Ксёндз Кірыл Бардонаў: Вялікі пост — час выйсці з зоны камфорту

Слухаць і заўважаць

У беларускіх католікаў некалькі дзён таму — 14 лютага — пачаўся Вялікі пост. Гэта перыяд падрыхтоўкі да свята Пасхі (Вялікадня).

З-за розніцы спосабу вызначэння даты Вялікадня даты пачатку Вялікага посту для розных хрысціянскіх канфесій адрозніваюцца. Аднак асноўныя канфесіі нашай краіны — Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл — падыходзяць да вызначэння сутнасці Вялікага посту вельмі падобна. Гэта заклік да духоўнай унутранай перамены вернікаў, якая магчыма дзякуючы абмежаванням у ежы, але ж не толькі ў ёй.

Усім нам, напэўна, вядома сітуацыя, калі мы ў цішыні захапляемся прыгажосцю прыроды. Навокал ніхто нічога не гаворыць, не чуваць ніякага шуму, а мы ўзіраемся ў святло зорак на начным небе або глядзім на векапомны лес, квітнеючы сад, люстэрка возера, над якім уздымаецца туман…

Вялікі пост — гэта якраз той час, калі хрысціяне запрошаны менш гаварыць, а больш слухаць. Слухаць і заўважаць, ці гарыць у нашым сэрцы дагэтуль тое ж самае святло, якое далятае да нас ад далёкіх зорак за мільярды кіламетраў. Магчыма, Бог (той, хто запаліў гэтыя зоркі) не можа ніяк дастукацца да нашых сэрцаў, бо мы лічым сябе мудрэйшымі і больш здольнымі за іншых і нават за Бога.

Вялікі пост — гэта прастора цішыні, своеасаблівай пустыні. У гэтыя дні перад Пасхай мы, як звычайна, працуем, вучымся, займаемся хатнімі клопатамі і г.д. У той жа час мы запрошаны выйсці са сваёй зоны камфорту, як цяпер кажуць. І калі ў нас гэта атрымаецца, мы бу­дзем захоўваць пост: заставацца ў цішыні, разважаць над сваімі перспектывамі, каб лепш зразумець сябе, а не толькі прытрымлівацца абмяжаванняў у ежы па рэлігійных перакананнях.

Нават калі нам складана адмовіцца ад шуму інтэрнэту, тэлебачання, мы запрошаны не апускаць рукі. Варта падумаць, а што ж мяне аддаляе ад Бога і ад іншых людзей. Кожны раз, калі мы сапраўды можам прыслухацца да патрэб сваіх і іншых вернікаў, мы па-сапраўднаму посцім…

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter