Слухай родную прыроду : па зялёным дыване ходзіць чэрвень, усмешкі шле.

Лета-лецейка – так ласкава называем мы самую цёплую пару года. Нават летнія дажджы найчасцей бываюць вельмі жаданымы. Расліны зелянеюць, цвітуць, выспявае іх насенне. На пачатку лета ўзыходзіць бульба, маладыя пабегі агародніны. Затым людзі займаюцца даглядам раслін – праполкай і акучваннем, а таксама змагаюцца са шкоднікамі. Пры такім занятку лёгка зразумець, у чым розніца найменняў “зёлкі” і “пустазелле”.

Лета-лецейка – так ласкава называем мы самую цёплую пару года. Нават летнія дажджы найчасцей бываюць вельмі жаданымы. Расліны зелянеюць, цвітуць, выспявае іх насенне. На пачатку лета ўзыходзіць бульба, маладыя пабегі агародніны. Затым людзі займаюцца даглядам раслін – праполкай і акучваннем, а таксама змагаюцца са шкоднікамі. Пры такім занятку лёгка зразумець, у чым розніца найменняў “зёлкі” і “пустазелле”.

Якое лета на Беларусі?

У сукенцы каляровай,
У хусцінцы васільковай
Ходзіць лета па палях,
Па расквечаных лугах.
Звоніць песняй жаўруковай
Кожны дзень званчэйшай, новай.
Дбайна сонечнае лета
Спеліць ягады для дзетак.
Любіць з імі забаўляцца.
Загараць, спяваць, купацца.
Дораць дзеці лету ўсмешкі,
Гульні, песні і пацешкі.
А расчуленае лета
Дорыць ім букеты кветак.
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ

Дождж
Пасля абеду невядома адкуль узяліся на захадзе дробненькія хмаркі. Незаўважна яны зліліся ў адну цёмную хмару, якая паволі насоўвалася на сонца.
— Паветраная трывога! — на ўвесь сад зухавата свіснуў шпак.
І адразу ўсё сцішылася.
Хмара засланіла сонца. І раптам бліснула маланка, загрымеў гром, сыпануў дождж — цёплы-цёплы. Спачатку ён стараўся выстукаць па лістоце нейкую вясёлую мелодыю. Ды ў гэты момант злосна грымнуў гром: не забаўляйцеся! І дождж пайшоў спорны. Ён ужо стараўся дастаць кожны лісток, кожную травінку.
Алесь БАДАК

Загадка

Не спіць удзень,
Працуе ў ночы,
То свішча моцна,
То шапоча.
Адчыніць фортку,
Хмары згоніць,
Улетку водарам спалоніць.
(Вецер.)

Ягадкі ў чырвоных спаднічках

Мы з задавальненнем называем лета “чырвоным”, а першы летні месяц носіць назву “чэрвень”. Чаму так? Магчыма, таму, што ў чэрвені спеюць і становяцца чырвонымі суніцы. Але гэта толькі першыя ягадкі. Час збору лясных ягад — наступныя месяцы.

Пайшоў я сцяжынкай,
I тут нечакана
Яна прывяла
Да чырвонай паляны.
Агеньчыкаў столькі
Не бачыў ніколі.
Напэўна, тут хтосьці
Рассыпаў вуголле.
Пад кожным лісточкам
Па вугалёчку.
I тут адгадаў я:
Паспелі суніцы!
Паляна ў чырвані, уся
Чырваніцца.
Ды як жа суніцы?
Ну дзе тут суніцы?
Вы гляньце на колер:
Яны ж — чырваніцы!

Казімір КАМЕЙША

Вясёлка

Дзеці летам ранкам золкім
Селі маляваць вясёлку.
Малявалі-малявалі —
Спрэчкі раптам запалалі:
— З колераў якіх яна
Так прыгожа складзена?
Усе спрачаліся дасужа,
Пальцы загіналі дружна:
— Фіялетавы!
— Жоўты!
— Аранжавы!
— Сіні!
— Чырвоны!
— Зялёны!
— Адзін прапусцілі?
— Які?.. Нібыта...
— Блакітны!
Валянцін ЛУКША

Новае жыццё

Большасць птушак выводзіць патомства менавіта летам. Калі вы раптам знайшлі птушынае гняздо, не разбурайце яго, не чапайце яйкі.
Лепш паспрабуем зрабіць яйка самі, а заадно авалодаем тэхнікай “пап’е-машэ”, што ў перакладзе
з французскай мовы азначае “жаваная папера”.

Матэрыял: газетная ці іншая добра прамакаемая папера, крухмальны клей, пластылін.
Паслядоўнасць працы:
1. Парваць паперу на невялічкія, з пазногаць, кавалачкі і раскласці ў дзве скрынкі.
2. Побач паставіць місачку з вадой і слоічак з клеем.
3. Зляпіць з пластыліну аснову яйка (у вашым доме, напэўна, знойдзецца цацачнае яйка, але яго памер можа вас не задаволіць).
4. Змазаць аснову вазелінам і плотна абклеіць змочанымі ў вадзе кавалачкамі паперы — кожны кавалачак перакрывае адзін аднога. Па першым слоі накладваем другі, змочаны ў клеі. Паўтараем працэдуру яшчэ 2—3 разы.
5. Сушым яйка 2—3 дні. Поўнасцю прасохшае разразаем на дзве часткі, можна зігзагамі — быццам з яйка вылупілася птушаня. Як аформіць — падкажуць назіранні і верш Міколы Маляўкі. А дзе ж недаўні жыхар? Здагадайцеся самі.

Народныя прыкметы

  • Вясёлка раніцай — на дождж, вечарам — на добрае надвор’е.
  • Падчас дажджу вясёлка доўга стаіць, не адрываючыся ад зямлі, а пасля дажджу хутка знікае — на яснае надвор’е.
  • У вясёлцы больш чырвонага колеру — дождж скора пройдзе.
  • У вясёлцы больш сіняга колеру — захаваецца непагадзь.
  • Адначасова з’явіліся дзве ці нават тры вясёлкі — захаваецца непагадзь.

Гняздзечка
Я знайшоў за рэчкай
Куст парэчак,
А пад ім гняздзечка —
Пяць яечак.
Днём, як вартавы, я
Там, пры птушках,
Сню яечкі тыя —
У вяснушках.
Не сказаў нікому,
Дзе гняздзечка,
Сам не ўзяў дадому
Ні яечка.
Як разгорнуць крылы
Птушаняты,
Вам сакрэт адкрыю,
Дашкаляты:
Пакажу за рэчкай
Куст парэчак,
А пад ім гняздзечка —
Без яечак.

Мікола МАЛЯЎКА

Летні слоўнік
чэрвень - июнь
воблака - облако
хмара - туча
вясёлка - радуга
бліскавіца, маланка - молния
дождж - дождь
досвітак, світанак, золак - рассвет
маліны - малина
суніцы - земляника
чарніцы - черника
сукенка - платье
хусцінка - косынка
насенне - семена
сцяжынка - тропинка

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter