Слухай родную прыроду: завіруха завывае месяц люты з ёй гуляе.

Прыслухайцеся, калі ласка, да слоў: зіма, завея, завіруха, замяла, заснежыла. Калі вымаўляць гэтыя словы, то можна пачуць “з-з-з-з...” — так завывае завіруха. Каб яшчэ лепш зразумець, што гэта, трэба паназіраць. Пагуляла завіруха, намяла сумёты. Цікава “назіраць” за словам. Што такое су-мёты, можна зразумець, калі ўслухацца ў само слова. Як іх знайсці, дапаможа наступная падказка: “Сумёты месцяцца каля перашкоды — плота, паветкі, моста, а то і проста дзякуючы якой-небудзь умяціне ці зацэпцы, у полі” (Алесь Разанаў).

Прыслухайцеся, калі ласка, да слоў: зіма, завея, завіруха, замяла, заснежыла. Калі вымаўляць гэтыя словы, то можна пачуць “з-з-з-з...” — так завывае завіруха. Каб яшчэ лепш зразумець, што гэта, трэба паназіраць. Пагуляла завіруха, намяла сумёты. Цікава “назіраць” за словам. Што такое су-мёты, можна зразумець, калі ўслухацца ў само слова. Як іх знайсці, дапаможа наступная падказка: “Сумёты месцяцца каля перашкоды — плота, паветкі, моста, а то і проста дзякуючы якой-небудзь умяціне ці зацэпцы, у полі” (Алесь Разанаў).

Завея
Загуляла, закружыла
Свае песні завяла,
Гурбы снегу наваліла,
Усе сцежкі замяла.
Сівер люта завывае,
Свішча, гойкае, пяе,
Снег ахапкамі кідае,
Стрэхі ломіць, стрэхі рве.
А пад раніцу сціхае
Ды малым шчанём скуліць...
І зямля супачывае —
У белай світцы моцна спіць.
Сяргей НОВІК-ПЯЮН

Завіруха
Завіруха завяла
Песеньку зімовую,
Скрозь узгоркі замяла
Белаю абноваю,
За каўнер назола лезе
І выводзіць “з” на снезе.
Артур ВОЛЬСКІ

Зараз будзе няцяжка
адгадаць загадкі:
Без голасу, а вые.
Без рук, а абрусы сцеле...
Сее, вее, рассявае,
зімою сляды замятае...
(Завея, завіруха,
мяцеліца.)

Народныя прыкметы

  • Іней на дрэвах — на мароз, туман — на адлігу.
  • Доўгія ледзяшы ў канцы лютага — на доўгую вясну.
  • Зорнае неба на Трыфана (11 лютага) — позняя вясна.

Зрабі сам
Снегіры на галінках
Паспрабуем упрыгожыць наш пакой сваімі вырабамі з паперы — снегірамі на апранутых у іней галінках. Для гэтага нам спатрэбяцца лісты белай і рознакаляровай паперы, галінкі, клей, нажніцы.
Спачатку зоймемся інеем: на доўгіх палосках тонкай белай паперы з аднаго боку робім надрэзы па прамой лініі і абкручваем галінкі.
А зараз возьмемся за птушку (глядзіце малюнкі):
1. З двух лістоў паперы выразаем квадраты 17х17 см.
2. Ліст тонкай паперы змінаем у камяк і размяшчаем яго ў цэнтры квадрата.
3. Захінаем вуглы папяровага квадрата, які ляжыць знізу.
4. Скручваем вуглы ў спіраль, каб атрымаўся “хвосцік”.
5. Далей скручваем з паперы невялікую трубачку. Каб яна не разгарнулася, выкарыстоўваем клей. З аднаго боку робім на трубачцы надрэз — гэта будзе дзюба.
6. Прымацоўваем дзюбу да галоўкі.
7. З чорнай паперы робім вочкі і прыклейваем над дзюбай.
8. Далей выразаем і прыклейваем кружок чырвонай паперы — “грудку” снегіра. Робім з паперы крыльцы і лапкі, таксама прыклейваем іх. Замест каляровай паперы можна выкарыстаць розныя фарбы.
А каб наш снягір не засумаваў, зрабіце яшчэ адну ці некалькі папяровых птушак і пасадзіце іх на “заснежаную” галінку.

Загадкі ад Уладзіміра Мацвеенкі:

Усюды мне адкрыты шлях
і на дварах, і на палях.
Сляды чужыя замятаю,
ды і свае не пакідаю.
(Мяцеліца, завея.)

Моўчкі ідзе,
Моўчкі ўпадзе,
Моўчкі ляжыць,
А памрэ — пабяжыць.
(Снег.)

Малюнкі на шыбах
Калі гаспадарыць мяцеліца, лепш сядзець дома, а пад гукі яе песень расказваць казкі, маляваць. Мяцеліца нават падказвае некаторыя рухі вашай рукі ў час малявання.
Маляваць можна не толькі на паперы, цікава размаляваць шкло на вокнах. Дарэчы, тут мы далучаемся да аднаго з відаў народных рамёстваў — роспісу па шкле. Размалёўка па шкле выявілася ў маляванні насценных пано-“карцінак” як самастойных твораў. Прыёмы роспісу былі розныя: алейнымі ці друкарскімі фарбамі, празрыстым каляровым лакам, затым, падлажыўшы мятую фольгу і ліст кардону, бралі шкло ў рамачку. У хатніх умовах для пачатку прапануем выкарыстоўваць белую гуаш — яна лёгка змываецца, а малюнак пры неабходнасці можна паправіць.

Зорнае неба
Рана сыходзячы на зямлю зімовы вечар — лепшы час для назірання за зорным небам. Яно заварожвае. Далёкія зоркі заўсёды вабілі чалавека. Ёсць на небе і зорныя “жывёлы”, напрыклад, Вялікая і Малая Мядзведзіцы. Назіраючы за зоркамі, разглядваючы атлас зорнага неба, чытаючы і малюючы, мы размаўляем і разважаем не толькі пра неба і зоркі, але і пра жыццё, яго таямніцы. Шырэй пазнаць зорныя таямніцы дзецям дапамогуць літаратурныя і фальклорныя матэрыялы.

Народныя загадкі

Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці.
(Ноч.)

Палажу кажух, пасыплю гарох, палажу бохан хлеба.

(Неба, зоркі, Месяц.)

Загадкі ад Ніла ГІЛЕВІЧА

Цёмна-сіняя рагожка
Скрозь усеяна гарошкам,
Пасярод акрайчык хлеба.
Хто адкажа так, як трэба?
(Неба, зоркі, Месяц.)

Што за цуд за такі:
Па ўсім полі — светлякі,
А найбольшы святляк
Перагнуўся, як чарвяк.
(Зоркі і Месяц.)

Гайда, дзеці, увечар
Дзіва
паглядзім:
Поўны хлеў
авечак,
А казёл
адзін.

(Зоркі і Месяц.)

Мароз
На шыбах малюнкі,
На дрэвах карункі
Зрабіў цудадзейны мастак.
Узоры да рання
Стварыў ён дыханнем —
Рукамі не здолееш так.

Мастак ад прыроды,
Дыхнуў ён на воды —
Масты і масточкі стварыў,
Каткі і каточкі
Скаваў ён на ночку
І дзецям усё падарыў.
Васіль ЖУКОВІЧ

Дрэвы зімой малююць свой узор
Патрабуюць зімой нашай увагі і дрэвы. Ад маразоў яны лёгка ламаюцца, таму ствалы на зіму абкручваюць. Затое як цікава проста глядзець на дрэвы. У снежнае надвор’е дрэвы прыгожа ўбіраюцца, яны ўтвараюць суцэльную крону, якая нагадвае розныя прадметы, жывёл і другое. Пры іншым надвор’і галінкі дрэў пакрываюцца інеем, крона кожнага дрэва стварае свой непаўторны ўзор.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter