Слухай родную прыроду: ветрык свежы павявае, пахі роднае зямлі збірае. Увосень нават верабей багацее.

З поўнымі кашамі лясных дароў, са скрынямі ўраджаю садоў і палёў сустракаем мы пачатак восені.Зямля яшчэ дыхае цяплом, але тоненькае павуцінне на галінках хмызняку, клопаты братоў нашых меньшых па нарыхтоўцы кармоў на зіму, раней надыходзячы змрок усё часцей нагадваюць: цёплая пара паступова саступае сваё месца.

Верасень
Месяц Верасень багаты — у яго залатыя шаты. Ходзіць ён па зямлі і дорыць ёй сваё багацце.
Зайшоў Верасень у сады цяністыя, атрос ігрушы залацістыя. Абабіў з яблынь духмяныя антонаўкі, чырвоныя крамяныя малінаўкі, захінуў туманамі слівы сінія...
Выйшаў у поле, наставіў мяхоў бульбы, на лузе склаў у копы траву і падаўся ў лес.
Ідзе Верасень лесам, прыбірае дрэвы ў дарагія ўборы... Страсянуў Верасень з дрэў буйную расу — і дзіва! Упалі да камлёў зялёных сосен ды залатых бяроз драбнюткія званочкі! Зацвілі верасы! Таму і завуць месяц — Верасень.
Клаўдзія КАЛІНА

Калі прыходзіць восень?
Восень — калі лось скідае рогі,
калі рэкі суцішаюць бег,
калі пахнуць верасам дарогі,
калі сонца коціцца са стрэх.
Анатоль СЫС

Выстава на вашым падворку
У верасні прырода вельмі шчодра дэманструе нам свае багацці. Якія колеры вакол! І нават такі марудны занятак, як выкопванне бульбы, здольны натхніць на творчасць. Дастаткова ўважліва прыгледзецца. Ды ці ж гэта бульба? Гэта нейкі мядзведзік забраўся ў ваш кошык! А можа, і не толькі ён. Сустракаюцца вельмі цікавыя па форме караняплоды. Можна сабраць цэлую калекцыю такіх знаходак і выставіць на сваім падворку, а фотаздымкі даслаць нам. Чакаем!

Загадкі з градкі
Круглы ён, але не мячык.
Ёсць нага,
Але не скача.
Шмат лістоў,
Але не сшытак,
Апрануў
Паўсотні світак.
(Качан капусты.)

Стаіць паненка — на ёй белая сукенка,
На ёй шэсцьдзесят адзёжак, і ўсе без засцёжак.
(Капуста.)

Лясная акрабатка
У малой вавёркі
Вочы, нібы зоркі.
Па яліне, па бярозе
Скача, нібы па дарозе.
А дарога тая
К небу ўзлятае.
Дзівіцца Ігнатка:
Вось дык акрабатка!
Паўлюк ПРАНУЗА

Загадка
Працаўніца шчыравала,
Мех арэхаў назбірала.
І грыбоў шмат насушыла,
Спелых шышак нанасіла,
Прыхавала ўсё ў дупло,
Каб зімой на стол было.
(Вавёрка.)

З народнага календара беларусаў
Багач, Багатнік, Багатуха, Прачыста — старажытнае свята заканчэння ўборкі збожжа. Багач святкаваўся нашымі продкамі ў дні, якія стаяць блізка да восеньскага раўнадзенства.
З новага ўраджаю пяклі вялікі каравай, які сімвалізаваў дабрабыт і шчасце ў сям’і. Багачом, ці багатцам, называлі таксама лубку-кошык з жытам і свечкаю. На свята такую лубку пераносілі ад гаспадара да гаспадара — лічылася, што Багач прыносіць у хату шчасце. Лубка прыладкоўвалася на самым пачэсным месцы — покуці, у чырвоным куце.

Прыказкі
Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку.

Багач заткнуў за страху саху.

Зайкава бяда
— Зайка шэры,
што ляжыш,
Па капусту не бяжыш?
— О-ё-ёй!
Жывот баліць,
Галава агнём гарыць.

Агародамі
Прабег —
З’еў капусты,
Можа,
З мех.
Віктар КУДЛАЧОЎ

Гаючая цыбуля
Яшчэ адна пані жыве на нашым агародзе — цыбуля. Куды ж без яе?! Яна надае асаблівы смак розным стравам, дапамагае бараніцца ад хвароб. У народных загадках цыбулю называюць Марушка, Алёнка, Хадосся, Гануська, Эльжуха.
* * *
Сядзіць панна ў чырвоным кафтане.
Як узялі разбіраць — сталі плакаць, наракаць.
* * *
Ляжыць Марушка ў чырвоным кажушку.
Хто яе ўкусіць, той плакаць мусіць.
(Цыбуля.)

На памяць аб леце
Калекцыя сабраных і засушаных раслін, якія размяшчаюцца на асобных лістах паперы і суправаджаюцца адпаведнай інфармацыяй, называецца гербарый (ад лацінскага слова “трава”). Менавіта ў вераснёвы час можна навучыцца распазнаваць расліны, якія красуюцца ў поўнай сваёй сіле і пакуль яшчэ нясуць на сабе ўзгадаванае насенне — сведчанне працягу свайго расліннага роду. Галінкі з насеннем трэба пакінуць — імі прырода распарадзіцца сама, а астатнія верхнія часткі адабраць, засушыць і аформіць гербарый.

Матулін гербарый
З сур’ёзным заданнем
Да мамы рухава
Адразу ў гарод я іду:
— Якія, матулька, ты ведаеш травы?
— Якія? Макрыцу, быльнёг, лебяду...
— Ды не! Мне гербарый зрабіць загадалі...
Смяецца яна, рукі склаўшы на плот:
— Гербарый вялікі...
Лічы, сынку, далей —
Палын, крапіва, малачай і асот...
Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Бабіна лета
Увосень да нас яшчэ вяртаюцца цёплыя дзянькі — бабіна лета. Яно бывае як у канцы верасня, так і ў пачатку кастрычніка і працягваецца адзін-два тыдні. Прыкмета бабінага лета — лёгкае павуцінне, якое лётае ў паветры.

Павучок
Калыска
На малодзенькім дубку,
На зялёненькім лістку.
Зазвінелі, нібы стрункі,
Беласнежныя карункі.
Павучок саткаў калыску,
Каб у ёй люляць вятрыску.
Анатоль ПРОХАРАЎ

Загадка
Вісіць сіта не рукамі звіта.
(Павуцінне.)

Слоўнічак верасня

восень -- осень
восеньскі -- осенний
увосень -- осенью
верасень -- сентябрь
вавёрка -- белка
павуцінне -- паутина
бульба -- картофель
гарбуз -- тыква
морква -- морковь
капуста -- капуста
сланечнік -- подсолнух
цыбуля -- лук
яблык -- яблоко

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter