Служэнне словам і справай

Вядомы вучоны Іван Чарота шмат робіць для таго, каб беларуская мова гучала ў храмах БеларусіУ верасні 2012-га, калі Івану Аляксеевічу споўнілася 60, за старанне ён атрымаў высокую царкоўную ўзнагароду — ордэн свяціцеля Кірылы Тураўскага II ступені. Урачыстасць была не ва ўніверсітэце, дзе даўно і плённа доктар філалагічных навук, прафесар працуе загадчыкам кафедры славянскіх моваў, а ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска. Узнагароду ўручаў настаяцель сабора протаіерэй Георгій Латушка па даручэнні тагачаснага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. У храме спадара Івана даўно ведаюць як свайго: прыхаджанін, член Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў, што дзейнічае пры храме.
Вядомы вучоны Іван Чарота шмат робіць для таго, каб беларуская мова гучала ў храмах Беларусі

Прафесар Іван ЧаротаУ верасні 2012-га, калі Івану Аляксеевічу споўнілася 60, за старанне ён атрымаў высокую царкоўную ўзнагароду — ордэн свяціцеля Кірылы Тураўскага II ступені. Урачыстасць была не ва ўніверсітэце, дзе даўно і плённа доктар філалагічных навук, прафесар працуе загадчыкам кафедры славянскіх моваў, а ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска. Узнагароду ўручаў настаяцель сабора протаіерэй Георгій Латушка па даручэнні тагачаснага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. У храме спадара Івана даўно ведаюць як свайго: прыхаджанін, член Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў, што дзейнічае пры храме.
У вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна, што на Брэстчыне, пачынаўся ягоны шлях да прызнання. Вучыўся ў розных школах, атэстат сталасці атрымаў у Кобрыне. Пасля было аддзяленне рускай мовы і літаратуры філфака БДУ, праца настаўнікам у Воранаўскім раёне. Потым вярнуўся ў “альма матэр” выкладчыкам. З часам, пасля дактарантуры, узначаліў толькі створаную тады кафедру славістыкі (славянскіх літаратур). Увогуле ж, як гаворыць Іван Аляксеевіч, яму хочацца пашыраць прастору культурнага супрацоўніцтва, і нават дысертацыя, якую абараняў беларус у Ленінградскім педінстытуце яшчэ за савецкім часам, прысвячалася ўплывам творчасці Міхаіла Шолахава на літаратурныя працэсы ў Югаславіі. Заглянуўшы ў замежныя далі, вучоны палічыў важным аддаць належнае і роднай зямлі. У доктарскай, якую абараняў ужо ў Мінску ў 1998-м, ён даследаваў тэму надзвычай актуальную і сёння: пра ўзаемаўплывы беларускай літаратура ХХ стагоддзя і працэсаў нацыянальнага самавызначэння.
Вось так, “капаючы ўглыб і ўшыркі”, як ён сам жартуе, і сцвердзіўся Іван Чарота — перш за ўсё як даследчык літаратур і культур славянскіх народаў, вядучы “югаславіст” Беларусі. Больш за 500 навуковых прац на яго рахунку, сярод якіх і шэраг кніг, у тым ліку анталогіі беларускай хрысціянскай паэзіі, прозы. Вядомы ён і як перакладчык, а таксама аўтар выдання “Тэорыя і практыка мастацкага перакладу”. Можна сказаць так: ягонае жыццёвае крэда — ладзіць масты паразумення. Шукаць тое, што збліжае, паядноўвае народы і людзей, робіць іх мацнейшымі. Прафесар Чарота цяпер — член рэдкалегій шэрагу перыядычных выданняў, у тым ліку і замежных, навуковы кансультант Беларускай Энцыклапедыі.
Да найважнейшых фактараў, якія збліжаюць людзей і народы, Іван Чарота прылічвае мову. “Чытаць на розных мовах я пачаў з маленства, як толькі з літарамі знаёміўся, — згадвае ён. — Гэта абумоўлена моўнай сітуацыяй майго краю і ўласна вёскі Лышчыкі: памежжа і з Польшчай, і з Украінай. Паколькі ўлада там неаднойчы мянялася, то рознымі былі і дзяржаўныя мовы. А я ўжо “сінтэзаваў” гістарычна-лінгвістычны досвед роду: адначасова пачаў чытаць польскі буквар, раённую газету “Камуністычная праца” па-беларуску, маскоўскую “Правду” па-руску, а таксама дзедавы дзве кнігі: “Евангелле” на царкоўнаславянскай мове і “Кабзар” Тараса Шаўчэнкі на ўкраінскай”. На скрыжаваннях моваў і ўзрос ягоны талент. Ён акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама Расіі і Сербіі, актыўна выступае ў друку як літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст. Больш за чвэрць стагоддзя ўзначальвае бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюза пісьменнікаў, займаецца перакладам з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай ды іншых моваў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай на сербскую. Яму належаць ужо больш за 1000 перакладаў твораў багаслоўскай і мастацкай літаратуры іншых народаў на рускую і беларускую мовы, у тым ліку звыш 60 кніжных выданняў. Перакладзены Іванам Чаротам зборнік ”Мовы ўсяго жывога: Сербскія народныя казкі”, выдадзены ў Мінску, прызнаны лепшай кнігай Беларусі ў галіне перакладу на 2008 год.
Служэнне слову і служэнне словам на карысць духоўнасці, збліжэння людзей прынесла Івану Чароту і шэраг іншых узнагарод. Ён лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” (за 2003 год), шэрагу міжнародных прэмій, што ўручаліся ў Польшчы, Сербіі, Чыкага, Бялградзе, ушанаваны ардэнамі і медалямі розных краін, Залатым знакам Культурна-асветнага таварыства Сербіі.
Асаблівае поле дзейнасці Івана Чароты — ягоны ўдзел у перакладах Святога Пісання на беларускую мову. Тым займаецца Беларуская Біблійная Камісія, альбо Біблійная Камісія Беларускага Экзархата РПЦ, створаная ў 1989 годзе. З 1994-га, ужо дваццаць гадоў, Іван Чарота — яе вучоны сакратар, а цяпер і выканаўчы рэдактар часопіса “Праваслаўе”. У склад камісіі ўваходзяць святары і багасловы, навукоўцы, прафесійныя перакладчыкі і літаратары. Часткова змены ў шэрагах камісіі, патлумачыў Іван Аляксеевіч, абумоўлены тым, што некаторыя перакладчыкі заняліся працай самастойна і друкавалі свае, “аўтарскія”, вынікі, іншыя адышлі ад карпатлівай справы. Камісію ўзначальвае цяпер ужо ганаровы мітрапаліт Філарэт. Ён, дарэчы, заўсёды падтрымліваў, калі трэба было, святароў, якія нясуць беларускамоўнае служэнне ў царкве. Адзін з іх, нагадвае Іван Чарота, гэта айцец Сергій Гардун, які выкладае ў Мінскай духоўнай семінарыі толькі па-беларуску. І свядома робіць тое з часу яе адкрыцця. Айцец Сергій — протаіерэей, кандыдат багаслоўя, прафесар Духоўнай семінарыі, ён узначальвае рабочы актыў камісіі.
“Асноўнай і надзённай задачай ББК лічыць падрыхтоўку такога перакладу Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову, які б стаў прымальным для Царквы, — гаворыць Іван Чарота. — У свой час старшыня камісіі казаў так: неабходна здзейсніць царкоўны пераклад, які павінен быць благаслаўлёны Царквою для ўжытку за богаслужэннем. Хоць праца, можа падацца, ідзе марудна, аднак выйшлі ўжо чатыры выданні Евангелляў, а таксама богаслужбовае Евангелле, малітвасловы ды іншыя кнігі па-беларуску”.
Показкай “што ні край, то звычай” можна патлумачыць спецыфіку мовы набажэнстваў у розных храмах Беларусі. Гадамі, стагоддзямі там складвалася адметная лексіка. І калі сёння Святое Пісанне перакладаюць на беларускую мову рыма-католікі, грэка-католікі, пратэстанты ці праваслаўныя, то ў любым выпадку гэта “канфесійны” пераклад. А такі пераклад, які падыходзіў бы для ўсіх, у Беларусі вельмі цяжка зрабіць. І таму так званы саборны пераклад біблійных тэкстаў, тлумачыць Іван Чарота, патрабуе дэталёвых, працяглых абмеркаванняў тэрмінаў. Увогуле ж ужо ёсць аўтарскія пераклады Святога Пісання, якія зрабілі, напрыклад, Васіль Сёмуха, Анатоль Клышка, ксёндз Уладыслаў Чарняўскі — але па-ранейшаму актуальна зрабіць такі пераклад, які ляжа на прастоле кожнага храма.
Як лічыць Іван Чарота, пашырэнне беларускай мовы ў храмах краіны — гэта супольная справа ўсіх вернікаў. І як будзе агульнае памкненне ладзіць набажэнствы на роднай мове, то і перашкодаў таму ніхто чыніць не стане. Галоўнае тут — каб мова родная была запатрабаваная ды каб вера жыла ў сэрцах. А навучыцца мове, лічыць прафесар, найлепш, калі маеш матываванае жаданне ды прыкладзеш трохі намаганняў. Ведаючы рускую, украінскую ці іншую славянскую мову, беларускую можна асвоіць, уважліва слухаючы вуснае маўленне, пры тым вылучаючы і запамінаючы адрозненні. Варта і з роздумам-аналізам чытаць тэксты. А праз два-тры тыдні, упэўнены Іван Чарота, пры нагодзе “развяжацца язык”.
Даведка ГР. Забарона на выкарыстанне беларускай мовы ў храмах на нашых землях з’явілася пасля 1795 году — так званага трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Цяпер беларуская мова выкарыстоўваецца ў той ці іншай ступені ў розных прыходах БПЦ. Службы на ёй праходзяць у Свята-Петра-Паўлаў­скім са­бо­ры Мінска, у Бары­са-Глеб­скім Калож­скім храме Гродна, у царкве ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы. У многіх храмах на службах чытаецца беларускамоўнае Евангелле, праводзяцца малебны па-беларуску. Шэраг святароў па жаданні вернікаў гатовыя хрысціць, вянчаць або ажыццяўляць іншыя абрады на беларускай мове. А беларускамоўныя рэлігійныя выданні можна набыць у кнігарні Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску, плануецца зрабіць адпаведны куток і ў Жыровічах. Па-беларуску выдадзены ўжо малітвасловы, казанні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, календары.

Іван Ждановіч

На здымку:
Прафесар Іван Чарота
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter