Слухай родную прыроду: каласіста спелай ніве нізка кланяецца жнівень.

У жніўні ў хлебаробаў працягваецца гарачая пара, яе ўжо прыспешыў спякотны ліпень. А вы паспелі прайсціся палявой дарогай і паслухаць, як шапоча жыта? Пшаніца, жыта, ячмень, авёс – усе любяць кветачку, якую у розных мясцінах называюць па-свойму: васілёк, валошка, хабёр, хабэрка, шапашнік.

У жніўні ў хлебаробаў працягваецца гарачая пара, яе ўжо прыспешыў спякотны ліпень. А вы паспелі прайсціся палявой дарогай і паслухаць, як шапоча жыта? Пшаніца, жыта, ячмень, авёс – усе любяць кветачку, якую у розных мясцінах называюць па-свойму: васілёк, валошка, хабёр, хабэрка, шапашнік.

Жнівень
Сонца грэе, колас спее,
Пошум жытні ў летнім спеве.
Каласіста спелай ніве
Нізка кланяецца жнівень.
Цешыць поле залатое.
Дзякуй, роднае, за тое,
Што ўрадзіла гэтак шчодра, —
З хлебам жыць на свеце добра.
Язэп ПУШЧА

Сёння маё калоссе ў шчодрым сонцы і ад ветрыку пагойдваецца бязгучна.
Васількі пнуцца ўверх, да калосся.
Понізу з гудам таўчэцца розная мошка, а над калоссем шыбуюць пяшчотныя ластаўкі.
Хлеб і краса, краса і хлеб — з нялёгкай працы.
Янка БРЫЛЬ

Скорагаворкі
Каласы
каласавалі,
каласаваліся,
выкаласаваліся.
               * * *
   Жняцы
      На ніве.
         Жне
            Жыта
                Жнівень.

Загадкі з поля
Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты.
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад.
(Лён.)
Цвіту ўсё лета я,
Жыву ў жыце.
Нашу хлапечае імя.
Як зваць мяне, скажыце?
(Васілёк.)
Васіль ЖУКОВІЧ

Прыкмета

Колас
не спее,
калі сонца не грэе.

Аднойчы дзядзька русы
Спаткаўся ў полі нам:
Тырчаць угору вусы
Даўжэйшыя, чым сам.
(Ячмень.)

Сінеюць зоркі ў жыце.
Як іх завуць, скажыце?
(Валошкі.)
Зінаіда ДУДЗЮК

Матылёк над васільком
Зазвінеў сваім званком.
Прачынайся, васілёк,
Бо сумуе матылёк.
Людміла ЗАБАЛОЦКАЯ

Навальніца
Пасля доўгай спёкі часта бывае навальніца.
Хто яе сябры? Вецер з дажджом, маланка з громам.

Навальніца,
Навальніца,
Неба можа
Абваліцца.
Гром грыміць,
Маланкі блішчуць,
Лупіць дождж,
А вецер — свішча!
Годзе вам усім
Сварыцца!
Сціхні,
Сварка-навальніца!
Павел МАРЦІНОВІЧ

Загадкі
Бегла ліска каля лесу блізка —
Ні сцежкі, ні дарожкі, толькі залатыя рожкі.
(Маланка.)

Зароў вол на сто гор, на сто печак, на сто рэчак.
(Гром.)

Што гэта?
У гародзе сонца спее,
Ды не свеціць і не грэе.
(Сланечнік.)
Уладзімір КРАМНЁЎ

Які загар у лета?
А які загар у лета?
Скажа сонейка пра гэта,
Што цяпла не шкадавала,
Лета дбала гадавала.
Скажа вецер, што здалёку
Лета ратаваў у спёку.
Скажа луг, што з добрай ласкі
Рассыпаў для лета краскі.
Лета са смуглявым тварам
Не нацешыцца загарам.
Бо яно не загарала,
А старанна працавала.
Рыгор БАРАДУЛІН

Замацуем гаваркія назвы
Чэрвень
У чэрвені раяцца пчолы. Чарва (чэрвень) — назва маленькіх пчолак, лічынак-чарвячкоў.

Ліпень
Поўным цветам цвіце ліпа.

Жнівень
У разгары жніво.

Ягадныя мясціны
У жніўні яшчэ ходзім у чарніцы, у канцы месяца пачынаем збіраць брусніцы. Суніцы і чарніцы, маліны і ажыны — вельмі далікатныя ягадкі, іх збіраюць у збаночкі, каб не мяць. Брусніцы больш познія ягады, яны мацнейшыя, даўжэй могуць чакаць, пакуль іх збяруць.

З мамай я збіраў суніцы,
А з бабуляю — чарніцы,
Ездзіў з татам у маліны,
А з дзядулем — у ажыны.

Ну а сёння мы з сястрыцай
Пойдзем разам у брусніцы.
З кожнай, кожнай ягадай
Павітацца рады я.
Міхась ПАЗНЯКОЎ

Пытае маці,
Гледзячы ў збанок:
— Ці многа ягад
Назбіраў, сынок?
Пусты збанок,
Ды хваліцца Фядот:
— Ой, мама, многа,
Аж баліць жывот!
Мікола МАЛЯЎКА

Дзіўныя градкі
Натка ў агарод зайшла
Пашукаць гурочкаў.
Узяла адзін, а ён —
З тоненькім шнурочкам.
— Што за дзіва на градзе? —
Запытала Натка. —
Хто гурочкі прывязаў
Моцна так да градкі?
Пятро ПРАНУЗА

Цыбулька
Лета цэлае
Цыбулька
Працавала,
Аж пацела.
Сто сукеначак
Прыдбала
І адразу ўсе
Надзела.
Леанід ШЫРЫН

Сакавіты, круглаваты
Здаравяка гэты.
Нам патрэбен на салаты
І на вінегрэты.
(Бурак.)

Выспеў на градзе
Белы чарадзей.
Галава на славу,
Да зубка зубок —
Добрая прыправа,
А завуць... (часнок).

Развучваем верш
Верш кранальны і займальны. Ён як быццам перапеты аўтарам з розных народных песенек, а карцінка падгледжана на народных святах. Раім яго развучыць, папрактыкавацца ў вымаўленні спецыфічных для беларускай мовы гукаў “ў”, “ч”, “г”, “р”, шч”, “дж”.

Сеў жучок на сучок
На скрыпачцы грае,
Павучок “Крыжачок”
Скача, напявае.

Белабока-сарока
Прыляцела здалёка,
Села яна на таку,
У яе хвосцік на баку.

Хвошча, хвошча дождж.
Воўк схаваўся ў хвошч,
Хвост пад хвашчом,
А сам пад дажджом.
Васіль ВІТКА

Канец лета
Лецейка ты, лета!
Гучна песня спета.
Весела было!
Бралі поўнай чарай
Шчодрасць тваю, дары —
Сонца і святло.
Цешыла ты дзетак,
Ды ласкава гэтак —
Матчынай рукой:
Воляй маладою,
Цёплаю вадою,
Чыстаю ракой,
Полем і лясамі,
Спевам — галасамі
Ясных дзён тваіх.
Мыла іх расою,
Сонцавай красою
Уцірала іх...
...Чараў асалоду
Чэрпалі, як воду,
Поўнаю, за край.
Залатое лета!
Дык прымі ж за гэта
Шчодрае “бывай!”
Якуб КОЛАС

Гульня “Хто як гаворыць?”

Задача: пашыраць слоўнікавы запас дзяцей, развіваць увагу і навыкі гукапераймання.
Ход гульні. Гульня можа стаць своеасаблівым адпачынкам у час рухомых гульняў. У якасці дадатковага атрыбута выкарыстоўваем мяч. Дарослы называе жывёлу ці птушку і перакідвае мяч дзіцяці, а дзіця называе дзеянне і спрабуе перадаць гукамі мову свайго “героя”.
Ліса — цяўкае
Мядзведзь — рыкае
Воўк — вые
Алень — трубіць
Вавёрка — цокае
Сарока — стракоча
Зязюля — кукуе
Сініца — цінькае
Бусел — клякоча
Журавель — курлыча
Варона — каркае
Верабей — чырыкае
Голуб — варкуе

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter