Слухай родную прыроду: май, май - у родным краі рай.

Вясновы дзень год корміцьПраца на зямлі пачалася яшчэ ў красавіку. Раннія тэрміны сяўбы ў яравых культур, ільна-даўгунца, цукровых і кармавых буракоў, гароху, шматгадовых траў. Спяшаюцца людзі з заканчэннем сяўбы кукурузы, проса, грэчкі, садзяць бульбу... ПамочніцаЗранку ў бабуліКлопат такі:Садзіць цыбулю,Сее гуркі.Мой жа занятак —Ёй памагаць:Дубчыкам з градак Курак ганяць. Фаіна САМОЙЛА

Вясновы дзень год корміць
Праца на зямлі пачалася яшчэ ў красавіку. Раннія тэрміны сяўбы ў яравых культур, ільна-даўгунца, цукровых і кармавых буракоў, гароху, шматгадовых траў. Спяшаюцца людзі з заканчэннем сяўбы кукурузы, проса, грэчкі, садзяць бульбу...

Памочніца
Зранку ў бабулі
Клопат такі:
Садзіць цыбулю,
Сее гуркі.
Мой жа занятак —
Ёй памагаць:
Дубчыкам з градак
Курак ганяць.

Фаіна САМОЙЛА

Заданне
Разам з дзіцем выберыце сваё дрэўца. Прапануйце апісаць яго знешні выгляд, запомніць пах, рукамі правесці па ствале.
Каб дрэва лепш расло, каля яго трэба разрыхліць глебу, паліць вадой, а пад галінкі паставіць падпоркі, каб увосень яны не зламаліся ад мноства пладоў.
Шануйце расліны!
Між травы, расы павіслі белыя званочкі, распусцілі свае жоўценькія праменьчыкі-сонейкі, фіялетава-блакітна ўсміхаюцца кропелькі неба на зямлі. Ад такой красы не адарваць вачэй. Таксама ў лесе і на лузе збіраюць лекавыя травы, кветкі крапівы, падбелу, фіялкі.
Шануйце расліны, дзеці! Не рвіце іх дарэмна і не тапчыце! Яны патрэбныя людзям, насякомым, жывёлам.

Адуванчык-дзьмухавец
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Кучаравы маладзец.
Стаў ён пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Авяр’ян ДЗЕРУЖЫНСКІ

Дзяўчынка і кветкі

Кветачкі сінія,
Як май, прыгожыя.
Вясной раджаліся,
У расе купаліся.
Усходзіць сонейка,
Заходзіць сонейка,
Пялёсткі сінія
Расою іскрацца.
Во пчолка звонкая
Хінецца к венчыку;
Ўвесь дзень праменісты
Збірае мёд яна.
Во матылёк мільгнуў
Сняжынкай белаю;
Яму тут весела
У ззянні сонечным.
Янка ЖУРБА

Малюнкі-назіранні

На працягу вясны назірайце за паводзінамі дрэў, птушак. Як змяняюцца яны, іх настрой? Прапануйце дзіцяці замаляваць перамены на паперы. Важна, каб фарбамі, іншымі матэрыяламі для малявання дзіця спрабавала перадаваць не толькі “натуру”, але і свае адносіны.
Я вясну малюю,
Фарбаў не шкадую.
Колерам зялёным —
Дрэвы і палеткі,
Колерам чырвоным —
Сонейка і кветкі.
Колерам блакітным —
Неба, ручаіну.
А якую фарбу
Воблачку пакіну?
Я вясну малюю,
Але сам бядую.
Як падаць мне песні
Жаўранкаў у высі?
Як падаць мне пахі
Траў, што разрасліся?
Як намаляваць мне,
Што спявае вецер?
Можа, ў вас ёсць фарбы?
Дайце мне іх, дзеці.
Паўлюк ПРАНУЗА

Не забуду!
У адной з легенд расказваецца пра рыцара, які гуляў са сваёй дзяўчынай на беразе рэчкі і рваў для яе прыгожыя кветкі. Захапіўшыся такім заняткам, юнак упаў у ваду і, падхоплены хуткай плынню, паспеў толькі крыкнуць: “Не забывайся пра мяне”. Каб увекавечыць памяць пра каханага, дзяўчына назвала тыя кветкі незабудкамі. У народзе гэтыя краскі называюць яшчэ прыгожніцамі, гарлянкамі.

Заданне
Растлумачце назвы
кветачак: адуванчык-
дзьмухавец, незабудка.

Смаржок
У маі вырастаюць першыя вясеннія грыбы — смаржкі і страчкі. Каб не памыліцца з грыбам, прачытайце яго апісанне ў вершы.
3 моху выбіўся смаржок,
Пахінуўшыся набок,
Ён глядзеў кудысьці ўбок.
Вось крутнулася вавёрка
На сасонцы ля пагорка,
Лёгкі хвосцік, нібы пёрка:
— Што за грыб? Ён малады,
А маршчыны ў тры рады,
I гарбаты і худы...
Тупнуў дрозд, задраўшы хвост:
— Невялікі грыб на рост,
Мае ж ён вялікі кошт.
Ты, вавёрачка, не смейся,
Сядзь ля грыба і пагрэйся...
Сам на цёплы мох усеўся:
— Не такі ўжо грыб бядак,
Шмат маршчынак — гэта так,
Ды цудоўны ён на смак.
Станіслаў ШУШКЕВІЧ

Інсцэніроўка паводле казкі “Пчала і муха”
Дзеючыя асобы: муха, пчала, вядучы.
Дзеянне адбываецца на лузе, сярод кветак.

Муха. Як добра на свеце жыць!
Муха адпачывае, нюхае кветкі, а потым ад іх паху засынае.
Пчала (ляціць). Ж-ж-ж!
Муха (прачнулася, вымаўляе сярдзіта). Хто гэта? (Заўважае пчалу.) Ах ты нягодніца! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш?!
Пчала. Ж-ж-ж! Выбачай! Я шмат мёду нясу, дык і стагну ад цяжару. (За плячамі ў пчалы торбачка з мёдам.)
Муха (смяецца). Ха-ха-ха! Сядай!
Пчала сядае побач з мухай.
Муха. Шмат мёду нясеш, а сама не ясі — вунь якая худая! Адны косьці тырчаць.
Пчала. Так. Мы пчолы збіраем цуды, а самі худы!
Муха (здзіўлена). А чаму ж вы худы? Мёд жа ў вас ёсць.
Пчала. Дык жа мёд мы збіраем не толькі сабе, але і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хатку зрабіў, даглядае нас.
Муха (махае крыламі). Чакай, чакай! Як гэта можна збіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім.
Пчала падымаецца і збіраецца дахаты.
Пчала. Няма мне калі з табою гаманіць, трэба дзеткам мядовую кашу варыць.
Пчала паляцела.
Муха (ёй услед). А дзе возьмеш мядовую кашку?
Пчала. На сабе вязу!
Муха. У чым? (Устае.)
Пчала. У вазку, у палазку і за пазушхай. (Здалёк.) Ж-ж-ж... (Знікла.)
Муха паляцела за пчалой.
Муха. У чым, у чым?
На сярэдзіну сцэны выходзіць вядучы.
Вядучы. Адзін працуе цэлы дзень, а другі глядзіць, дзе лепшы цень.

У магазіне зайка быў

У магазіне зайка быў.
І падушку там купіў.
А прынёс дадому,
Дык лёг спаць, вядома.
На падушцы — галава,
А пасцелька — трава.
Ляжыць зайка пад кустом,
Куст — яго цудоўны дом,
Мяккая падушка,
Ды звісае вушка.
Што рабіць? Што рабіць?
Трэба новую купіць!
Зайка новую купляе,
Зноў няўдача спасцігае:
З новае падушкі
Зноў звісаюць вушкі.
Зай пакупцы
Сам не рады —
Хто ў гэтым вінаваты:
Зай або падушка?
— ... Не, — даўгія вушкі!
Яўген КРУПЕНЬКА

Руплівая пчолка
Рупліва працуе пчала. Дзякуючы ёй людзі могуць паласавацца мёдам, які выкарыстоўваецца і як лекавы сродак.
Веснавое сонца
Росы падбірае.
Вылецела ў поле
Пчолка залатая.
Ёй за шчырай працай
Весела ў полі:
Луг прыбраны ў кветкі,
І наўкол раздолле.
Зрання да змяркання
Пчолка залатая
Лётае па кветках
Ды мядок збірае.
Шмат сабрала пчолка
Мёду з розных кветак, —
Дома ім накорміць
Родных пчолак-дзетак.
Янка ЖУРБА

Загадкі

Далёка лётаюць
Малодкі,
Мёд збіраюць
Салодкі.
***
Ляціць ракета,
Дыму не мае.
На руку сядзе
Балюча кусае.
(Пчолы.)

Святочныя кашулі
Увесну садовыя дрэвы пакрываюцца белымі ці бледна-ружовымі кветкамі. Соладка пахне пушыстая сярэдзінка, на яе пах і жоўты колер з усіх бакоў злятаюцца пчолы і чмялі.
Кветкі фруктовых дрэў вельмі прыгожыя, але букет з іх збіраць нельга. Калі кветачкі адцвітаюць, на іх месцы пачнуць паступова развівацца плады: яблыкі, грушы, слівы, вішні, чарэшні — у залежнасці ад дрэўца. Яны растуць, наліваюцца сокам, зялёны колер мяняецца на жоўты, чырвоны, фіялетавы...
Не раім рваць і кветкі чаромхі — іх водар вельмі моцны, і ад яго можа забалець галава.
А вось з рознакаляровых духмяных суквеццяў бэзу атрымліваюцца найцудоўнейшыя букеты, іх вельмі любяць маляваць мастакі.

Вёскай ціха крочым.
Колькі ёсць у дня
Кашуль,
Мы дазнацца хочам.
Крок ступілі —
Дзень шчаслівы
У кашулі
3 кветак слівы.
А затым, глядзім,
Гарэза,
У кашулі
3 кветак бэзу.
Потым бачым,
Дзень ля хаты
У кашулі
3 кветак мяты...
Доўга вуліцай
Хадзілі,
А кашуль тых
Не злічылі.
Леанід ШЫРЫН

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter