Слова масавага паражэння

Слова як лечыць, так і калечыць. І нават забівае чалавека, з’яўляючыся інфармацыйнай бомбай масавага паражэння. Цяпер друкаваныя і эфірныя словы, як і раней, вызначаюцца больш магутнымі за зброю, аказваючы каласальны ўплыў на грамадскую думку, настроі ў грамадзянскай супольнасці, фарміруюць духоўныя і маральныя прынцыпы соцыуму. Банальна, але факт: хто валодае інфармацыяй, той валодае светам.


Не апошнюю скрыпку тут сёння іграюць СМІ. Па-першае, пры дапамозе масмедыя ў грамадстве могуць нагнятацца страх і няўпэўненасць у заўтрашнім дні альбо ўзнікаць фальшывыя інфармацыйныя падставы для маніпуляцый падсвядомасцю людзей. Па-другое, могуць стварацца разбуральныя працэсы ўздзеяння на палітыку і эканоміку пэўнай краіны ці цэлага наднацыянальнага саюза дзяржаў.

Нагадаю, што любое інфармацыйнае супрацьстаянне паміж грамадскімі групамі або дзяржавамі мае на мэце маштабную змену настрояў грамадства — гэта барацьба за меркаванні і пазіцыю грамадзян. Недасведчаным людзям бывае вельмі складана адрозніваць праўду ад хлусні. 

У нашым няўстойлівым і трывожным свеце неўзабаве з’явіліся новыя небяспечныя выклікі. Хлусня і фэйкавыя навіны, тролінг у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-рэсурсах. З дапамогай новых тэхналогій яны становяцца небяспечнымі трэндамі сучаснай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца ўплывовымі цэнтрамі сілы на самых розных напрамках. Па сутнасці, ствараецца рэальнасць, якая не адпавядае рэчаіснасці.

Прыкладаў інфармацыйнай вайны і яе цяжкіх наступстваў на лёсы народаў у найноўшай гісторыі шмат: “каляровыя рэвалюцыі” ў рэгіёнах “арабскай дугі” і Паўднёвай Афрыкі, у рэспубліках былога СССР, стварэнне зон канфліктаў і лакальных войнаў у Сірыі, ва Украіне, знішчэнне ўладных рэжымаў у Югаславіі, Іраку, Лівіі, Егіпце, умяшанне ў выбары і арганізацыя кібератак. Пад інфармацыйны кантроль апанентаў таксама ўзята ўвядзенне жорсткіх эканамічных санкцый адносна Расіі, міжнародная ізаляцыя гэтай краіны, стварэнне ваенна-палітычнага напружання Паўночнаатлантычнага альянсу на яе межах. Ну і, вядома, гандлёвыя войны накшталт “канфлікту пошлін” паміж ЗША і КНР.      

Адмысловы інфармацыйны ціск на інтарэсы Беларусі можна назіраць на дзеяннях некаторых нашых суседзяў: Літва час ад часу выказвае незадаволенасць будаўніцтвам АЭС у Астраўцы, падвяргаючы сумненням атамную бяспеку станцыі, а Расія, абараняючы ўласны рынак прадуктаў харчавання, са сталай перыядычнасцю прад’яўляе прэтэнзіі да якасці беларускай малочнай і мясной прадукцыі.   

Дзеля прасоўвання інтарэсаў асобных дзяржаў (блокаў) і  атрымання ў сувязі з гэтым адпаведных геапалітычных дывідэндаў ільецца кроў, разбураецца інфраструктура ў шэрагу рэгіёнаў планеты, на нацыянальнай і рэлігійнай глебе сутыкаюцца лбамі блізкія народы, палітычныя эліты, узмацняецца санкцыйны ціск на эканомікі канкрэтных дзяржаў. З-за штучных абмежаванняў абвальваюцца і зруйноўваюцца міждзяржаўныя фінансавыя і таварныя рынкі.

На нядаўняй сустрэчы ў Белтэлерадыёкампаніі з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых нацыянальных СМІ, Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў ролю сучасных масмедыя, дзе на першы план зараз выходзяць не ўзброеныя канфлікты, а інфармацыйныя войны: “СМІ адным ударам могуць падмяць так, што становіцца жахліва. Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXI стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І, ведаеце, гэта зброя больш моцная, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае планету”.

Прэзідэнт упэўнены: галоўная ідэалагічная задача ў падобных умовах — барацьба за розумы і душы людзей, паколькі без гэтага ніколі не пабудуеш незалежную краіну. Не створыш яе і без існавання сапраўднай інфармацыйнай платформы для найбуйнейшых беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, усебаковага ўмацавання нацыянальнага кантэнту ў эфіры тэлерадыёкампаній, на інтэрнэт-рэсурсах, у друкаванай перыёдыцы. 

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter