Слухай родную прыроду. Восень – перамен восем: сее, вее, круце, муце, рве, сапе, зверху лье, знізу мяце.

У чаканні зімы

У лістападзе дзеці назіраюць, як дзень за днём змяняецца выгляд лясоў, палёў, вадаёмаў. Прырода паступова сцішваецца, рыхтуецца да зімовага адпачынку.
Паляцела лета з птушкамі
На поўдзень.
Ні травы, ні кветак,
Пуста ў агародзе.
Вецер гоніць лісцік,
Скручаны, счарнелы.
Коціцца кудысьці
Ён асірацелы.
Голы сад знямелы
Да сябе не кліча.
Неба пацямнела
І цяпла не зыча.
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ

Паназірай, падбяры словы

Увосень і самыя малыя заўважаюць зменлівасць надвор’я: раніцай сонечна, увечары пахмурна, сёння стаіць цішыня, а назаўтра вецер вые, імжыць дожджык, які раптам ператвараецца ў мокры снег... Прапануйце дзецям словы, з дапамогай якіх можна апісаць восеньскае надвор’е: ветранае, воблачнае, дажджлівае, туманнае, халоднае, цёплае, пераменлівае.

Аб чым гавораць дрэвы?

У лістападзе расліны паступова губляюць свой багаты ўбор. Воку адкрываюцца далягляды. Дрэвы дзівяць нас формамі ствалоў, перапляценнем галінак. Займальна разглядваць малюнак вецця, адчуваючы непадабенства дрэў паміж сабою.
Шмат знаходзіцца цікавых заняткаў — сабраць самыя прыгожыя і розныя лісцікі, пазабаўляцца з апалым лісцем, пашапацець нагамі, а таксама дапамагчы дарослым зграбаць апалае лісце.

Збіраюць дзеці лісце.
Не чутна, як калісьці,
Птушыных спеваў-трэляў.
Збіраюць дзеці лісце
Ля сцежак і арэляў —
Альховае, кляновае,
Яно злятае з дрэў.
Дзіцячыя далонькі
Асенні ловяць спеў.
Ніна ПІНЧУК

Лістапад

З буйных ліп і бяроз
лісты валяцца,
між павалаў і лоз
рассыпаюцца.
Шапацяць,
шалясцяць
залацістыя,
увысь галінкі глядзяць
пусталістыя.
Янка КУПАЛА

Адкажы, паўтары,
адгадай, запомні

Колеры восені: зялёны, чырвоны, жоўты, аранжавы, руды, шэры.
Словы-характарыстыкі восені: агністая, барвовая, маладая, позняя.
Прыкметы восені: часта ідзе дождж, аблятае лісце з дрэў, адлятаюць птушкі, звяры рыхтуюцца да зімы.

Слоўнічак восені
лістапад ноябрь
вільгаць, сырасць влага, сырость
дождж дождь
імжа изморось
мокра мокро
парасон зонт
туман туман
рабіна рябина
хмара туча

Зіму на хвастах цягнуць

Завяршаецца перасяленне на зімоўку птушак. У народзе кажуць: “Гусі адлятаюць у вырай — зіму на хвастах цягнуць, восень хутка здасць свае пазіцыі”. Характэрным строем адлятаюць аднымі з апошніх чароды гусей, качак. Але яшчэ і напрыканцы лістапада сустракаюцца дразды і шпакі. З намі застаюцца зімаваць у гарадах і вёсках сінічкі, снегіры, галубы, вароны, галкі, а ў лесе — сарокі, дзятлы. Усім ім цяжка перажыць халады, а галодным яшчэ цяжэй. Людзі падкормліваюць птушак, майструюць кармушкі.

Верабейка

Верабейка ўвесь дрыжыць:
— Як тут жыць? Як пражыць?
Набліжаецца зіма —
Цёплай вопраткі няма.
Чык-чырык! Чык-чырык!
Я ад холаду адвык.
І азяб я, і прамок,
Слаба грэе мой пушок.
Вецер. Холад. Дождж імжыць...
Як тут жыць? Як пражыць?
Чык-чырык! Чык-чырык!
Я ад холаду адвык.
Станіслаў ШУШКЕВІЧ

Вожык

Хоць малы, амаль з кулак, але ў рукі не возьмеш ніяк. І ўсё ж яго калючае футра не надта нас палохае. Найбольш баяцца вожыка мышкі. Можа, які-небудзь вожык разгубіўся і просіць людзей прытуліць яго на час халадоў? А чаму ж і не?! Заадно начную службу нам саслужыць — мышак папалохае.

Загадкі

Мышак ловіць, ды не коцік ён,
Лісты носіць, ды не паштальён.
Каб лісе не трапіць на зубок,
У калючы скруціцца клубок.
(Вожык.)

Я прысела пад дубок,
Там качаецца клубок.
А які гэта клубок,
Што кальнуў мяне пад бок?
(Вожык.)
Данута БІЧЭЛЬ-ЗАГНЕТАВА

Хатняя гаспадынька

Маленькі рост, доўгі хвост, шэрая шубка, вострыя зубкі. Лёгка здагадацца — гэта мышка. Яна таксама хаваецца бліжэй да цяпла, бывае, забягае ў хату. Ці гэта проста лялечная мышка? Спытайцеся ў яе: “Мышка, мышка, дзе была?” Пытацца будзе гаспадар, а назіраць за імі з кута кот.
— Мышка, мышка, дзе была?
— Была ў пана караля.
— Што рабіла?
— Лыжкі мыла.
— А што далі?
— Кусок сала.
— Дзе паклала?
— Пад лаўкаю.
— Чым накрыла?
— Халяўкаю.
(Разам пашукайце завернутае ў халяўку сала.)
Тут з’яўляецца кот. Ён садзіцца на падлогу, дастае з торбы кавалак сала, пачынае есці. Тады пачынайце ганяцца за ім. Кот, наеўшыся сала, не мае сілы ўцякаць — пацягаецца і засынае на падлозе. Ну што ж, няхай будзе так!

Тэатр сваімі рукамі

Для гульняў з мышкай і вожыкам можна зрабіць тэатр ценяў. Павялічце на ксераксе карцінку, вазьміце нажніцы і павыразайце фігуркі. Наклейце іх на кардон. На раму нацягніце белую тканіну, з адваротнага боку накіруйце святло, уздоўж экрана рухайце фігуркі.

Чатыры пары года

Адзін мой знаёмы хлопчык напрыканцы лета ўздыхае:
— Эх, хутчэй бы ў садах было многа-многа спелых яблыкаў, груш, сліў, а ў лясах грыбоў і ягад!
I вось надышла восень. Са спелымі яблыкамі і слівамі, з грыбамі і ягадамі.
Пажоўклі на дрэвах лісточкі, пачалі ціхенька кружыцца ў паветры і апускацца на зямлю. Быццам нейкі чараўнік заслаў на вуліцах, у садах, парках залатыя дываны.
Прыгажосць — не выказаць!
Але вось зацягнулі неба хмары, зачасціў самотны дожджык, і хлопчык наш невясёлы:
— Эх, цэлы дзень дождж, на вуліцу не выйсці. Хутчэй бы зіма і многа-многа снегу. Зімой так здорава!
Вось які ён, мой знаёмы хлопчык.
Дарэчы, а табе не здалося, што яго жаданні вельмі падобныя да тваіх? Што табе таксама, як і яму, зімою хочацца вясны, вясною лета, летам восені? А ведаеш, чаму ўзнікаюць такія жаданні? Таму, што мы з табой жывём на вельмі прыгожай і казачнай зямлі. Так-так, менавіта казачнай.
Кожная пара года дорыць нам свае казкі, свае цуды. Таму, нацешыўшыся казкамі восені, мы з нецярпеннем чакаем зімовыя казкі, а налюбаваўшыся зімою, чакаем, што падорыць нам вясна. Пасля чакаем лета, восень.
У прыродзе шмат дзіўнага і незвычайнага. Толькі трэба яго ўбачыць, умець яго адчуць. А для гэтага трэба любіць і, вядома, берагчы прыроду. Толькі таму, хто

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter