“Смачнога!”, “Рыбнага!”, “Малочнага!”

У тэлерадыёкампанii “Гомель” стартаваў праект “Вучымся размаўляць па-беларуску”

У тэлерадыёкампанii “Гомель” стартаваў новы праект “Вучымся размаўляць па-беларуску”.

Першы выпуск праграмы пад умоўнай назвай “Слова на “Добры дзень” ужо выйшаў у тэлеэфiры. Творчая група – рэжысёр праграмы Вiкторыя Дубавец, сцэнарыст Алена Трацэнка i вядучы, настаўнiк беларускай мовы гомельскай гiмназii № 52, паэт Святаслаў Крупенька – пастаралася данесцi да тэлегледачоў рэгiёна не толькi моўныя асаблiвасцi i прыгажосць беларускiх вiтанняў, але i зрабiла кароткi экскурс у мiнулае, да iх моўных вытокаў. Наўрад цi ўсе, хто зацiкавiўся новай праграмай, да гэтага ведалi, што побач з агульнаўжывальным “Дзень добры” з другiм нацiскным словам маюцца варыянты “Вечар добры” (нацiскны – “вечар”), “Вiтаю Вас!”, а таксама рэдка-ўжывальныя, як, да прыкладу, “Смачнога!”, “Рыбнага!”, “Малочнага!”, “Дабра ў хату!”... Дарэчы, Святаслаў Крупенька, вядомы ў педагагiчным асяроддзi як пераможца першага рэспублiканскага конкурсу “Настаўнiк года” i вядучы некалькiх такiх конкурсаў, у кароткай праграме (доўжыцца яе выпуск пяць хвiлiн) паспеў параўнаць семантыку беларускiх прывiтанняў з аналагамi з iншых моў свету. У той жа Манголii, як высветлiлася, ужываецца нямала змястоўна напоўненых спосабаў павiтацца i распытаць пра справы. Там, да прыкладу, можна пачуць: “Як зiмуеце?”, “Як начуеце?”.

— Мэта, якую мы паставiлi перад сабой, ствараючы гэту праграму, — адзначыў карэспандэнту “Р” старшыня тэлерадыёкампанii “Гомель” Вiктар Котаў, — у неназойлiвай, тактоўнай форме прыцягнуць увагу насельнiцтва да беларускай мовы ўвогуле i да праблем з правiльнасцю выкарыстання матчынай мовы ў паўсядзённасцi. Iншымi словамi, гэта спроба сродкамi тэлебачання прааналiзаваць учарашнi i сённяшнi дзень беларускай мовы, абазначыць перспектыву яе развiцця ў днi заўтрашнiм. Пакуль выпускi праграмы будуць выходзiць кожны тыдзень, пры запатрабаванасцi эфiрны час можа быць падоўжаны. Дарэчы, улiчваючы асаблiвасцi моўнага асяроддзя на Гомельшчыне, канстытуцыйна замацаванае двухмоўе ў краiне, разглядаецца прапанова па выпуску ў будучым тэлерадыёкампанiяй перадачы “Умеем ли мы разговаривать на русском?”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter