Щучин собрал рекордно много гостей

Слова, Кнiга i Гiсторыя

Литераторы из 15 стран приехали на День белорусской письменности в Щучин
НЕВЯДОМА, ці існуе статыстыка па наведванні гасцямі гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства, але асабістыя назіранні шматлікіх заўсёднікаў гэтага свята сцвярджаюць: ўсе рэкорды, без сумнення, пабіў Шчучын. Сапраўды: такой колькасці гандляроў і пакупнікоў, рамеснікаў, акцёраў, гледачоў і слухачоў, якія сабраліся ў суботу і нядзелю ў гэтым старажытным горадзе, могуць пазайздросціць не толькі абласныя цэнтры, але нават і сталіца. Што датычыцца геаграфіі наведвальнікаў і запрошаных гасцей, яна ўражвае: Расія, Украіна, Румынія, Літва, Малдова, Сербія, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна, а таксама ЗША — літаратары з 15 краін прынялі ўдзел сёлета ў святочных урачыстасцях Дня беларускага пісьменства. 


Удзельнікаў свята павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. Яго прывітальнае слова зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ. Адкрыццё Дня абвясціў намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл РУСЫ. 

Але старт святу яшчэ напярэдадні, у суботу, 5 верасня, дало адкрыццё пасля капітальнага рамонту Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі, якая прыняла сваіх першых наведвальнікаў. Сімвалічна, што імі сталі літаратары з розных краін свету, яны правялі тут традыцыйны для Дня беларускага пісьменства “круглы стол” “Сугучча: Літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства”. Сёлета ён быў прысвечаны праблемам і перспектывам развіцця нацыянальных літаратур, асобным аспектам мастацкага перакладу і напрамкам развіцця культурных узаемасувязяў паміж рознымі краінамі. Адным з пастаянных удзельнікаў ”круглага стала” на працягу некалькіх гадоў стала галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва Міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева: “Вяртаючыся ў Алматы я міжволі цытую словы сваіх калег, бо тое, што робіць сёння Беларусь у плане згуртавання людзей розных народаў і сфер — гэта вопыт, які мы павінны пераймаць і прапагандаваць у сваіх краінах”.

Намеснік Прэм`ер-міністра Міхаіл РУСЫ і міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ знаёмяцца з навінкамі айчынных выдавецтваў. Фота БелТА

А ў Шчучынскім раённым доме культуры дзякуючы юным чытачам з розных куткоў Гродзеншчыны ажылі літаратурныя персанажы беларускіх пісьменнікаў. Тут праходзіў абласны конкурс “Жывая класіка”. Узнагароджваючы яго пераможцаў міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла: 

— Дзякуючы падтрымцы нашай дзяржавы, той увазе, якую надае яна развіццю нашай культуры, захаванню традыцый, беларуская літаратура, творы нашых піьменнікаў сёння гучаць з вуснаў дзяцей, моладзі, падлеткаў. І гэта значыць, што ў нашай мовы, у нашай літаратуры ёсць вялікая будучыня — будучыня нашай краіны, Рэспублікі Беларусь. 

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар ЛІСКОВІЧ аглядаюць экспазіцыю палаца Друцкіх-Любецкіх. Фота БелТА

Самай насычанай падзеямі стала нядзеля. Па добрай традыцыі Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад гроба Гасподняга закончылася Хрэсным ходам і Божай літургіяй, якая адбылася ў храме Богаяўлення ў Шчучыне. Далей свята перамясцілася да палаца Друцкіх-Любецкіх, рэстаўрацыя якога за кошт рэспубліканскага бюджэту стала добрым падарункам да свята. З гэтага дня тут будуць гадаваць юныя таленты, бо ў палацы размесціцца Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, краязнаўчы музей, а таксама канферэнц-зала для дзелавых і культурных сустрэч. 

Цётка і Эліза Ажэшка зацікавіліся артыкуламі ў “Сельскай газеце”

Яшчэ адной падзеяй адзначылася сёлета свята ў Шчучыне: упершыню тут узнагародзілі пераможцаў Першай нацыянальнай літаратурнай прэміі. На конкурс пададзена 45 твораў у розных жанрах. Журы выбрала лепшыя з іх. У выніку ў намінацыі “проза” першынство атрымаў Уладзімір Саламаха за кнігу аповесцяў “І няма шляху чужога”. Лепшым паэтычным творам прызнана кніга Тамары Красновай-Гусачэнка “Встреча”. Сярод аўтараў дзіцячай літаратуры перамагла Ганна Скаржынская-Савіцкая з кнігай казак “Надзейка-чарадзейка”. Шчучынцам асабліва прыемна было вітаць пераможцу ў гэтай намінацыі, бо яна іх зямлячка — нарадзілася ў вёсцы Куцы Лес Шчучынскага раёна. 

Лаўрэаты Першай нацыянальнай літаратурнай прэміі Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА, Міхаіл ШЫМАНСКІ, Дзяніс МАРЦІНОВІЧ, Уладзімір САЛАМАХА, Наталля ГОЛУБЕВА, Ганна СКАРЖЫНСКАЯ-САВІЦКАЯ

Лепшым публіцыстычным творам стала кніга Міхаіла Шыманскага “Мы этой памяти верны”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. У крытыцы і літаратуразнаўстве вызначыўся малады і перспектыўны аўтар Дзяніс Марціновіч. Яго кніга “Женщины в жизни Владимира Короткевича” пакінула за сабой астатніх намінантаў. Лепшы драматург 2014 года — Наталля Голубева за цыкл сцэнарыяў да праекта АНТ “Обратный отсчет”. Першае месца ў сёмай намінацыі, “дэбют”, журы на гэты раз вырашыла не прысуджаць. 

Моладзь выбірае беларускую літаратуру. Фота БелТА

І ЎСЁ ж асноўная частка свята — гэта не ўрачыстасці, а жывыя размовы чытачоў з пісьменнікамі, выдаўцамі і журналістамі. Задаць свае пытанні аўтарам можна было на літаратурных сустрэчах і аўтарскіх вечарынах, якіх прайшло дастаткова на пляцоўках у розных частках горада. А таксама на стэндах, дзе выдавецтвы і рэдакцыі газет прэзентавалі сваю прадукцыю. Не абмінулі чытачы і стэнд “Сельскай газеты”. 

Без сувеніра вярнуцца дадому немагчыма

Амаль першымі да нас у госці завіталі... Цётка і Эліза Ажэшка! Абедзве пісьменніцы і асветніцы, з імёнамі якіх непарыўна звязана шчучынская зямля, прызналіся карэспандэнту “СГ”, што на самай справе іх завуць Ганна Седунова і Вераніка Кузьміч. На свята яны прыехалі з Гродна, дзе ўдзельнічаюць у маладзёжным праекце “Жывая гісторыя”, мэта якога — прыцягваць увагу моладзі і падлеткаў да роднай гісторыі, зацікаўліваць ёю, адраджаць забытыя імёны, захоўваць культурныя здабыткі беларускага народа. Удзельнікі праекта ператвараюцца ў знакамітых асоб беларускай мінуўшчыны, і нават заводзяць ім акаўнты ў сацыяльных сетках. У выніку на старонцы гістарычнай асобы ў інтэрнэце можна пазнаёміцца з яе біяграфіяй, творамі, дасягненнямі. Такім чынам маладыя людзі “ажывілі” 11 славутых імёнаў, сярод якіх Леў Бакст, Людзвіг Заменгоф, Эліза Ажэшка, Алаіза Пашкевіч і іншыя. 

Даўні чытач нашай газеты Віталь Кміт, былы супрацоўнік Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства, а зараз пенсіянер, падзяліўся сваімі думкамі наконт таго, як зрабіць пашу больш багатай, зялёны корм больш карысным, і як вынік — павысіць прадукцыўнасць буйной рагатай жывёлы. 

АМАРЫЯ Краўцова з Шчучынскага раёна падвяла своеасаблівы вынік свята:

— Я з раніцы пабывала на некалькіх пляцоўках, убачыла, як радуюцца людзі, з якой цікавасцю яны ставяцца да ўсяго, што адбываецца навокал. Побач з дарослымі, сталымі людзьмі моладзь, і яна таксама слухае вершы паэтаў, чытае творы айчынных аўтараў. Я бачу шмат гасцей, якія завіталі да нас у госці: з навакольных вёсак, розных гарадоў Беларусі, розных краін свету, і мне робіцца спакойна за будучыню нашай краіны. Бо ў такога народа, які імкнецца жыць з усімі ў міры і ладзе, але пры гэтым захоўваць сваю нацыянальную годнасць, абавязкова ўсё будзе добра.

Юлія БАЛЬШАКОВА, “СГ”

bolshakova@sb.by

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter