Смачнае мастацтва

Дзень нараджэння беларускага шакаладу адзначаць 11 студзеня ў новым віцебскім музеі, прысвечаным гэтаму ласунку.
Дзень нараджэння беларускага шакаладу адзначаць 11 студзеня ў новым віцебскім музеі, прысвечаным гэтаму ласунку.

Музей шакаладу адкрыўся ў Віцебску напярэдадні Новага года і стаў добрым падарункам для жыхароў і гасцей горада. З экспанатамі, якія можна не толькі разглядаць, але і нюхаць (на жаль, каштаваць забаронена), тут пазнаёміліся яшчэ летам, калі ў горад са сваімі духмянымі шэдэўрамі завітаў вядомы шакалацье Nikolya. Пасля яго выставы ў члена Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці Любові Івановай і нарадзілася ідэя стварыць Музей шакаладу, дзе свае магчымасці маглі б дэманстраваць беларускія кандытары. Музей атрымаўся немаленькі — адначасова ў ім можа размясціцца каля ста выставачных салодкіх аб’ектаў. Гэта разнастайныя скульптуркі, фігуры, кампазіцыі, а таксама карціны з шакаладу. Дарэчы, тэхнікай роспісу “шакаладам па шакаладзе” ў Беларусі валодаюць толькі дзве мастачкі, якія жывуць у Віцебску. Можна зразумець, чаму “салодкі” музей з’явіўся менавіта ў гэтым горадзе. Большасць жа шакаладных шэдэўраў, якія ў ім знаходзяцца, зроблена рукамі навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя пад кіраўніцтвам Таццяны Есючэнка і Алены Мураўёвай, якія вядуць у ліцэі гурток “Ласун”.

Усе экспанаты ў музеі, а таксама інфармацыйныя стэнды выкананы з айчыннага шакаладу, які 11 студзеня адсвяткуе сваё 110-годдзе. У гэты дзень супрацоўнікі Музея шакаладу ў Віцебску падрыхтуюць для сваіх наведвальнікаў сюрпрыз — разам з уваходным квітком госці атрымаюць плітку шакаладу, каб адчуць увесь смак гэтага мастацтва.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter