Слова масавага паражэння
13.04.2018 14:37:53
Игорь САВОСТЕНКО
Не апошнюю скрыпку тут сёння іграюць СМІ. Па-першае, пры дапамозе масмедыя ў грамадстве могуць нагнятацца страх і няўпэўненасць у заўтрашнім дні альбо ўзнікаць фальшывыя інфармацыйныя падставы для маніпуляцый падсвядомасцю людзей. Па-другое, могуць стварацца разбуральныя працэсы ўздзеяння на палітыку і эканоміку пэўнай краіны ці цэлага наднацыянальнага саюза дзяржаў.
Нагадаю, што любое інфармацыйнае супрацьстаянне паміж грамадскімі групамі або дзяржавамі мае на мэце маштабную змену настрояў грамадства — гэта барацьба за меркаванні і пазіцыю грамадзян. Недасведчаным людзям бывае вельмі складана адрозніваць праўду ад хлусні.
У нашым няўстойлівым і трывожным свеце неўзабаве з’явіліся новыя небяспечныя выклікі. Хлусня і фэйкавыя навіны, тролінг у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-рэсурсах. З дапамогай новых тэхналогій яны становяцца небяспечнымі трэндамі сучаснай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца ўплывовымі цэнтрамі сілы на самых розных напрамках. Па сутнасці, ствараецца рэальнасць, якая не адпавядае рэчаіснасці.
Адмысловы інфармацыйны ціск на інтарэсы Беларусі можна назіраць на дзеяннях некаторых нашых суседзяў: Літва час ад часу выказвае незадаволенасць будаўніцтвам АЭС у Астраўцы, падвяргаючы сумненням атамную бяспеку станцыі, а Расія, абараняючы ўласны рынак прадуктаў харчавання, са сталай перыядычнасцю прад’яўляе прэтэнзіі да якасці беларускай малочнай і мясной прадукцыі.
На нядаўняй сустрэчы ў Белтэлерадыёкампаніі з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых нацыянальных СМІ, Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў ролю сучасных масмедыя, дзе на першы план зараз выходзяць не ўзброеныя канфлікты, а інфармацыйныя войны: “СМІ адным ударам могуць падмяць так, што становіцца жахліва. Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXI стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І, ведаеце, гэта зброя больш моцная, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае планету”.
Прэзідэнт упэўнены: галоўная ідэалагічная задача ў падобных умовах — барацьба за розумы і душы людзей, паколькі без гэтага ніколі не пабудуеш незалежную краіну. Не створыш яе і без існавання сапраўднай інфармацыйнай платформы для найбуйнейшых беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, усебаковага ўмацавання нацыянальнага кантэнту ў эфіры тэлерадыёкампаній, на інтэрнэт-рэсурсах, у друкаванай перыёдыцы.
Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Ігар Савосценка, галоўны рэдактар
sav@sb.by