Слухай родную прыроду: ліпень тяплом атуляе, на ўвесь год сагравае.

Летам шмат магчымасцей пазнаць родную прыроду ва ўсёй яе прыгажосці. У лес мы з вамі ўжо наведваліся, а зараз – хутчэй на луг!

Летам шмат магчымасцей пазнаць родную прыроду ва ўсёй яе прыгажосці. У лес мы з вамі ўжо наведваліся, а зараз – хутчэй на луг!

“Густая высокая трава, як мора, калышацца на ветры. А кветак, кветак! Якога толькі колеру не знойдзеш тут кветак! Мільёны пчолак, чмялёў уюцца над імі са звонам і шумам. Так і цягне на прывольны луг, дзе так многа кветак, птушак, усякіх конікаў і матылёчкаў, песень, шуму і звону, дзе так прахалодай дыхае чысты, свежы ветрык”.
Якуб КОЛАС

Чый букецік лепшы?
Зрываць ці не зрываць кветачкі? Гэта вельмі важнае пытанне, таму што сярод раслін, як і сярод жывёл, ёсць вельмі рэдкія — яны ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі і знаходзяцца пад аховай. Ёсць шмат лекавых траў. Вывучайце расліны, цікаўцеся імі.

На лужку збіралі кветкі
Тры сястрычкі-малалеткі.
Ды чамусьці ў старэйшай
Быў букецік прыгажэйшы.
У сярэдняй трошкі горшы,
Самы горшы ў малодшай.
Тры сястрычкі кветкі рвалі
Між сабою размаўлялі:
— Я спляту вянок дзівосны,
Каб усім было зайздросна.
— Ну а я свае адразу
Красачкі пастаўлю ў вазу...
— Свой букецік невялічкі, —
Кажа меньшая сястрычка. —
Нашай маме падару я
Ды ў шчочку пацалую.
Віктар ГАРДЗЕЙ

У пошуках папараць-кветкі
Адно з самых паэтычных і прыгажэйшых народных святаў — Купалле. Яно адзначаецца ў ноч на 7 ліпеня. Але найбольш павер’яў звязана з сонцам і яго сімвалам — агнём. Перад надыходам купальскай ночы на высокім шасце ўздымаецца запаленае кола — вобраз сонца і яго жыццёвай сілы. Плывуць па рацэ дзявочыя вяночкі. Хлопцы скачуць праз агонь. Бліжэй да поўначы пачынаецца адна з самых таямнічых дзеяў — пошукі папараць-кветкі. Існуе павер’е: той, хто знойдзе цуда-кветку, стане шчаслівым і багатым. Лічылася таксама, што зёлкі, сабраныя ў купальскую ноч, маюць цудадзейную сілу.

Зробім ляльку?
Давайце працягнем старажытную традыцыю — паспрабуем зрабіць ляльку з травы альбо шарыкаў дзядоўніка, якія лёгка чапляюцца сваімі калючкамі.

Скорагаворкі
Лета, ліпень.
Лінуў лівень.
Пахнуць ліпы
І маліны.
Васіль ЖУКОВІЧ

Дзеці гуляюць
Ліпеньскія дзянькі доўгія — пакуль сонейка не схавалася, не хочацца пакідаць двор. Каб лягчэй размеркаваць ролі ў гульні і нікога не пакрыўдзіць, прапануем выкарыстаць лічылку:

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць...
За ракой драчы рыпяць:
— Тры-пяць, тры-пяць!
А далей не знаюць ліку —
Нехта збіў іх з панталыку.
Шле падказку белы месяц:
— Шэсць, сем, восем,
Дзевяць, дзесяць.
Возьмем месяц на аброць,
Ловіш ты — хутчэй выходзь!
Фёдар ЛЯШКЕВІЧ

Белыя аблокі
Млее дзень ад спёкі.
Я ў цень забег.
Над сялом аблокі
Белыя, як снег.
Хоць на чорнай глебе
Інею няма, —
Белым-бела ў небе,
Быццам там зіма.
Леанід ПРАНЧАК

Лівень
Павеяў вецер з поля,
Хмурынку там знайшоў.
І дожджык наваколлем
Пайшоў, пайшоў, пайшоў,
І сонца засмуціў ён:
Яно знікае ўраз
За хмару тую ціхую,
Што даганяе нас.
Пранёсся лівень прыткі.
Але пакуль суціх,
Ён прамачыў да ніткі
  Усіх,
     усіх,
       усіх.
Сяргей ПАНІЗНІК

Хмаркі згусціліся...
Так бывае толькі ў разгар лета — ветрык нагнаў хмарак, хмаркі згусціліся, захілілі сонца, праз хмаркі прабіўся гром, а хутка і маланка асвяціла неба, лінуў дождж, як з вядра. Пачынаецца навальніца! Хавайцеся ў хату, а не пад дрэва — маланка можа ў яго выпаліць сваім небяспечным ударам. Але летні лівень нядоўгі — прашумеў, і зноў на небе сонейка, а за ім чакай і вясёлку.

ЛІПА-ЛІПА-ЛІПА.
Праз ПАЛІ-ПАЛІ-ПАЛІ
Лётаюць да ліпы
Пчолы і чмялі.
Надзея СТОРАЖАВА

Дужыя і працавітыя
Цікава паназіраць у лесе за мурашкамі. Якія яны працавітыя і дужыя! Беражыце, сябры, мурашнікі!
Маленькія
“метэаролагі”
Жукі, матылі разляталіся, мошкі “граюць”, камары “мак таўкуць” — будзе цёпла.
Сляпні, камары надта кусаюцца, конікі цыркаюць — будзе пахмурнае ці дажджлівае надвор’е.
Крапіўніца залятае ў хату і хаваецца ў вугал пад столлю — хутка навальніца.

Маланка і Гром
Калісьці Маланка і Гром жылі ў згодзе, сябравалі. Любіла Маланка, калі хмары ўкрывалі неба і ажно чорным рабілася ўсё навокал. А Гром, гледзячы на яе, шчыра радаваўся. Ды неяк гарачая Маланка нізка над зямлёй шуганула і зачапіла дрэва. Загарэлася яно. Маланка ўзрадавалася і давай іншыя дрэвы паліць. Грому гэта не спадабалася, разгневаўся на Маланку. Скончылася іх сяброўства. З тых часоў толькі блісне Маланка — Гром ужо злуецца. Маланка яшчэ больш разыходзіцца — Гром грамчэй грыміць. Так адбываецца, пакуль Маланка не перастае сваволіць. Тады і Гром сціхае. А новая навальніца пачнецца — зноў пачынаюць сварыцца.
(Паводле казкі Юрыя ЯРМАША.)

Слоўнічак ліпеня
ліпень - июль
гарачыня, спёка, спякота - жара, зной
навальніца - гроза
валошка, васілёк - василек
дзядоўнік - репейник
рамонак - ромашка
званочак - колокольчик
канюшына - клевер
матылёк, матыль - бабочка
конік - кузнечик
мурашка - муравей

Якія добрыя алоўкі
Мне ўчора тата падарыў —
Сабраны з колераў вясёлкі
І красак летняе зары.
Вера ВЯРБА

Загадкі
Чырвонае карамысла
праз рэчку павісла.
Цераз палі, цераз лугі
спусціліся канцы дугі.
(Вясёлка.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter