Слова афіцэра, ці Як заслужыць каханне

Гісторыя пра тое, як лейтэнант Сяргей Яфімчык выконваў загад і знайшоў жонку-сібірачку, якая аказалася беларускайРасказваючы пра кіраўнікоў замежных суполак беларусаў, мы звычайна не акцэнтуем увагу на іх асабістым жыцці. І дарма! Гэта ж цікавая тэма, асабліва напярэдадні міжнароднага дня закаханых. І ўвогуле: нішто чалавечае нашым сацыяльна актыўным суайчыннікам з замежжа не чужое. Вельмі парадаваліся мы за шчаслівы паварот лёсу кіраўніка цюменьскай суполкі “Аўтаномія Беларусь” Сяргея Яфімчыка, калі пачулі ад яго гісторыю кахання. Дарэчы, спадар Сяргей — чалавек салідны з выгляду, з добрым гумарам, пазітыўным светаўспрыманнем. Можа, такі таму, што пашанцавала яму з жонкай? Ці з генеральскім вагонам, дзеля якога Сяргей Аляксандравіч гатоў быў… Але — аб усім па парадку.
Гісторыя пра тое, як лейтэнант Сяргей Яфімчык выконваў загад і знайшоў жонку-сібірачку, якая аказалася беларускай

Сяргей Яфімчык, як і абяцаў, нёс каханую на руках. 1987 годРасказваючы пра кіраўнікоў замежных суполак беларусаў, мы звычайна не акцэнтуем увагу на іх асабістым жыцці. І дарма! Гэта ж цікавая тэма, асабліва напярэдадні міжнароднага дня закаханых. І ўвогуле: нішто чалавечае нашым сацыяльна актыўным суайчыннікам з замежжа не чужое. Вельмі парадаваліся мы за шчаслівы паварот лёсу кіраўніка цюменьскай суполкі “Аўтаномія Беларусь” Сяргея Яфімчыка, калі пачулі ад яго гісторыю кахання. Дарэчы, спадар Сяргей — чалавек салідны з выгляду, з добрым гумарам, пазітыўным светаўспрыманнем. Можа, такі таму, што пашанцавала яму з жонкай? Ці з генеральскім вагонам, дзеля якога Сяргей Аляксандравіч гатоў быў… Але — аб усім па парадку.
Як трапіў сын настаўніцы беларускай мовы, што ў 1982-м закончыў у Гомелі школу з залатым медалём, у Цюмень? Праз Ленінград, дакладней — Ленінградскае вышэйшае ваеннае вучылішча чыгуначных войскаў і ваенных зносінаў. “Пашанцавала: матэматыку здаў на 5 і як медаліст адразу стаў курсантам”, — згадвае зямляк. У 86-м размеркавалі ў Сібірскую ваенную акругу, там атрымаў прызначэнне ў камендатуру ваенных зносін чыгуначнага ўчастка і станцыі Цюмень. З 1 верасня стажыраваўся на пасадзе памочніка ваеннага каменданта. “Яшчэ раз пашанцавала, бо трапіў у калектыў з даўнімі баявымі традыцыямі, што ідуць з 1935 года, — прадаўжае маёр запасу. — Камендантам аказаўся зямляк з Мазыра Міхаіл Фёдаравіч Ефімовіч, родавыя карані яго з Валаўска. Ён, дарэчы, пазней некаторы час і ўзначальваў суполку беларусаў Цюмені. У 86-м у камендатуры служылі яшчэ Мікалай Чыкіда з Гомельшчыны, Андрэй Ярэма з Гродна. З маім прыходам камендатуру, дзе было восем афіцэраў, заканамерна “ахрысцілі” беларускай.
Цяпер Святлана і Сяргей Яфімчыкі разам — гэта дуэт “Каханне”Лейтэнант Яфімчык, як кажуць, ірваўся ў бой, і на першым жа самастойным дзяжурстве яму яшчэ раз “пашанцавала”: паступіў загад прычапіць да састава пасажырскі вагон, у якім паедзе генерал, камандзір чыгуначнага корпуса. І былі там такія нюансы, што справа аказалася цяжкавырашальнай. Ды як там сцвярджаюць мудрыя: смелага куля баіцца, смелага штык не бярэ.
А Святлана, будучая жонка Сяргея, працавала ва ўпраўленні Цюменскага аддзялення Свярдлоўскай чыгункі пасажырскім аператарам: магла прычапіць той вагон, а магла і адчапіць... Гэта генералам здаецца, што яны ўсім кіруюць, а на самой-та справе мы ж ведаем, хто… Ведаў і малады афіцэр-беларус, а таму пайшоў прама на паклон да Святланы. “Папрасіў яе: дзяўчына, дапамажыце мне, калі ласка! — згадвае з добрай усмешкай Сяргей Аляксандравіч. — Прычапіце вагон! Калі не паедзе генерал, мне спагнанне будзе, а паедзе — я вас на руках занясу куды скажаце. (Ну дзівак: быццам не ведаў, які загад аддасць дзяўчына прыгожаму, халастому лейтэнату! — Аўт.) Дарэчы, Святлана ў той час выглядала як падлетак, маленькая. Я прыкінуў: рост пад 158, па вазе не больш за 40, памер адзення 42-44… Ну, думаю, дакладна панясу. Куды пажадае! Цэлы вечар і яшчэ паўночы бегаў, кантраляваў: то Святлану, то вагон... З’ехаў, дзякуй богу, генерал! А я закахаўся. Так і пачалі сустракацца. Святлана родам з мясцовага сяла Бутусава, закончыла Карасульскую школу, потым чыгуначнае вучылішча ў Ішыме. Хутка 30 гадоў, як працуе ў Цюменьскім аддзяленні, ужо на пасадзе вядучага інжынера”.
І было вяселле! І ён сапраўды нёс каханую на руках: з машыны ў сельсавет, а потым у вясковы дом, дзе бацькі Святланы ладзілі вяселле. “Распісваліся мы ў красавіку 87-га ў Бутусаве, вясна была ранняя і дружная, — згадвае Яфімчык. — На роспіс ехалі на УАЗіку: я ў вясельным касцюме і гумовых ботах па калена. А гразь была непралазная! Вось я нявесту ў рукі — і на роспіс, потым назад. На вяселле прылятала з Гомеля мама з сястрой, і мне на ўсё жыццё запомніліся яе словы: “Колькі гадоў на свеце пражыла, сынок, а такой гразёты век не бачыла”.
Неяк потым мама спытала ў яго: “Як так: столькі ў Беларусі дзяўчат, а ты сібірачку знайшоў?”. Так і не даведалася, бо памерла ў 1989-м, яшчэ ў савецкі час, што не проста так прыцягнуліся іх сэрцы. Аказваецца, Святланін родны дзед па матчынай лініі — Сямён Захаравіч Свіналуп з Віцебскай губерні, і нявестка яе таксама беларуска. А не прынята ж было пра тое ў сям’і казаць, бо дзеда з сям’ёй у 20-х рэпрэсавалі, саслалі з Ленінграда ў Сібір... Як, дарэчы, і тысячы іншых нашых суайчыннікаў.
У 2012-м у красавіку Сяргей са Святланай адзначылі сярэбраны юбілей: 25 гадоў яны разам. І быў зноў сапраўдны загс, і зноў надзелі яны заручальныя сярэбраныя пярсцёнкі, і гучаў марш Мендэльсона. Падзея мела грамадскі рэзананс, нават віншаванне было юбілярам ад кіраўніка адміністрацыі горада Цюмені Аляксандра Моора з уручэннем памятнага падарунка. Больш таго: беларускую сям’ю Сяргея і Святланы Яфімчыкаў занеслі ў Ганаровую кнігу юбіляраў Цюмені. А потым быў і рэстаран, дзе пад вясёлыя спевы народнага ансамбля беларускай песні “Лянок” танцавала не толькі вяселле, але і ўсе наведвальнікі. Дарэчы, Сяргей і Святлана — актыўныя ўдзельнікі ансамбля. Хораша спяваюць яны і дуэтам, які назвалі “Каханне”, у рэпертуары шмат беларускіх песень.
Вось так, дзякуючы генералу, які, пэўна, і не заўважыў, што “падарыў” маладому афіцэру каханую, стала магчымым іх шчасце. Зрэшты, важна яшчэ, што моцным аказалася слова афіцэра-беларуса Сяргея Яфімчыка. Як сказаў дзяўчыне: “Панясу” — так і зрабіў! Чым не прыклад для іншых, як трэба служыць Айчыне, выконваць загады ваеннага начальства любой цаной — і адначасова слухаць сваё сэрца, каб заслужыць сапраўднае каханне. “Мы са Святланай выгадавалі двое выдатных дзяцей: сына Дзмітрыя і дачку Дашу, — напісаў з Цюмені Сяргей Яфімчык. — Сын працуе, як і маці, на чыгунцы — кіроўцам, дачка — бухгалтарам у Ваенным інстытуце. Летась Даша выйшла замуж, зяць Аляксей. Так што працяг у гісторыі кахання абавязкова будзе: унукаў чакаем…”

Іван і Валянціна Ждановічы

На здымках:
Сяргей Яфімчык, як і абяцаў, нёс каханую на руках. 1987 год
Цяпер Святлана і Сяргей Яфімчыкі разам — гэта дуэт “Каханне”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter