Смачней не бывае

Прадпрыемствы Брэсцкай вобласці сталі «Чэмпіёнамі смаку»

Прадпрыемствы Брэсцкай вобласці сталі пераможцамі конкурсу «Чэмпіён смаку».

Удзельнічаць у галасаванні восеньскага сезона дэгустацый народнага конкурсу, які праходзіў у Мінску, на працягу шасці гадзін маглі наведвальнікі аднаго са сталічных гіпермаркетаў і выставы «Прадэкспа». Перад тым як даць пакупнікам права самастойна выбраць пераможцаў, прафесійныя камісіі правялі пасяджэнні і ўсляпую прадэгуставалі некалькі соцень прадуктаў, адабраўшы па чатыры-пяць у кожнай з 40 намінацый.

Такім чынам, у фінал конкурсу прайшлі 164 узоры найлепшых мясных і малочных прадуктаў, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, сокаў і паўфабрыкатаў.

Паводле вынікаў конкурсу дыплом першай ступені дастаўся «Белавежскім далікатэсам», «Брэсцкаму мясакамбінату» і «Савушкінаму прадукту». Уладальнікамі Гран-пры адразу ў дзвюх намінацыях сталі прадукты Бярозаўскага сыраробнага камбіната — сыракваша і кісламалочны біянапітак «Фітадок». А яшчэ адзін бярозаўскі кісламалочны напітак — «Мумуся» — атрымаў дыплом ІІІ ступені.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter