Не стоит говорить о грехах других с теми, кто не должен о них знать

Словам можна забіць

Расійскі паэт Вадзім Шэфнер у адным са сваіх вершаў папярэдзіў: «Словам можна забіць». На жаль, людзі часта няўважлівыя да таго, што яны гавораць. Сёння мы паспрабуем паразважаць пра адказнасць за свае словы.

Магчыма, у некаторых з нашых чытачоў здараліся выпадкі, калі нехта прыйшоў да іх у госці, і пасля такога візіту гаспадары адчувалі сябе стомленымі. Даўно заўважана, што так адбываецца тады, калі мы сутыкаемся з чалавекам, які любіць расказваць пра грахі-слабасці іншых.

Часам гэта сапраўды спакусліва — пагаварыць пра памылкі іншых лю-дзей, бо гэта дапамагае нам адчуць, што з намі яшчэ не ўсё так дрэнна, ёсць тыя, хто «награшыў» нашмат больш. Параўноўваць сябе з іншымі — гэта заўсёды тупіковы шлях у развіцці чалавека. Мы ніколі не будзем ведаць усяго кантэксту сітуацыі, у якой чалавек зрабіў тую ці іншую памылку. Пра гэты кантэкст мы найчасцей і забываем. Мы можам даведацца, хто і што ўчыніў, але, напрыклад, не ведаць, чаму чалавек так зрабіў. Юрыдычныя наступствы злоўжыванняў няхай ацэньваюць кампетэнтныя органы, а канчатковая маральная ацэнка чалавечых выбараў і адказнасць за іх застаецца за «аўтарам» кожнага ўчынку.

На жаль, мы часта ацэньваем свае выбары па тых эмоцыях, якія яны ў нас выклікаюць. Гэта дзейнічае прыкладна так: калі нешта выклікае ў мяне непажаданыя эмоцыі, то гэта мая праблема і нават мой грэх, а калі такіх эмоцый няма, то ўсё добра. Аднак ёсць аб’ектыўнае зло, за якое чалавек нясе адказнасць, нягледзячы на тое, якія гэта выклікае эмоцыі. У некаторых нацыстаў у часы Другой сусветнай вайны знішчэнне яўрэяў і славян выклікала радасць і нават эйфарыю, але гэта былі жудасныя выбары, якім няма апраўданняў.

Вельмі лёгка забіць чалавека, пазбавіць яго добрага імя, рэпутацыі. Як потым гэта добрае імя аднавіць? Тут можна прывесці прыклад жанчын, якія расказваюць знаёмым і малазнаёмым людзям пра тое, які дрэнны іх муж. Няма сем’яў без праблем, магчыма, мужчына сапраўды памыліўся. Аднак бывае так, што канфлікт у сям’і будзе вычарпаны, а для многіх людзей такі мужчына ўжо будзе чалавекам без добрага імя, для іх ён заўсёды бу-дзе тым, хто памыліўся.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што не варта размаўляць пра грахі іншых з тымі, хто не павінен пра гэта ведаць, і не трэба раскрываць праблемы іншых без жадання дапамагчы чалавеку. Фарміраванне ў сабе чалавечнасці павінна навучыць нас паважаць сябе і іншага, кажучы па-евангельску, «любіць іншага, як самога сябе».

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter