Слоўнікі «дагналі» жыццё

НАН прадставіла новыя беларуска-рускі і руска-беларускі слоўнікі

Прэзентацыя новых трохтомных слоўнікаў — беларуска-рускага і руска-беларускага, якія выдадзены пад рэдакцыяй члена-карэспандэнта НАН Беларусі доктара філалагічных навук А.А. Лукашанца, адбылася ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На імпрэзе выступілі навукоўцы, прадстаўнікі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі». Сярод удзельнікаў урачыстасцей былі таксама навучэнцы мінскай гімназіі № 23, для якіх супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі віктарыну і ўзнагароджанне найбольш актыўных эрудытаў. Падрыхтавалі яны і выстаўку «Гісторыя і сучаснасць беларускага мовазнаўства ў выданнях Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі».

Адзначалася, што слоўнікі былі створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў адпаведнасці з Законам «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», і час для такой працы надышоў. Бо «Русско-белорусский словарь», якім мы карыстаемся, рыхтаваўся навуковымі супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР у складаных умовах ваеннага і пасляваеннага часу, і гэта адбілася на яго змесце. Амаль праз 60 гадоў ён выйшаў у новай рэдакцыі са значнымі змяненнямі: у беларускай частцы адлюстраваны арфаграфічныя новаўвядзенні; дадзены сучасныя ўласныя геаграфічныя найменні, у тым ліку замежныя; рэестр папоўнены словамі, якія трывала ўвайшлі ў моўную практыку.

«Беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы выйшаў у свет таксама даўно — 50 гадоў таму. І, зразумела, выданне 2012 года больш дакладна адлюстроўвае сучасны стан лексічнага фонду дзвюх блізкароднасных моў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter