Слодыч сапраўднага мастацтва

На IV беларускiм фестывалi мастацтваў “Мiрскi замак-2006”, якi праходзiў у Мiры ў мiнулыя выхадныя адначасова з III мiжнародным фестывалем сярэднявечнай культуры i музыкi, адбылася прэзентацыя сумеснага праекта Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь i СП ААТ “Спартак”. Прадстаўлялi не што iншае, як шыкоўна аздобленыя сувенiрныя цукеркi “Спадчына Беларусi”. На каробцы — акварэльныя малюнкi Мiрскага замка, а ўнутры — сюрпрыз: 12 каробачак з выявамi найлепшых i найвядомейшых гiстарычных будынкаў Беларусi i датамi iх заснавання. Праз некалькi дзён сувенiрны шакалад лепшых сартоў трапiць у крамы, i ўсе турысты змогуць набыць салодкi напамiн пра Беларусь. Я ж прывезла з Мiра некалькi “шакаладных” замалёвак. Пакаштуйце...

Кiндэр-шакалад
Падчас адкрыцця выставы мастакоў Гродзеншчыны — першага мерапрыемства праграмы фестывалю — дзяўчынка нiяк не магла ўстаяць на месцы, так ёй карцела патанчыць. I не дзiўна: на фестывалi, здавалася, нi на хвiлiнку не сцiхала музыка. То гучней, то цiшэй лёгкiя гукi сярэднявечнай флейты луналi ў мiрскiм паветры. Вядома, iнструментаў было намнога болей, i музыка была вельмi разнастайная: Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам народнага артыста нашай краiны прафесара Мiхаiла Фiнберга прадстаўляў творчасць сваiх камерных калектываў: ансамбляў флейтыстаў “Сiрынкс”, трубачоў — “Iнтрада”, кларнетыстаў, салiстаў на драўляных духавых iнструментах, а таксама камернага аркестра. I тут трэба асобна адзначыць, што ўвесь калектыў аркестра на чале з маэстра зрабiў усё, каб гэты фестываль адбыўся. Як i ўсе 68 папярэднiх фестываляў у малых гарадах Беларусi, якiя ладзiць аркестр Фiнберга.
Другое дзiцятка, якое застанецца для мяне адным з сiмвалаў фестывалю, трымала на руках мацi. I ў гэтым не было б нiчога дзiўнага, бо многiя прыехалi пагуляць па святочных вулiцах з дзецьмi, i ружовая салодкая вата была ў гэты дзень у дзесятках дзiцячых ручак. Аднак мацi гэтага немаўляткi была апранута ў сярэдневяковы строй i гуляла, напэўна, са сваёй мацi, таксама ў адметным старадаўнiм адзеннi. Мадонна з Мiра на фоне касцёла — з чыстай усмешкай i немаўляткам на руках...
А ў холе пасялковага Cавета чакала сустрэча з цэлым гуртом незвычайных дзяцей. Такiмi мне раней уяўлялiся навучэнцы сярэднявечнага калегiума: сiнiя аксамiтавыя касцюмчыкi, плашчы, берэты... На старадаўнiх iнструментах iграў дзiцячы ансамбль “Брэвiс” мiнскай СШ № 13.
Паветраны шакалад
На свяце было вельмi шмат рознакаляровых паветраных шароў, якiя пазней паляцелi ў высокае летняе неба. Гэтак жа знiклi i некаторыя мiфы пра Мiрскi замак — падчас навукова-практычнай канферэнцыi “Мiр у гiсторыi i культуры Беларусi”, якую наладзiла Нацыянальная акадэмiя навук. Напрыклад, пра абарончыя вартасцi тутэйшага замка. Кандыдат гiстарычных навук, старшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi Юрый Заяц зазначыў, што замак размяшчаецца не на вяршынi ўзвышша, як гродзенскi i наваградскi, а на яго схiле. Таму ён амаль пазбаўлены натуральнай аховы. На першым этапе галоўнай, безумоўна, усё ж такi была абарончая функцыя. Але пазней — альбо ў 20—30-я гады, альбо ў сярэдзiне ХVI стагоддзя — замак быў перабудаваны. У двары каля ўсходняй i паўночнай сцен будуецца палац, пакуль што аднапавярховы. Вучоны падкрэслiў, што якi б палац нi быў, яго стварэнне не магло не выклiкаць знiжэння абараназдольнасцi ахоўнiкаў замка, бо новая пабудова перакрыла доступ да байнiц нiжняга яруса дзвюх сцен. Пазней новыя ўладары дабудавалi яшчэ два паверхi палаца, якiя таксама перакрывалi доступ да сцен. Пры гэтым некаторыя байнiцы замянiлi шырокiмi вокнамi. Другi абарончы ярус часткова быў знiшчаны або закладзены цэглай. У еўрапейскiх замках пры пабудове палацаў унутры замка яго баявыя галерэi выкарыстоўвалiся як калiдор пакояў палаца. У Мiры гэта не было прадугледжана... Юрый Заяц прывёў яшчэ шмат фактаў для доказу думкi, што сумясцiць шыкоўную магнацкую рэзiдэнцыю i надзейны абарончы комплекс у Мiры не ўдалося. Гэта пацвярджаецца тым, што практычна пры кожнай вайне войска ворагаў авалодвала Мiрскiм замкам. I яшчэ адзiн цiкавы момант. На думку вучонага, меркаванне, што галоўнай абарончай сiлай замка былi гарматы ў вежах, — мiф. Адзiн з доказаў — гарматы, размешчаныя ў замку, разбуралi б драўляную падлогу пры аддачы пры выстрале. Калi ж гармата змяшчалася не на лафеце, а ў спецыяльным скрынепадобным станку, то для таго, каб яе перазарадзiць, “у артылерыйскай прыслузе замка павiнны былi б служыць карлсаны з прапелерамi i маторчыкамi”, пажартаваў навуковец. Таксама ў сярэднявечныя часы пры адсутнасцi ў вежах надзейнай вентыляцыi (а яе не было) i процiвагазаў ужо пасля першых выстралаў з-за задымленасцi артылерысты змушаны былi б дзейнiчаць навобмацак, а яшчэ пасля некалькiх залпаў ахоўнiкi загiнулi б без “дапамогi” ворага. Таму, верагодна, гарматы проста захоўвалiся ў вежах, а выкарыстоўвалi iх перад замкам.
Чорна-белы шакалад
Найлепшая слодыч — вячэрнi канцэрт “Дыялог супрацьлегласцей: джаз—харавая класiка”, у якiм удзельнiчалi бiг-бэнд Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi i Дзяржаўная акадэмiчная харавая капэла iмя Р.Шырмы. “Разынкай” канцэрта было тое, што народны артыст Беларусi, прафесар маэстра Мiхаiл Фiнберг i народная артыстка Беларусi Людмiла Яфiмава не ўзгаднялi праграму выступлення. Чароўнае гучанне джаза змянялi чыстыя гукi харавых спеваў... “Ave Maria” пры мурах Мiрскага замка... Прыгадаўся Колас:

Няслось вячэрняе маленне
Угару, святое аддаленне...
Вось такое таямнiчае яднанне не толькi рознай музыкi, але i чалавека з Сусветам адбылося пад небам Мiра.
А ў гэты час па другi бок абарончага вала моладзь пад сярэднявечную музыку наладзiла бой... падушкамi. Дакладней, многiя рыцары выкарысталi ў якасцi зброi скручаныя турысцкiя дыванкi. “Арно, пашлi двух, а лепей чатырох пехацiнцаў, трэба ўсталяваць апаратуру для канцэрта”. Вось так: сярэднявечныя пехацiнцы i сучасная апаратура. Супрацьлегласць на супрацьлегласцi.
Смак фестывалю не сапсавала нават “горкая плiтка”: уваход у Мiрскi замак быў закрыты — ва ўнутраным дворыку разбiралi стары брук, каб пакласцi новы. Рэстаўрацыйная работа кiпiць, хутка Мiрскi замак стане лепшым турыстычным аб’ектам краiны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter