як мага больш эмоцый, можа наведаць мемарыяльны комплекс у аграгарадку Лясная, папіць цудадзейнай вадзіцы з “Блакітнай крыніцы”, якая з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння, а таксама сплавіцца на байдарках па Сожы.

Фота БЕЛТА

Вішні ад Мюнхгаўзена

Што: Вішнёвы фестываль

Дзе: г. Глыбокае, Віцебская вобласць

Калі: чэрвень

Глыбоччына ніколі не скардзілася на недахоп турыстаў. Тут ёсць што паглядзець: кафедральны сабор Раства Святой Багародзіцы XVII стагоддзя і Троіцкі касцёл XVIII стагоддзя, магіла вядомага мастака Язэпа Драздовіча, музей авіяканструктара Паўла Сухога ў Глыбокім, Мосарскі касцёл і найпрыгажэйшы культурна-дэндралагічны комплекс вакол яго... А ў 2013 годзе з’явіўся яшчэ і Вішнёвы фестываль, на які прыязджаюць цэлымі сем’ямі з розных куткоў Беларусі і замежжа. Вядома, з’явіўся небеспадстаўна — дамы глыбачан не адно стагоддзе ззяюць у атачэнні “чырвоных рубінаў”. Па вішні ў Глыбокае прыязджаюць і з суседніх раёнаў, і з Мінска.

Згодна з павер’ямі, вішні ў Глыбокае завезлі ці то манахі, ці то мясцовы селекцыянер Баляслаў Лапыр, ці то сам барон фон Мюнхгаўзен. Так-так, той самы, што спрабаваў забіць аленя вішнёвай костачкай. Канешне, апошні варыянт больш падобны на жарт, аднак на мясцовых могілках і сёння можна ўбачыць стары двухметровы чыгунны крыж, на якім напісана прозвішча фон Мюнхгаўзена.

Падчас першага Вішнёвага фестывалю ў цэнтры Глыбокага ўсталявалі скульптуру ў выглядзе стылізаванага ствала і галінкі спелых вішань. Яна тут жа абрасла добрымі павер’ямі: хочаш шчасця — пагладзь самі ягадкі, грошай — патры лісточкі, роўнай і гладкай жыццёвай дарогі — правядзі далонню па галінцы. Пасля чатырох Вішнёвых фестываляў скульптура аж блішчыць ад дотыкаў рук шматлікіх турыстаў.

ЦІ ЧУЛІ?

Падарожнічаць па краіне са смакам стала прасцей — летась з’явілася гастранамічная карта Беларусі. Яе стваральнікі пераадолелі 4 тысячы кіламетраў, правялі 66 гадзін у дарозе, пакаштавалі 30 унікальных страў і 28 аўтэнтычных прадуктаў, каб аб’яднаць у адной карце ўсё самае культавае і смачнае, — ад вугра з вёскі Мурашкі і шапавальскага мёду на Віцебшчыне да аленіны з Налібоцкай пушчы і мармуровага мяса з Турава.

mila@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?