Смачна есцi! Але дзе?

З нагоды 35-годдзя заканчэння аграфака Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэмii...

З нагоды 35-годдзя заканчэння аграфака Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэмii напачатку лiпеня амаль усёй групай пабывалi ў Горках. Каб падрыхтаваць сустрэчу, я, як былы стараста, разам са студэнцкiм сябрам Анатолем прыехаў на некалькi дзён раней. Дзякуючы дэкану мехфака Мiхаiлу Пархоменку для нас знайшлiся месцы ў iнтэрнаце.

Ранiцай мы сабралiся паснедаць. Сталоўка была на рамонце. Гэта мае рацыю, бо летам студэнты на канiкулах i самы час рабiць рамонт. Таму мы накiравалiся ў цэнтр горада, дзе некалi, як памятаем, працавала гарадская сталовая. Але ад яе засталiся адны нашы ўспамiны. Пакуль мой сябар шукаў, дзе можна пахарчавацца, я, iнвалiд другой групы (хаджу толькi пры дапамозе мылiцы), чакаў яго на лаўцы ў цэнтральным дзiцячым парку. Каля лаўкi стаяла скрыня для смецця, але вакол была процьма акуркаў ды лузгi ад семак. Вось вам i дзiцячы парк… Шукалi мы сталоўку на чыгуначнай станцыi Пагодзiна, але там кафэ, якое адчыняецца апоўднi, на аўтавакзале кафэ «Адпачынак» працуе з 11 гадзiн ранiцы… Нарэшце добрыя людзi падказалi пельменную, якая адчыняецца ў дзесяць! I мы паснедалi.

Дарэчы, пакуль шукалi сталоўку, у былым унiвермагу (зараз унiверсам) каля аддзела гастраномii ўбачылi адзiн столiк, за якiм, мабыць, можна было б i паснедаць. Але яго аблюбавалi два дзецюкi з бутэлькай «чарнiла» i адным коржыкам. I гэта а дзесятай гадзiне ранiцы! Атрымлiваецца, паесцi ўранку няма дзе, а выпiць — калi ласка?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter